Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліцэісты сталі жывым ланцугом ад рэстарацыі “Patio-Pizza” да Кастрычніцкага пляцу


Любоў Лунёва, Менск Паўсотні навучэнцаў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа ладзілі пікет на праспэкце Францыска Скарыны. Дзеці патрабавалі, каб ім вярнулі будынак на Кірава, 21.

Апоўдні ліцэісты падышлі да брамы зачыненага ліцэю, пастаялі некалькі хвілінаў і пайшлі на праспэкт Францішка Скарыны. Там яны сталі жывым ланцугом ад рэстарацыі “Patio-Pizza” да Кастрычніцкага пляцу. Усе трымалі плякаты. Сярод іх былі такія: “Нам патрэбны ўласны дах над галавой”, “Ці спыталіся ў дзяцей”, “Дзеці – не біямаса”, “Вярніце наш ліцэй!”. Да акцыі далучыліся некалькі бацькоў ліцэістаў.

Маці Кацярыны Раковіч, якая скончыла першы курс, патлумачыла сваю прысутнасьць на акцыі гэтак:

(Раковіч: ) “Мы прыйшлі сюды, каб даказаць, што гэты год мы адвучыліся і не шкадуем, што адвучыліся першы год у партызанскім ліцэі. Упэўненыя, што й другі год у нас таксама будзе добры. Цяпер у нас набіраецца першы курс, нягледзячы на тое, што ўлады спадзяюцца, што мы ня вытрымаем і разьбяжымся”.

Супрацоўнік міліцыі Ленінскага раёну пагражаў пікетоўцам затрыманьнямі. У адказ дзеці параілі яму пачытаць Канстытуцыю. Міліцыянт не чакаў такога павароту справы і адышоў параіцца з калегамі.

Навучэнцы другога курсу добра здалі тэсты. Агульны бал — 8,9. Таня Андрусовіч атрымала найвышэйшыя адзнакі:

(Тацяна: ) “Мы вельмі добра здалі тэсты, атрымалі добрыя адзнакі й сёньня для другога курсу будзе дыскатэка. Мы тут, каб паказаць, што неабыякава ставімся да лёсу свайго ліцэю. Мы за яго змагаемся. Трэба, каб людзі памяталі пра тое, што з намі зрабілі”.

Выкладчыкі й бацькі ліцэістаў вырашылі спачатку ўзнагародзіць дзяцей другога курсу дыскатэкай. Але потым вырашылі, што сьвята будзе для ўсіх. Мінакі, да якіх я зьвярталася, спачувалі дзецям і іх бацькам.

(Спадарыня: ) “Я толькі крыху ведаю пра гэта… Толькі тое, што іх зачынілі. Спачуваю, канечне. Спачуваю і бацькам і дзецям. Тым больш, што ў дзяцей такое імкненьне… Відаць, ім там было сапраўды добра”.

Студэнт зь Лібану ня можа зразумець, чаму ўлады не дазваляюць дзецям атрымаць адукацыю на роднай мове.

(Іншаземец: ) “Я думаю, што трэба вярнуць. Канечне, я лічу, што гэта няправільна, калі не даюць вучыцца на роднай мове”.

Многія абураюцца дзеяньнямі ўладаў, але амаль ніхто ня верыць, што калектыў ліцэю даб’ецца сваіх патрабаваньняў.

(Малады чалавек: ) “Я, наогул, не разумею сутнасьці гэтага канфлікту. Як дзяржава можа ўмешвацца ў працэс адукацыі?! Калі дзеці жадаюць вучыцца ў гэтым будынку? На жаль, у нашай краіне няма ніякага выйсьця. Таму я баюся, што ў сёньняшняй сытуацыі барацьба за свае правы нічога ня дасьць. Яшчэ ў нас не было ў гэтай справе шчасьлівага канца”.

Міліцыянты папярэдзілі дзяцей, што наступны раз, калі тыя будуць ладзіць пікет, абавязкова іх затрымаюць. Але дзеці адказалі, што усё роўна будуць пратэставаць. Два дні ліцэісты будуць маляваць каляровымі крэйдамі на ходніках сэрцайкі і лёзунгі, каб ім вярнулі ліцэй. 23 чэрвеня ўвесь калектыў правядзе Дзень здароўя ў Зялёным — спартовыя спаборніцтвы, віктарыны, конкурс песьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG