Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Sueddeutsche Zeitung”: Сябры ПА АБСЭ ад Нямеччыны рыхтуюць адмысловую рэзалюцыю па Беларусі


Ул. інф. “Прадстаўнікі ПА АБСЭ ад Нямеччыны патрабуюць ад афіцыйнага Менску неадкладна спыніць зьдзекі з апазыцыі ды даць гарантыі празрыстыстай выбарчай кампаніі для ўсіх палітычных сілаў Беларусі”, — піша газэта “Sueddeutsche Zeitung”, цытуючы праект рэзалюцыі нямецкіх парлямэнтароў да заплянаванага на пачатак ліпеня эдынбургскага паседжаньня ПА АБСЭ.

У размове з карэспандэнтам “Sueddeutsche Zeitung” дэпутатка Бундэстагу ад ХДС Клаўдыя Ноле, у мінулым міністар нямецкага ўраду, назвала Беларусь апошняй дыктатурай на эўрапейскай зямлі: тут людзі пазбаўленыя дэмакратычных правоў, мэдыi падкантрольныя ўладам. Тыя ж, якія адважваюцца пярэчыць, сутыкаюцца з жорсткім перасьледам. Што да будучых парлямэнцкіх выбараў, то, паводле спадарыні Ноле, якая нядаўна наведала Беларусь, усе выбарчыя ўчасткі будуць кантралявацца чыноўнікамі Лукашэнкі.

Разам са сваімі калегамі па Бундэстагу Клаўдыя Ноле выказвае поўную падтрымку патрабаваньням беларускіх галадоўнікаў. Нямецкія парлямэнтары ў сваім, адмыслова падрыхтаваным да эдынбургскага паседжаньня дакумэнце, выказваюць шкадаваньне, што Беларусь у якасьці палітычнага курсу абрала самаізаляцыю і зьвяртаюць увагу іншых сябраў АБСЭ, што пасьля пашырэньня Эўропы на ўсход таталітарная Беларусь стала суседам ЭЗ.

Паводле спадарыні Ноле, было бы вельмі важна, калі бы ЭЗ, скарыстаўшы супрацоўніцтва з Расеяй, аказаў сумесны ціск на Лукашэнку, — піша “Sueddeutsche Zeitung”.

Міжнароднай салідарнасьці зь беларускімі галадоўнікамі прысьвечаныя публікацыі і ў іншых нямецкіх выданьнях.

Журналіст “Frankfurter Allgemeine Zeitung” піша пра тое, як невялікую менскую кватэру, у якой беларускія апазыцыянэры праводзілі галадоўку, наведвалі шматлікія замежныя дыпляматы. Кіраўнік офісу АБСЭ Эбэргард Гайкен пабываў тут адразу пасьля таго, як пачаўся страйк. Францускі і амэрыканскі амбасадары выказалі сваю падтрымку акцыі пратэсту. Дзеяньні й патрабаваньні галадоўнікаў выклікалі сымпатыю парлямэнтароў Даніі і Нямеччыны.

Што да стаўленьня да галадоўкі ў самой Беларусі, то нямецкі журналіст прыводзіць словы сваёй калегі зь “Белоруссклй деловой газеты” Сьвятланы Калінкінай: па-за Менскам, у беларускай правінцыі, пра акцыю ведаюць нямногія. Галадоўка ёсьць тэмай нямногіх недзяржаўных выданьняў. Дзяржаўныя СМІ пра яе не паведамляюць нічога.

Нямецкая “Frankfurter Allgemeine Zeitung” піша таксама і пра фізычны стан галадоўнікаў у апошнія дні акцыі. І ў Фралова, і ў Парфяновіча, і ў Багдановіч здароўе аб’ектыўна пагоршылася, а таму многія іхныя сябры і калегі настойвалі на спыненьні акцыі. У любым выпадку дэпутаты-галадоўнікі разьлічваюць узяць удзел у паседжаньні парлямэнту, дзе будзе разглядацца пытаньне аб зьменах у Выбарчым кодэксе. Тое, што гэтыя зьмены будуць унесеныя, група “Рэспубліка” сумняецца. Лукашэнка не адмовіцца ад улады. Які гэта будзе шлях — праз рэфэрэндум альбо праз новую канстытуцыю — пакуль невядома. У любым выпадку Лукашэнка заўсёды выставіць сваю кандыдатуру, калі яго, як ён кажа, “народ пакліча”, — піша “Frankfurter Allgemeine Zeitung”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG