Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрыстас Пургурыдэс: “У верасьні будзе вырашана, якія санкцыі супраць беларускіх уладаў будуць ужытыя”


Валер Каліноўскі, Кіеў У Кіеве ў памяшканьнях Вярхоўнай рады завяршыліся грамадзкія слуханьні “Нацыянальныя і міжнародныя мэханізмы абароны ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў: Украіна, Расея, Беларусь”. На форуме прагучала ініцыятыва пра стварэньне міжнароднага фонду падтрымкі ахвяраў палітычных зьнікненьняў у Беларусі.

У выніковай рэзалюцыі кіеўскага форума прагучаў заклік да краінаў, заканадаўства якіх прадугледжвае прынцып унівэрсальнай юрысдыкцыі, ініцыяваць крымінальны перасьлед службовых асобаў у Беларусі, Расеі і Ўкраіне, на якіх падае падазрэньне ў датычнасьці да гвалтоўных зьнікненьняў. Праваабаронцы таксама зьвярнулі ўвагу на гэтыя злачынствы Міжнароднага крымінальнага суда.

Кіраўніца ўкраінскай Кааліцыі за міжнародны крымінальны суд Натальля Дульнева паведаміла, што згодна з Рымскім статутам, які рэглямэнтуе дзейнасьць гэтага суда, зьнікненьні апанэнтаў беларускага прэзыдэнта могуць разглядацца ім як злачынствы супраць чалавечнасьці, якія ня маюць тэрміну даўнасьці.

Прыклады судовага перасьледу ў краінах Эўропы за такога роду злачынствы, раней былі зафіксаваныя па выніках падзеяў у Руандзе, былой Югаславіі, Аргентыне й іншых краінах. Такім чынам адпаведны досьвед ёсьць, і цяпер дзьве эўрапейскія краіны ўжо вывучаюць магчымасьць завядзеньня крымінальных справаў супраць вышэйшых беларускіх чыноўнікаў.

Акрамя таго форум праваабаронцаў запатрабаваў ад беларускіх уладаў выканаць красавіцкую рэзалюцыю Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, прысьвечаную палітычным зьнікненьням у Беларусі. Аўтар справаздачы ў ПАРЭ на гэтую тэму, кіпрскі дэпутат Хрыстас Пургурыдэс паведаміў Радыё Свабода, што ў верасьні Рада Эўропы вернецца да гэтай тэмы, каб ацаніць рэакцыю беларускіх уладаў. Тады ж, паводле спадара Пургурыдэса, будзе разглядацца і пытаньне магчымых санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва. Пасьля красавіцкай рэзалюцыі міжнародная супольнасьць дала Беларусі час на рэагаваньне, на правядзеньне рэальнага дасьледаваньня справаў зьніклых, заявіў спадар Пургурыдэс.

(Пургурыдэс: ) “Я мяркую, што тэрмін зараз падыходзіць да канца, паколькі было беларускім уладам было дадзена дастаткова часу, але як бачым, няма ніякага адказу. Такім чынам я ўпэўнены, што міжнародная супольнасьць у найбліжэйшы час, магчыма ўжо на пачатку верасьня будзе канчаткова вырашаць, які від санкцыяў будзе ўжыты супраць беларускіх уладаў”.

(Карэспандэнт: ) “Якія санкцыі магчымыя?”

(Пургурыдэс: ) “Звычайная практыка такая, што міжнародная супольнасьць пачынае са слабейшых санкцыяў, напрыклад, з адмены візытаў у Беларусь усіх адказных асобаў, уключна з міністрамі ўрадаў, і з адмовы ў прыёме візытаў беларускіх чыноўнікаў. Я ўпэўнены, што гэта будзе першым крокам. Далей жа, калі зь беларускага боку ня будзе адказу, міжнародная супольнасьць можа ўвесьці больш жорсткія санкцыі, уключна з забаронай на экспарт пэўных тавараў і матэрыялаў зь Беларусі, якая не павінна нэгатыўна адбіцца на народзе”.

Да гэтых патрабаваньняў Рады Эўропы далучыліся прэзыдэнцтва Эўразьвязу і ААН. Менавіта гэтыя арганізацыі і могуць увесьці такія санкцыі, зазначыў спадар Пургурыдэс. Ён падкрэсьліў таксама, што міжнародная супольнасьць занепакоеная ня толькі палітычнымі зьнікненьнямі ў Беларусі, але і масавымі парушэньнямі правоў чалавека, перасьледам незалежнай прэсы.

У часе дыскусіяў у Кіеве Хрыстас Пургурыдэс заявіў, што ціск і санкцыі на беларускія ўлады эўрапейскія краіны даўно пачалі б, калі за сьпінай Аляксандра Лукашэнкі не стаяла Расея.

На думку расейскага правабаронцы Сяргея Кавалёва, пакуль нельга сказаць, што Расея адмовіцца ад падтрымкі А. Лукашэнкі, у прыватнасьці ягоных прэтэнзіяў на трэці тэрмін.

(Кавалёў: ) “Я думаю, што Расея гатовая пагандлявацца. Адносіны з Лукашэнкам у Масквы складваюцца ня проста, але купіць схільнасьць Масквы цалкам магчыма. Чым? Ці мала чым, Беларусь нам шмат чаго павінна па газе, яшчэ па чым, там рублёвая зона ці іншае... Нарэшце, ёсьць зямля – можна гандлявацца”.

Беларускія ўдзельнікі кіеўскіх слуханьняў засталіся задаволенымі іх вынікамі. Чакаецца, што ў верасьні падобная акцыя пройдзе ў Маскве.

Вольга Захаранка, якая чатыры гады таму атрымала палітычны прытулак у Нямеччыне, прыехала на гэтыя слуханьні з Бэрліну. Яна выказала захапленьне тым фактам, што пра яе зьніклага мужа памятаюць і патрабуюць праўды ад беларускіх уладаў.

(Вольга Захаранка: ) “Сёньня я вельмі задаволеная. Цяпер я хоць крышачку надзеі маю. Ёсьць людзі, якія сапраўды актыўна змагаюцца. Я сёньня зь імі пагаварыла, першы раз за такі доўгі час. Я адчула, што муж мой не забыты ў Беларусі, што ўздымаецца гэтая тэма, і на даволі высокім узроўні”.

Вольга Захаранка лічыць патрэбнымі санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва, якое не вядзе дасьледаваньне справаў зьніклых, а, паводле яе словаў, толькі “замятае сьляды”.
XS
SM
MD
LG