Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каляндар Свабоды – 18 і 19 чэрвеня


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 18 і 19 чэрвеня.

18-га чэрвеня 1806-га году ў маёнтку Парэчча, што на Слонімшчыне, нарадзіўся Мiхал Валовiч. Падчас нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1831 году малады Валовіч браў чынны ўдзел у баявых апэрацыях. Пасьля паўстаньня яму ўдалося выехаць за мяжу. У Парыжы Валовіч зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі. Тут, у эмігранцкіх колах, высьпявала ідэя новага паўстаньня супраць расейскае анэксіі. 19 сакавіка 1833-га году група паўстанцаў перайшла мяжу й распачала партызанскія дзеяньні. Валовіч, са сваім памочнікам Яцкевічам разгарнуў палітычны й збройны супраціў на Слонімшчыне. Але сілы былі няроўныя. Неўзабаве паўстанцы былі разьбітыя. Міхала Валовіча дапытваў сам Мураўёў, той самы, які атрымаў мянушку Вешальніка за часамі Каліноўскага. Мураўёў патрабаваў для Валовіча сьямротнае кары праз чацьвертаваньне. Але прысуд выйшаў мякчэйшы... 2 жніўня 1833-га году Міхал Валовіч быў павешаны ля парахавога складу ў Горадні, за колішняй Скідзельскай заставаю. Перад сьмерцю, на допыце, ён заявіў: “Я хацеў выкарыстаць паўстаньне, каб вызваліць сялянаў...”

18 чэрвеня 1926 году нарадзіўся беларускі кінаапэратар Рыгор Масальскі. Ён прыйшоў на сьвет у Менску. Сярод ягоных фільмаў варта згадаць “Паланэз Агінскага”, за які мастак атрымаў дзяржаўную прэмію Беларусі. Наагул жа шмат на якія мастацкія і дакумэнтальныя тэмы мы глядзелі вачыма Масальскага, самі таго, можа, і ня ведаючы. “А зязюля кукавала...” – дакумэнтальны фільм пра Янку Купалу, а яшчэ мастацкія – “Вуліца без канца”, “Белыя Росы” ды шмат іншых.

18 чэрвеня ў 1957 годзе пакінуў гэты сьвет Вітольд Бялыніцкі-Біруля, адзін з найбольш славутых беларускіх мастакоў, майстар краявіду. Усё жыцьцё Бялыніцкі-Біруля прысьвяціў жывапісаньню Беларусі ў розных месцах і ў розны час году. У Бялынічах і Магілёве дзейнічаюць музэі мастака.

А яшчэ сёньня – дзень нараджэньня Пола Макартні, аднаго з двух бітлоў, што засталіся ў жывых. Памятаеце, бітлоўскую песеньку “Калі мне будзе 64”? Дык сёньня Макартні спаўняецца 62 гады.

А зараз пра каляндар заўтрашняе суботы.

19 чэрвеня адбылася найбуйнейшая бітва антырасейскага паўстаньня 1831 году. Яе называюць бітвай пад Вільняй, або Панарскай бітвай, бо праходзіла яна між панарскіх узгоркаў, якія цяпер у Вільні ўваходзяць у гарадзкую рысу. Добра ўзброенае і абвучанае рэгулярнае расейскае царскае войска ўжо ў траўні таго году разьбіла паўстанцаў у Менскай і Віленскай губэрнях, але барацьба ўзмацнілася на Гарадзеншчыне. Адтуль і выправілася паўстанцкае войска, каб штурмам вызваліць сталіцу краю Вільню. Тым часам расейцы зь Вільні выпраўляліся на Ковеншчыну. Вось яны і сустрэліся ў панарскіх гарах. На два дні закіпела сеча. З абодвух бакоў палеглі многія сотні ваякаў. Аднак у выніку паўстанцкі наступ быў разьбіты, штурм Вільні ня ўдаўся. Пасьля гэтай бітвы іскры паўстаньня перакінуліся ў Мазырскі, Рэчыцкі ды Пінскі паветы. Але й гэтыя вЫступы былі асуджаныя на няўдачу.

19 чэрвеня ў 1944 годзе ў Лагойскім раёне фашысцкія карнікі зьнішчылі вёску Дальва разам зь яе жыхарамі. Вёска-суседка Хатыні паўтарыла яе журботны лёс. Трыццаць гадоў таму на яе месцы створаны мэмарыял.

19 чэрвеня спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэньня Васіля Быкава, народнага пісьменьніка Беларусі і, напэўна, самага вядомага беларускага літаратара ў сьвеце, чые творы перакладзеныя на мноства моваў.
XS
SM
MD
LG