Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вядомыя беларусы пра Быкава: “Ён заўсёды гаварыў праўду”.


Альгерд Невяроўскі, Менск У дзень 80-годзьдзя Васіля Быкава да яго магілы прыйшло шмат вядомых у Беларусі людзей. У асноўным гэта – сябры й знаёмыя пісьменьніка: былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка, пісьменьнікі Леанід Дранько-Майсюк, Валянцін Тарас, кінасцэнарыст Уладзімер Халіп. Кім быў для іх Васіль Быкаў?

(Станіслаў Шушкевіч: ) “Беларусь яшчэ да сьмерці надоўга фізычна разьвіталася з Быкавым. І пасьля яна знайшла Быкава, калі ён вярнуўся сюды. І ня ўсе тут разумелі, што да чаго, і вельмі цешыліся. Я ў той час быў у Празе і вельмі радаваўся, што Быкаў у Беларусі. І, шчыра кажучы, ня мог сабе ўявіць, што так хутка мы зь ім разьвітаемся. Чым больш мінае часу, тым лепей мы разумеем, што веліч Быкава відавочна непараўнальная ні з кім. Ягоныя вобразы – гэта тыя людзі, да якіх трэба быць падобнымі. Ён даў гэтыя вобразы, і мне здаецца, што яны вечныя”.

(Вінцук Вячорка: ) “Не хачу быць банальным, таму скажу пра канкрэтны эпізод. 19 кастрычніка 1988 году, калі Беларусь, як мы цяпер разумеем, азіраючыся назад, уступіла ў новую эпоху – у эпоху праўды. Менавіта тое, што ў Чырвоным касьцёле тады быў Быкаў, што ён заняў абсалютна цьвёрдую, перакананую, валявую пазыцыю рассыпала ў порах любыя надзеі тагачасных партакратаў спыніць хаду гісторыі. Быкаў – гэта шкала, паводле якой я вымяраю й буду вымяраць усё тое, што спрабую рабіць. Як і тое, што адбываецца вакол нас, што адбываецца з Беларусьсю”.

(Леанід Дранько-Майсюк: ) “Вялікі мастак, вялікі філёзаф, вялікі грамадзянін – вось маё ўспрыманьне Васіля Ўладзімеравіча Быкава. Усім нам, беларусам, трэба прызнаць, што на сёньняшні дзень мы як нацыя разьяднаныя. Але абавязкова прыйдзе тая часіна, калі пад уплывам асобы Васіля Быкава, пад уплывам ягонай постаці, а перадусім пад уплывам яго вялікай мастацкай спадчыны мы як нацыя аб’яднаемся ў адно цэлае, непарыўнае”.

(Валянцін Тарас: ) “Недзе пачынаючы з 60-х гадоў усе мае ўчынкі вымяраліся для мяне асабіста – “як гэта ацэніць Васіль?”. Ён часам і ацэньваў, але так вельмі далікатна, мякка – ён ніколі ня быў мэнтарам ні для каго абсалютна. Васіль Быкаў для Беларусі, для ўсіх нас, ды і для людзтва – чалавек на ўсе часы”.

(Уладзімер Халіп: ) “Мне вельмі пашчасьціла: я нарадзіўся ва Ўшацкім раёне, у вёсцы Дворпліна. Гэта якраз напаўдарозе паміж Барадуліным і Быкавым. І таму для мяне з самага маленства Быкаў быў найгалоўнейшым аўтарытэтам. Ён заўсёды быў для нашай зямлі сапраўдным прарокам, ён заўсёды гаварыў праўду”.
XS
SM
MD
LG