Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КГБ Беларусі дэпартаваў ва Ўкраіну намесьніка галоўнага рэдактара беларускай недзяржаўнай газэты “Время” Міхаіла Падаляка


Альгерд Невяроўскі, Менск Улады Беларусі дэпартавалі 21 чэрвеня грамадзяніна Ўкраіны, намесьніка галоўнага рэдактара беларускага недзяржаўнага тыднёвіка “Время” Міхаіла Падаляка. КГБ абвінавачвае яго ў стварэньні пагрозы нацыянальнай бясьпецы Беларусі. Міхаіл Падаляк лічыць, што прычынай яго дэпартацыі сталі артыкулы пра магчымую замену Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта, апублікаваныя ў газэце “ Время”. Спадар Падаляк сказаў, што не зьбіраецца спыняць сваёй дзейнасьці нават і ва Ўкраіне.

А 7-й гадзіне раніцы ў панядзелак у менскую кватэру Міхаіла Падаляка прыйшлі некалькі супрацоўнікаў Управы аховы канстытуцыйнага ладу КГБ і пашпартна-візавай службы Міністэрства ўнутраных справаў. Яны заявілі, што Міхаіл Падаляк пагражае нацыянальнай бясьпецы Беларусі й прынятае рашэньне аб ягонай дэпартацыі. Грамадзяніну Ўкраіны Міхаілу Падаляку далі некалькі хвілінаў, каб сабраць самыя неабходныя рэчы, пасьля чаго адвезьлі ў галоўны будынак Камітэту дзяржбясьпекі.

Распавядае жонка Міхаіла Падаляка Ірына:

(Ірына Падаляк: ) “Цягам 15 хвілінаў ён сабраўся і пайшоў. Калі мы захацелі патэлефанаваць па хатнім тэлефоне людзям, у нас гэты тэлефон забралі. Мы не маглі ні з кім зьвязацца. Калі яны прыйшлі, то найперш папрасілі пашпарт Міхаіла. У яго адразу забралі від на жыхарства і сказалі, што ён будзе ануляваны”.

(Карэспандэнт: ) “ У чым, на вашую думку, рэальная прычына дэпартацыі вашага мужа?”

(Ірына Падаляк: ) “Ну, відаць, ён насамрэч пагражае нацыянальнай бясьпецы. Страх, рэальная прычына — гэта страх”.

Празь некалькі гадзінаў Міхаіл Падаляк у суправаджэньні афіцэраў КГБ быў дастаўлены на чыгуначны вакзал і пасаджаны ў цягнік Менск–Адэса. Супрацоўнікі спэцслужбаў, якія вывозілі спадара Падаляка ва Ўкраіну, не пускалі да яго ў купэ журналістаў, акрамя здымачнай групы Беларускага тэлебачаньня. Але мне ўсё ж удалася падысьці да купэ і спытаць у Міхаіла Падаляка, якаясапраўдная прычына ягонай дэпартацыі.

Гаворыць Міхаіл Падаляк:

(Падаляк: ) “За тое, што мы хочам, каб заўтра Беларусь была свабоднай. Я вам скажу так: мы будзем выпускаць газэту “Время” незалежна ад таго, дзе я буду знаходзіцца. Праблемы межаў для гэтага не існуе. Хлопцы, якія вырашылі мяне адсюль выправадзіць, наадварот, зрабілі добрую справу. Я ўсё ж такі трымаўся пэўных рамак і не называў злачынцамі тых, хто фармальна не фігуруе ў крымінальных справах. Цяпер я магу называць іх злачынцамі”.

У Цэнтры інфармацыі й грамадзкіх сувязяў КГБ патлумачылі, што Міхаіл Падаляк дэпартаваны на падставе артыкулу закону “Аб прававым становішчы іншаземных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі”. Рашэньне аб дэпартацыі падпісалі старшыня КГБ Леанід Ерын і генпракурор Віктар Шэйман.

Паводле супрацоўнікаў КГБ, Міхаіл Падаляк ёсьць арганізатарам выпуску газэты “Время”, у якой нібыта публікаваліся матэрыялы з заклікамі да кансалідацыі радыкальнай апазыцыі з мэтай супрацьдзеяньня дзяржаўным органам Беларусі. На думку прадстаўнікоў спэцслужбаў, дзейнасьць Падаляка магла прывесьці да дэстабілізацыі палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Міхаілу Падаляку забаронены ўезд у Беларусь цягам пяць гадоў.

Аднак жонка Міхаіла Падаляка, а таксама галоўны рэдактар газэты “Время” Павал Жук і адвакат Павал Сапелка зьбіраюцца абскарджваць рашэньне аб дэпартацыі ў судзе. Гаворыць Павал Жук:

(Жук: ) “Гэта чарговыя санкцыі ўладаў супраць свабоднай прэсы. Мы пададзім у суд, абскардзім іхнае рашэньне і паспрабуем вярнуць Міхаіла сюды дадому. І будзем выдаваць газэту”.

За справай Міхаіла Падаляка сочаць і ва ўкраінскай амбасадзе ў Менску, але канкрэтнага рашэньня аб рэагаваньні дыпляматы яшчэ не прынялі.

32-гадовы грамадзянін Украіны Міхаіл Падаляк жыве ў Беларусі каля 15 гадоў. Ягонай журналісцкай спэцыялізацыяй ёсьць аналітыка і дасьледаваньні ў справе ўзаемаадносінаў вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў. Апошнім часам ён распрацоўвае тэму магчымай замены Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта. Ва Ўкраіне ў Міхаіла Падаляка жывуць бацькі.

Міхаіл Падаляк стаў чацьвертым журналістам, дэпартаваным зь Беларусі. У 1997 і 2003 гадах зь Беларусі былі дэпартаваныя карэспандэнты расейскага тэлеканалу НТВ Аляксандар Ступнікаў і Павал Селін, а ў 2001 годзе — чэскі журналіст Міхал Плавец.
XS
SM
MD
LG