Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты парлямэнцкай групы "Рэспубліка" і актывісты апазыцыі заявілі пра спыненьне галадоўкі


Валер Каліноўскі, Менск Пасьля 18 дзён галадоўкі пратэсту пад лёзунгамі “Не — трэцяму тэрміну!”, “За свабодныя выбары!”, “Свабоду Марынічу!”, дэпутаты Валеры Фралоў, Уладзімер Парфяновіч, Сяргей Скрабец, а таксама актывісты АГП і БНФ заявілі пра спыненьне акцыі й пераход да іншых мэтадаў барацьбы за вольныя выбары, супраць беззаконьня.

Пр сваё рашэньне галадоўнікі абвесьцілі апоўдні, калі скончыліся 18 дзён з пачатку акцыі пратэсту. Гаворыць Валеры Фралоў:

(Фралоў: ) “Ацаніўшы ўсю сытуацыю, якая склалася на дзявятнаццаты дзень галадоўкі, мы прынялі рашэньне яе спыніць”.

На думку Валерыя Фралова, пэўных вынікаў галадоўнікам удалося дамагчыся, паколькі сёньня ім патэлефанавалі кіраўнікі камісіяў Палаты прадстаўнікоў і паведамілі, што заўтра на сэсіі будзе разглядацца іх законапраект. Дэпутаты Валеры Фралоў, Уладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец заўтра зьбіраюцца пайсьці ў Палату прадстаўнікоў, каб адстаяць свае прапановы ў справе зьмены Выбарчага кодэксу. Уладзімер Парфяновіч зазначыў, што група “Рэспубліка” не хацела бы, каб калегі-дэпутаты ацанілі іх галадоўку як ціск.

Да пазытыўных вынікаў галадоўкі пратэсту Валеры Фралоў аднёс міжнародную падтрымку ўдзельнікаў акцыі, кансалідацыю актыўных і канструктыўных сілаў Беларусі, актывізацыю беларускага грамадзтва.

(Фралоў: ) “У маёй кватэры, там, дзе мы знаходзіліся, пабывалі лідэры шматлікіх рухаў, адбываліся двухбаковыя, шматбаковыя сустрэчы… Я думаю, што адбылася вельмі сур’ёзная кансалідацыя”.

Акрамя іншага, на думку Фралова, галадоўнікам “удалося прыцягнуць увагу да падрыхтоўкі да неканстытуцыйнага рэфэрэндуму наконт працягу паўнамоцтваў Лукашэнкі”.

(Фралоў: ) “Ад галадоўкі мы пераходзім да далейшых дзеяньняў, больш актыўных, мы па-ранейшаму настойваем на выкананьні нашых патрабаваньняў. Нельга губляць часу, яго засталося да 21 ліпеня вельмі мала. Мы пачынаем другі этап нашай дзейнасьці”.

Валеры Фралоў да наступных этапаў дзеяньняў сваёй групы аднёс падрыхтоўку да народнага сходу 21 ліпеня з ацэнкай вынікаў 10 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, арганізацыю народнага руху “За справялівыя выбары”. Групу “Рэспубліка” цалкам падтрымалі прадстаўнікі АГП і БНФ, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы пратэсту. У прыватнасьці, Віктар Івашкевіч лічыць: галоўная праблема ў тым, што пераважная большасьць грамадзтва, якая не задаволеная сваім жыцьцём і кіраўніцтвам краіны, ня бачыць альтэрнатывы.

(Івашкевіч: ) “Я думаю, што паваротным момантам можа быць парлямэнцкая выбарчая кампанія, калі тысячы валанцёраў выбарчых камандаў пойдуць па кватэрах, да тых людзей, якія, на жаль, не чытаюць сёньня дэмакратычнай прэсы. Калі гэтыя тысячы людзей цягам жніўня-верасьня абыдуць мільёны кватэраў, то я думаю, паварот адбудзецца. Калі большасьць людзей даведаецца, што яна большасьць”.

Нэгатыўным вынікам акцыі дэпутат Сяргей Скрабец лічыць поўнае ігнараваньне патрабаваньняў дэпутатаў з боку кіраўніцтва парлямэнту і краіны. Ніхто нават не пацікавіўся станам дэпутатаў-галадоўнікаў.

(Скрабец: ) “Гэтага не адбылося, прорва, якая нас падзяляе і нашыя погляды, стала яшчэ шырэйшая і большая”.

Да іншых нэгатыўных вынікаў акцыі Сяргей Скрабец аднёс поўнае замоўчваньне ў дзяржаўных СМІ.

(Скрабец: ) “Так ужо павялося, што калі ўлада нешта замоўчвае, то народ больш верыць і цікавіцца гэтым”.
XS
SM
MD
LG