Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьвёра з катаў амэрыканца Пола Джонсана забітыя, яшчэ 12 арыштаваныя


Ганна Соусь, Прага У Савудаўскай Арабіі экстрэмісты “Арганізацыі “Аль-Кайда” на Арабійскай паўвыспе” пакаралі сьмерцю амэрыканскага закладніка Пола Джонсана. Савудаўскія ўлады паведамляюць, што сілы бясьпекі краіны забілі чатырох баявікоў-ісламістаў, у тым ліку лідэра арганізацыі Абдулазіза Аль-Мукрына.

Савудаўскае тэлебачаньне паказала кадры, зь якіх выплывае, што ўчора ўвечары ў выніку перастрэлкі быў забіты лідэр “Аль-Кайды” ў Савудаўскай Арабіі й яшчэ тры баявікі – гэта адбылося пасьля таго, як было знойдзена цела забітага амэрыканскага інжынэра Пола Джонсана. Дзяржаўнае тэлебачаньне паведамляе пра арышт яшчэ 12 чальцоў групоўкі.

Учора “Арганізацыя “Аль-Кайда” на Арабійскай паўвыспе” заявіла пра пакараньне сьмерцю Пола Джонсана праз адсячэньне галавы. Адпаведныя фотаздымкі зьявіліся на адным зь ісламісцкіх вэб-сайтаў. Паводле меркаваньняў назіральнікаў, забойства Аль-Мукрына ёсьць удалым крокам Савудаўскага ўраду, хаця сама ягоная групоўка гэта абвяргае. Улады гэтай краіны цяпер знаходзяцца пад ціскам міжнароднай супольнасьці, якая патрабуе спыніць напады на жыхароў заходніх краінаў у Савудаўскай Арабіі. Аль-Мукрын быў найбольш шуканым у гэтай краіне лідэрам Аль-Кайды. Ён узяў на сябе адказнасьць за страляніну й хваляваньні ў горадзе Хобар, падчас якіх былі забітыя 22 чалавекі.

Амэрыканскага інжынэра Пола Джонсана скралі тыдзень таму ў сталіцы Савудаўскай Арабіі Эр-Рыядзе. У аўторак выкрадальнікі выступілі з пагрозай, што заб’юць Джонсана, калі савудаўскія ўлады ня вызваляць некалькі сотняў ісламскіх паўстанцаў, аднак Рыяд адмовіўся весьці перамовы з тэрарыстамі.

Сьмерць амэрыканскага закладніка выклікала хвалю асуджэньня ва ўсім сьвеце. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што забойцы-экстрэмісты не запалохаюць Амэрыку.

(Джордж Буш: ) “Ня можа быць ніякага апраўданьня забойству. Да таго ж, яны забілі яго без усялякага хваляваньня. І гэта гаворыць пра тое, што мы павінны перасьледаваць гэтых людзей і аддаць іх пад суд раней, чым яны зробяць шкоду іншым амэрыканцам”.

У Вашынгтоне дарадца Савудаўскага МЗС Адэль Аль-Джубэйр выказаў шкадаваньні з нагоды забойства амэрыканскага закладніка. Выступаючы на саміце Эўразьвязу ў Брусэлі брытанскі прэм’ер Тоні Блэр заявіў, што ЗША і іх хаўрусьнікі павінны цьвёрда выступіць супраць тэрарыстаў.

(Блэр: ) “Людзі, якія могуць зрабіць такое – ня тыя, зь кім мы можам весьці перамовы. Гэта людзі, якіх мы павінны проста перамагчы. І менавіта дзеля дасягненьня гэтай мэты мы й працуем разам з Амэрыкай і іншымі нашымі хаўрусьнікамі”.

Амэрыканская амбасада ў Савудаўскай Арабіі параіла амэрыканцам пакінуць гэтую краіну. Аднак дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл учора выказаў спадзяваньне, што замежныя грамадзяне застануцца ў Савудаўскай Арабіі, таму што іх ад’езд баявікі палічылі б сваёй перамогай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG