Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Rzeczpospolita”: галадоўка – гэта сродак абудзіць беларускае грамадзтва


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “19 дзён галадоўкі” – такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары аўтарытэтнага польскага штодзёньніка “Rzeczpospolita”. Газэта піша, што галадоўка дэпутатў ёсьць ня столькі не актам адчаю, колькі спробай абудзіць грамадзтва і аб’яднаць апазыцыю.

“У тым, якія вынікі прынясе нашая галадоўка, можна будзе пераканацца ўжо праз месяц. Час зьмяніць форму змаганьня з рэжымам Лукашэнкі і перайсьці да актыўных дзеяньняў. Ад панядзелку мы пачынаем падрыхтоўку да масавай акцыі пратэсту, якая адбудзецца 21 ліпеня – у гадавіну знаходжаньня Лукашэнкі пры ўладзе”, – заявіў польскаму штодзёньніку дэпутат Валеры Фралоў.

“Такім чынам”, – піша “Rzeczpospolita”, – “галадоўку дэпутатаў і актывістаў палітычных партыяў, якая трывае ўжо амаль тры тыдні, належыць разглядаць ня столькі як акт адчаю, каб змусіць улады да зьменаў у выбарчым заканадаўстве, але перадусім як спробу абудзіць грамадзтва і аб’яднаць апазыцыю”.

Далей польскі штодзёньнік адзначае, што паводле галадоўнікаў, запалоханыя адміністрацыяй прэзыдэнта дэпутаты палаты прадстаўнікоў наўрад ці ўхваляць зьмены ў выбарчым заканадаўстве, але галоўнае, каб гэтую ініцыятыву падтрымалі людзі.

“Дэпутаты мяркуюць, што дзякуючы галадоўцы і супрацоўніцтву з АГП і БНФ, у іх атрымаецца зарганізаваць акцыю пратэсту, у якой узялі б удзел прынамсі 30-40 тысячаў беларусаў”, – піша “Rzeczpospolita”.

Напырканцы матар’ялу “19 дзён галадоўкі” аўтар адзначае, што адзінай рэакцыяй кіраўніка Беларусі на акцыю пратэсту быў загад не выплачваць заробкаў дэпутатам, якія бяруць у ёй удзел.
XS
SM
MD
LG