Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія нявесты патрабуюць: Дайце нам прыгожыя, але танныя строі


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Лета – час вясельляў. Сёньня ў Магілёве возьмуць шлюб дзесяць параў, а заўтра – яшчэ дваццаць. Маладыя прытрымліваюцца пэўных рытуалаў: урачыстая рэгістрацыя, магчыма – царкоўнае вянчаньне, абавязковае (за рэдкімі выключэньнямі) застольле. Што да вясельных строяў, дык мода на іх мяняецца зь цягам часу.

За савецкім часам прыгожае вясельнае ўбраньне было бадай што самым вялікім дэфіцытам, асабліва ў правінцыі. За тканінамі выпадала ехаць у сталічныя гарады альбо са страшнымі пакутамі “даставаць” з дапамогай “блату”, а аксэсуары да строяў увогуле былі з вобласьці фантастыкі. Вось што ўзгадвае Алена Казлова, якая амаль 20 гадоў рэгіструе шлюбы магілёўцаў.

(Казлова: ) “Памятаю, як я выходзіла замуж, калі быў дэфіцыт белай тканіны. Як ледзь дасталі кавалак белага крэпу, каб пашыць строй. Як нельга было вэлюм набыць. Хоць і былі грошы, але ж набыць усё гэта было дастаткова складана”.

Цяпер няма праблемаў з тым, каб набыць альбо ўзяць напракат вясельны строй – патрэбныя толькі грошы. У цэнтры Магілёва адчынілася шмат прыватных шлюбных салёнаў. Выбар строяў тут вялікі – але якія зь іх цяпер найбольш модныя?

(Спадарыня: ) “Зараз у модзе атлясныя, больш цяжкія тканіны. Ручная вышыўка – гэта заўсёды цанілася. Ды яшчэ больш прамыя фасоны, не пышныя.”

(Спадар: ) “Дэкальтаваныя, адкрытыя строі карыстаюцца большым попытам”.

(Спадарыня: ) “Чыста белы ўжо ня хочуць браць”.

(Спадар: ) “Ёсьць строі з рознымі каляровымі фрагмэнтамі – блакітнымі, чырвонымі”.

(Спадарыня: ) “Зараз модны доўгі вэлюм, нават да падлогі”.

А колькі трэба грошай, каб хаця б часткова прытрымлівацца гэтых парадаў? Кажуць, што большасьць нявестаў бяруць вясельныя строі напракат. У народзе лічаць, што жанчыне трэба захоўваць вэлюм, а вось на адзеньні можна ашчадзіць. Праўда, і пракат каштуе нятанна: калі размова ідзе пра новы, імпартовы модны строй, – звычайна іх возяць з Польшчы, Турцыі, Сірыі – то ён будзе каштаваць ад 120 даляраў і болей. Калі ж строй ужо аднойчы апранулі, то кошт пракату зьніжаецца напалову.

Новы строй каштуе адсоткаў на 30 даражэй за пракат: яго прапануюць набыць за суму ад 50 да 400 даляраў, у залежнасьці ад колькасьці грошай у кішэнях маладых і іх бацькоў. Калі браць самы танны варыянт з аксэсуарамі – гэта абыдзецца ў 150 тысячаў рублёў. Але гэта вельмі сьціплы строй. Алена, уладальніца аднаго з магілёўскіх салёнаў, лічыць, што модніцаў, якія бяруць шлюб, моцна стрымлівае недахоп грошай.

(Алена: ) “Дайце нам прыгожае, але таннае. Грошай у людзей мала. Людзі атрымліваюць мізэрныя заробкі, а ўсё гэта каштуе грошай. Таму ўсе хочуць найбольш таннае”.

Дарэчы, ня ўсе хочуць рэгістраваць шлюб у адмысловых вясельных уборах. Хоць і ня часта, але здараецца, што ў дом грамадзянскіх абрадаў маладыя прыходзяць апранутыя ў джынсы, аднак зьдзіўленых позіркаў на іх ужо не кідаюць. Супрацоўніцы ЗАГСу лічаць, што кожны мае права на выбар, і не абавязкова аддаваць даніну модзе і вясельным рытуалам, якія склаліся.

Зьмянілася апошнім часам ня толькі мода, але й вясельныя рытуалы. У Магілёве маладыя больш ня езьдзяць да помніка Леніну – яны аддаюць перавагу мэмарыялу абаронцаў Магілёва “Буйніцкае поле”.

Затое цяпер строга прытрымліваюцца розных народных звычаяў і забабонаў. У траўні бяруць шлюб толькі самыя мужныя. Вельмі мала шлюбаў рэгіструецца падчас царкоўных пастоў.

Адзінае, што не мяняецца, дык гэта багатае застольле са шчодрай выпіўкай. А апошняе, паводле меркаваньня супрацоўніцы дома грамадзянскіх абрадаў Алены Казловай, якраз і варта памяняць.

(Казлова: ) “Я і за пышны строй, і за паездку, але я супраць таго, каб вясельнае застольле ператваралася ў п’янку. Я супраць гэтага. Я лічу, што на гарэлцы можна зэканоміць. Павінна быць прыгажосьць у гэтых рэчах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG