Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19-ы дзень галадоўкі: галадоўнікі зьбіраюцца спыняць галадоўку?


Алесь Дашчынскі, Менск Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец, Уладзімер Парфяновіч, а таксама шасьцёра актывістаў АГП і БНФ cёньня, 21 чэрвеня, на адмысловай нарадзе вызначаць дату спыненьня палітычнай галадоўкі, якая працягваецца дзевятнаццаты дзень.

Старшыня Менскай абласной арганізацыі АГП Марына Багдановіч, якая правяла ноч дома ў сувязі з пагаршэньнем стану здароўя, сёньня зноў прыехала на кватэру з галадоўнікамі й выпіла шклянку вады. Спадарыня Марына вырашыла не спыняць палітычнай галадоўкі.

(Багдановіч: ) “Я не спыніла галадоўку, хаця ўчора мне доктар сказаў неабходна адназначна спыняць, бо стан здароўя нядобры. Сапраўды, было вельмі дрэнна. Нават калі цяпер я падымаюся з ложка мне становіцца цёмна ў вачох і я баюся страціць прытомнасьць. Сёньня мне проста не дазволіла сумленьне. Калі я думаю, што хлопцы тут сядзяць галодныя, а я там пачну піць сокі, выходзіць з галадоўкі, проста не змагла гэта зрабіць. Я сёньня пабуду тут колькі змагу, а потым зноў ляжаць у ложку. Адзінае, мне патрэбны цішыня, спакой і яго тут немагчыма дабіцца, і таму вечарам мне давядзецца зноў паехаць дахаты”.

Заўтра Марына Багдановіч возьме ўдзел у адмысловым пасяджэньні на кватэры дэпутата Валерыя Фралова, на якім будзе вырашацца пытаньне аб даце спыненьня палітычнай галадоўкі. Яна лічыць, што ў любым выпадку ў сувязі са здароўем ня зможа працягваць яе больш за адзін-два дні.

(Багдановіч: ) “Самае асноўнае, чаго мы хацелі дамагчыся, мы дамагліся. Гэта пайшло праз сродкі масавай інфармацыі. Многія людзі па-іншаму паглядзелі на сытуацыю. Першы маленькі выбух адбыўся”.

Паводле Валерыя Фралова заўтра ў першай палове дня будзе прынятае канчатковае рашэньне наконт спыненьня ці працягу палітычнай галадоўкі.

(Фралоў: ) “Мы пераканаліся што ўлады плююць ня толькі на нас, але і на выбаршчыкаў. За 18 дзён галадоўкі ўлада магла знайсьці спосабы ўзаемадзеяньня, кантактаў. Калі яна плюе, мы проста яшчэ раз пераканаліся, што гэтая ўлада бязмозглая, беспэрспэктыўная, ня здольная аналізаваць сытуацыю, прымаць адэкватныя рашэньні. Чакаць ад яе нейкіх дзеяньняў па ўліку нашых патрабаваньняў – гэта праблематычна, таму патрэбна пераходзіць да іншых больш актыўных дзеяньняў. Тым больш у нас сплянаваны проста калясальны аб’ём працы”.

Дэпутаты-галадоўнікі мусяць падключыцца да падрыхтоўкі палітычнай акцыі 21-га ліпеня. Ва ўмовах набліжэньня парлямэнцкіх выбараў і магчымага рэфэрэндуму аб падаўжэньні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, яны мяркуюць наведаць каля 26 гарадоў, актыўна папрацаваць у Менску. Дык ці вычарпала сябе палітычная галадоўка? Гэтае пытаньне да намесьніка старшыні партыі БНФ Віктара Івашкевіча.

(Івашкевіч: ) “Трэба ўключаць іншыя формы барацьбы, каб да іх мелі магчымасьць далучыцца дзесяткі тысяч людзей, якія абудзіліся да грамадзкай актыўнасьці ў выніку гэтай галадоўкі й тая кампанія, якая можа іхныя сілы ўвабраць – гэта ёсьць выбарчая кампанія, якая будзе абвешчана ў сярэдзіне наступнага месяца. І ў гэтым сэнсе, я думаю, галадоўку патрэбна сканчаць у найбліжэйшыя дні.”
XS
SM
MD
LG