Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Лявон Баршчэўскі


Лявон Баршчэўскі, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе Лявон Баршчэўскі — старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру, намесьнік дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю.

Панядзелак, 14 чэрвеня

Цяперашняе лета станоўча ўплывае на прадукцыйнасьць працы. За дзень пасьпяваеш зрабіць больш, чым звычайна: паветра сьвежае, сьпёка не даймае, хоць спэцыялісты кажуць, што калі мала сонца, арганізм церпіць на недахоп вітаміну D.

З раніцы, як заўсёды, ліцэйскія турботы. Хоць ліцэісты ўжо амаль усе экстэрнавыя іспыты паздавалі і кансультацыі яшчэ адбываюцца толькі па трох-чатырох дысцыплінах, але клопату хапае. Трэба шукаць дапамогі, каб выкладчыкі, перажыўшы не абы-якія стрэсы цягам навучальнага году, неяк здолелі перажыць і лета — бо ва ўсіх сем’і. Неабходна таксама адзначыць навучэнцаў другога і чацьвертага курсаў, калі яны праз тры-чатыры дні закончаць свой маратон: вытрымаюць па 15–16 іспытаў экстэрнам. Паўдня займаўся падрыхтоўкай тэкстаў пахвальных лістоў і падзяк для вучняў, настаўнікаў і тых дабрадзеяў Ліцэю, якіх не пасьпелі адзначыць на вечарыне ў гонар апошняга званка. Тым часам бацькі разам зь дзецьмі штодня мужна адстойваюць вахту каля брамы нашага будынку па Кірава.

Увечары наведаў знаёмага выдаўца. Ён прывёз з Масквы колькі асобнікаў “Нарвэска-расейскага, расейска-нарвэскага слоўніка”, да стварэньня якога я спрычыніўся самым непасрэдным чынам. Спадзяюся за лета закончыць нарвэска-беларускую вэрсію. Толькі той слоўнік Масква, вядома ж, ня выдасьць, а ў Менску... Пакуль самае большае, на што можна будзе разьлічваць — гэта зьмясьціць гэткі слоўнік у Інтэрнэце.

Свайго часу ў канцы 80-х—пачатку 90-х гадоў мне давялося займацца навуковым рэдагаваньнем і дапрацоўкай рукапісаў ёмістых — па 30–35 тысяч словаў — нямецка-беларускага і беларуска-нямецкага слоўнікаў, укладзеных супрацоўнікамі Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. На гэта пайшло больш за пяць гадоў! Але дагэтуль слоўнікі ня выйшлі: не стае грошай на выданьне. Ну, але, як кажуць, напісанае застаецца... Веру, што гэтая досыць складаная праца ня пойдзе намарна.

Аўторак, 15 чэрвеня

Удзень атрымаў ад кляснай кіраўніцы Ліцэю Вольгі Дзядзюлі найсьвяжэйшыя зьвесткі пра тое, як здаюць іспыты экстэрнам навучэнцы яе 21-й групы. Чарговы раз сеў, падлічыў. Атрымалася: 68 “дзясятак”, 67 “дзявятак”, 32 “васьмёркі”, 11 “сямёрак”, 4 “шасьцёркі”, 2 “пяцёркі”. Хачу нагадаць, што па старой сыстэме сёньняшняй “пяцёрцы” адпавядалі бы колішнія “чатыры зь мінусам”. А сярэдні бал выпадае — каля дзевяці! Вось вам і падпольнае навучаньне — часьцяком у не зусім прыстасаваных памяшканьнях. Праблема, выходзіць, не ў варунках вучобы.

У Ліцэі гэтыя дзеці былі агароджаныя ад хлусьні й “падвойнай” бугальтэрыі старой школы савецкага ўзору. Яны навучыліся вучыцца, а не дагаджаць настаўнікам ці начальству. І, прыйшоўшы здаваць экстэрнат у дзесяці розных школах Менску і раёну, яны ўразілі тамтэйшых настаўнікаў, што ў камісіях, сваёй годнасьцю, інтэлектам, урэшце — сваёй беларускамоўнасьцю. Дарэчы, я заўсёды быў упэўнены, што “троечнікі”, ці ліпавыя “харашысты”, пасьля і працаваць будуць на “тройку” альбо на вымучаную “чацьверку”. У былых жа ды сёньняшніх ліцэістаў — зусім іншы патэнцыял.

Карацей, пражыў Ліцэй свой першы год без удзелу Міністэрства адукацыі — і вынікі ад гэтага толькі палепшыліся. Ня будзе тут лішнім сказаць пра выкладчыкаў Ліцэю. Па-мойму, цяпер усім ясна, што гэта найлепшыя ў краіне спэцыялісты ў сваёй справе. І да чаго трэба скаціцца ўладам (ня толькі адукацыйным), каб пачаць перашкаджаць пэдагогам выконваць свае прафэсійныя абавязкі! Ад гэткай ганьбы тэрмінатары, што сядзяць у крэслах адукацыйнага ведамства, не адмыюцца ніколі!

А настаўнікам Ліцэю — нізкі паклон...

Увечары паўдзельнічаў (пад спорным дажджом) у акцыі падтрымкі галадоўнікаў, на Казарменным завулку. Разумею, як цяжка гэтым людзям, і адначасна бачу, наколькі лягчэй партыйным удзельнікам галадоўкі, якія адчуваюць, што за імі — рэальныя людзі, даўно знаёмыя і прадказальныя. Тройцы ж дэпутатаў дагэтуль даводзіцца спадзявацца на, так бы мовіць, “народ”. Ну і дзе той народ, што галасаваў за іх на выбарах у “палатку”? Няма. На жаль. Але душой я ўсё-ткі зь імі таксама.

