Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каляндар Свабоды – 20 і 21 чэрвеня


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 20 і 21 чэрвеня.

Спачатку – пра гістарычныя даты ўчорашняе нядзелі.

20 чэрвеня 1531 году Слонім атрымаў магдэбурскае права. Гэта азначае, што слонімцы самі сталі выбіраць гарадзкое кіраўніцтва.

20 чэрвеня 1566 году нарадзіўся Жыгімонт ІІІ Ваза, вялікі князь літоўскі, кароль Польшчы й Швэцыі. Зь імем гэтага манарха ў беларускай гісторыі зьвязаныя эпахальныя дасягненьні й падзеі. Менавіта Жыгімонт ІІІ зацьвердзіў Статут Вялікага Княства Літоўскага – на той час самы перадавы звод законаў у Эўропе. Менавіта Жыгімонт ІІІ горача падтрымаў царкоўную вунію – гэта значыць, аб’яднаньне праваслаўных і каталікоў у адну царкву. А яшчэ Жыгімонт Ваза скіраваў нашых продкаў на дзьве інтэрвэнцыі ў Маскоўскае княства, у выніку якіх на два гады ў расейцаў была адабраная Масква, а ў абшары Вялікага княства вернуты Смаленск. Больш за трыццаць гадоў панаваньня Жыгімонта ІІІ сталіся той самай эпохаю, у часе якое адбыліся калясальныя культурныя й палітычныя зьмены, што прадвызначылі аблічча нашага краю на стагодзьдзі.

20 чэрвеня 1843 году нарадзіўся Хведар Стравінскі, опэрны сьпявак, бацька славутага кампазытара Ігара Стравінскага. Стравінскі-старэйшы прыйшоў на сьвет у маёнтку Новы Двор Рэчыцкага павету. У Мазыры ён скончыў гімназію, дзе сьпяваў у студэнцкіх спэктаклях, пасьля выправіўся ў Пецярбурскую кансэрваторыю, дзе і пачалася ягоная прафэсійная кар’ера.

Мастак Гаўрыла Вашчанка – зямляк Стравінскага. Ён – зь вёскі Чыкалавічы Брагінскага раёну. Але сваю прафэсійную кар’еру ён зрабіў на радзіме. А нарадзіўся народны мастак Беларусі Вашчанка 20 чэрвеня 1928 году.

Спаміж знакамітых людзей, чыё нараджэньне прыпадае на сёньняшні дзень, 21 чэрвеня – два небеларусы, якія прысьвяцілі свой жыцьцёвы чын нашай краіне. Гэта француз Жан Жылібэр, які заснаваў у Горадні мэдычную акадэмію, а таксама першы ў гісторыі Рэчы Паспалітай батанічны сад на рэчцы Гарадніцы, рэшткі якога можна пабачыць і сёньня. Нарадзіўся Жылібэр у 1741 годзе. Таксама 21 чэрвеня адзначыць свае народзіны ангелец Арнольд Макмілін, дасьледнік беларускае мовы й літаратуры, чые кнігі не маглі перавыдавацца ў Беларусі за савецкім часам, бо пісаў іх аўтар, не скаваны цэнзурнымі рамкамі. А нарадзіўся ён роўна праз трыста гадоў пасьля француза Жылібэра, у 1941 годзе.
XS
SM
MD
LG