Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вільня адзначыла 80-годзьдзе Быкава прэм’ерай дакумэнтальнага фільму аб ім


Тацяна Поклад, Вільня У Вільні адбылася гарадзкая вечарына памяці Васіля Быкава, а таксама прэм’ера дакумэнтальнага фільму рэжысэра Віктара Корзуна “Васіль Быкаў. Вяртаньне”.

Ініцыятыўная група, якая рыхтавала вечар, складалася з прадстаўнікоў розных нацыянальных культураў Вільні, шэрагу грамадзкіх арганізацыяў. Беларускія суполкі, якія ініцыявалі вечарыну, ладзілі імпрэзу ня толькі і ня столькі для беларускай грамады, а для ўсёй Вільні. Гучалі беларуская, расейская, літоўская мовы. Вядучым быў Пранас Моркус – публіцыст, сцэнарыст, сябра Саюзу кінэматаграфістаў Літвы, актыўны культурны дзеяч.

У імпрэзе бралі ўдзел літаратары зь Беларусі й Літвы. Зь Фінляндыі прыехаў паэт Уладзімер Някляеў. Для Віленскай чытацкай аўдыторыі каштоўнымі былі расповеды пра апошнія публікацыі са спадчыны Васіля Быкава, якія цяпер стала зьяўляюцца ў незалежным часопісе Дзеяслоў. Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч распавёў пра пляны перакладу невядомых раней твораў Васіля Быкава на літоўскую мову.

(Пашкевіч: ) “Я думаю сустрэцца з кіраўніком Саюзу пісьменьнікаў Літвы спадаром Ёнасам Ліняўскасам. Яшчэ год таму ў нас была дамова аб творчым супрацоўніцтве. Спадзяемся, што Саюз паспрыяе папулярызацыі спадчыны Васіля Быкава, і самае галоўнае – перакладу сучасных твораў Васіля Быкава на літоўскую.”

У Беларусі мала ведаюць, як высока цэняць творчасьць Васіля Быкава ў Літве, наколькі запатрабаваныя тут яго кнігі. Альгімантас Антанавічус, перакладчык твораў Васіля Быкава на літоўскую мову, распавёў пра звычайных людзей зь Літвы, з правінцыі, якія пішуць яму – дзеляцца думкамі, просяць даслаць кнігі Быкава. Чытач з Марыямпалю, пэнсіянэр, даслаў санэт, прысьвечаны Васілю Быкаву. Аб аўтары санэта кажуць, што ён “толькі Быкава і чытае. Перачытаў усё, што знайшоў…”

Сам Альгімантас Антанавічус кажа, што не прапусьціў ніводнае перадачы Радыё Свабода з успамінамі Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”, а пасьля атрымаў і кнігу – цяпер ён гатовы перакладаць яе на літоўскую.

Галоўнай падзеяй вечарыны стаўся дакумэнтальны фільм “Васіль Быкаў. Вяртаньне” (Рэжысэр В.Корзун, Таварыства вольных творцаў “Віва Футура”). Патрабавальная віленская аўдыторыя ўспрыняла гэты паказ як падарунак, за які стваральнікам фільму дзякавалі шчыра, часам нават са сьлязьмі на вачах. “Гэта самы ўдалы, самы лепшы фільм пра Быкава з усіх, што я бачыў”, сказаў паэт Уладзімер Някляеў.

(З гукавай стужкі фільму: ) “Летам 2003 году беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў пасьля 5 гадоў эміграцыі вярнуўся ў Беларусь… 22 чэрвеня 2003 Беларусь вярнулася да Быкава.”

У фільме дакумэнтальныя кадры з дня пахаваньня суправаджае маналёг самога Васіля Быкава, яго апошняе зьнятае на відэа інтэрвію.

(Рэжысэр Віктар Корзун: ) “Ідэя зрабіць відэашэраг з дня пахаваньня і закадравы тэкст з інтэрвію самога Быкава зьявілася ў Вільні, дзесьці ўвосені мінулага году. Проста тэкст “паклаўся” на драматургію самае падзеі”.

Дзякуючы гэтаму тэхнічнаму прыёму голас Васіля Уладзіміравіча Быкава стаўся неад’емнай часткай фільму.

(Голас Васіля Ўладзімеравіча Быкава з гукавай стужкі фільму: ) “Чалавек, як i кожная жывая iстота ад Бога, нараджаецца свабодным. Ад нараджэньня закладваецца ў чалавека інстынкт свабоды. I таму, як бы нi складвалася далейшае iснаваньне гэтай iстоты, заўсёды ў iм застаецца ў той цi iншай меры iнстынктыўнае iмкненьне да свабоды”.

Глядач чуе словы Васіля Быкава пра беларускую нацыю – словы “пэсыміста”, які “прагне, каб ягоны пэсымізм быў абвергнуты” – і бачыць мора людзей, кветак, бел-чырвона-белых сьцягоў: Беларусь вяртаецца да Быкава.

(Голас Васіля Ўладзіміравіча Быкава з гукавай стужкі фільму: ) “Нецярплівасьць апалягетаў беларускасьці, “апосталаў”, зьяўляецца момантам адмоўным. Гэта якасьць нядобрая. Бо за вялікім імпэтам і вялікай нецярплівасьцю ідзе ня меншае расчараваньне, ня меншая катастрофа, каторая перажываецца нацыяй вельмі балюча. Таму нецярплівасьць – ня самая лепшая беларуская якасьць характару. Трэба запасьціся цярпеньнем. І за кожнай няўдалай спробай бачыць наступную, і зьбіраць для яе сілы”.
XS
SM
MD
LG