Серада, 16 чэрвеня

З раніцы падняўся з прадчуваньнем новай нацыянальнай трагедыі для нашых усходніх суседзяў. Маю на ўвазе чэмпіянат Эўропы па футболе, дзе Расея ўвечары мае гуляць з Партугаліяй. Відавочна, што гаспадарам расейцы прайграюць, а назаўтра пачнуць шукаць вінаватых — судзьдзяў, тэмпэратуру паветра альбо кепскую працу кандыцыянэра ў імпартным аўтобусе, што возіць футбалістаў на гульні. Не назавуць толькі галоўнай прычыны: татальнай карумпаванасьці спартовых чыноўнікаў і каляспартовых дзеячаў.

У першай палове дня крыху папрацаваў над новым перакладам. Кніга нямецкага гісторыка Бэрнгарда К’яры “Штодзённасьць за лініяй фронту” — ёмісты том, больш за 300 старонак. А пераклад трэба зрабіць як найхутчэй, можа, тады пасьпеюцца знайсьціся дабрадзеі-фундатары, каб кніга выйшла па-беларуску да 60-годзьдзя заканчэньня другой сусьветнай вайны. У патоку ўра-патрыятычных публікацыяў ды імпрэзаў, што плянуюцца ўладамі, каб прымазацца да пасьмяротнай славы сапраўдных пераможцаў у той вайне, кніга нямецкага гісторыка-прафэсіянала можа сяго-таго калі не ацьвярозіць, дык прымусіць хоць на драбок задумацца.

На жаль, сёньня ад імя вэтэранаў вайны часьцяком спрабуюць выступаць тыя, хто ў лепшым выпадку тую вайну правёў у абозах альбо на перадавой партыйна-палітычнай прапаганды. Мой бацька, удзельнік тае вайны ад 24 чэрвеня 1941-га да 2 верасьня 1945-га, ужо 21 год як у лепшым сьвеце. А апошнім сапраўды ФРАНТАВЫМ пакаленьнем былі аднагодкі Васіля Быкава. З адыходам гэтага вялікага Беларуса спэкуляцыяў на тэму “всё, что было не со мной, помню” робіцца ўсё больш і больш. І сам Быкаў ужо ня можа запярэчыць новым і новым падтасоўшчыкам — вось што сумна. Вось жа, Бэрнгард К’яры ў сваёй кнізе перадусім абапіраецца на архіўныя крыніцы — збольшага замежныя, да якіх не дабралася савецка-НКВДысцкая цэнзура.

Увечары ў Доме літаратара — паседжаньне аргкамітэту па ўшанаваньні памяці Васіля Быкава. Дзякуй Божа, што ва ўладатрымальнікаў не хапае розуму ўзяць гэта пад сваю апеку — іначай бы яны, як заўсёды, усё спаскудзілі. Ладзіць імпрэзы ў Менску будзе грамадзкасьць. Хай сабе наракаючы на матэрыяльныя праблемы, але годна й спакойна.

Увечары, як і чакалася, Расея прайграла ў футбол Партугаліі... Занятыя расейцамі сёлета дзясятае месца ва ўсясьветным хакеі і недзе 12–15-е ў эўрапейскім футболе распачнуць тое, пра што гаварыў раней...

Чацьвер, 17 чэрвеня

Ліцэй спакою ўладам не дае. Сёньня ў памяшканьні адной грамадзкай арганізацыі міліцыянты шукалі сьляды тых, хто робіць набор у Ліцэй на новы навучальны год. Вось жа, відаць, улады зьмірыліся, што ліцэйскія дзеці вучацца ў падпольлі лепш, чым іншыя — у казённых школьных памяшканьнях. Але тое, што ў Ліцэй набіраюцца новыя вучні, іх разьюшыла. Магу супакоіць гэтых спадароў: Ліцэй будзе жыць, нават калі супраць дзяцей і выкладчыкаў змабілізуюць усе наяўныя сілы “шпегаў” ды АМОНу. Бо Ліцэй — гэта жывая справа, гэта справа шчырасьці й любові. А любіць сваё забараніць немагчыма.

Акрамя міліцыі, прыходзіў па інтэрвію карэспандэнт парыскай “Le Figaro” з красамоўным прозьвішчам дэ Сэнт-Экзюпэры. Доўга распытваў, пастаянна паўтараючы францускае “bizarre” (“дзіўна”), чаму беларускія ўлады так зацята ваююць з усім беларускім — мовай, пісьменьнікамі, Ліцэем... Я, як умеў, паспрабаваў яму патлумачыць гістарычныя, палітычныя ды псыхалягічныя карані гэткага становішча. Яшчэ журналіст шмат распытваў пра Васіля Быкава, у чым яго роля для гуртаваньня беларускай інтэлігенцыі. Шмат гаварылі пра эўрапейскія пэрспэктывы Беларусі — я спрабаваў давесьці рэпартэру, што ў цэлым беларусы ня моцна розьняцца ад тых самых літоўцаў, праблема палягае ў тым, што літоўцы здолелі сфармаваць нацыянальную эліту, мацнейшую за нашу. Спадзяюся, што для спадара дэ Сэнт-Экзюпэры наша гутарка нейкую карысьць прынесла.

Крыху адарваў часу на рэдагаваньне анталёгіі беларускага перакладу. Малайчына Міхась Скобла! Досыць грунтоўна і прафэсійна падышоў да працы, і ёсьць спадзеў, што праз пэўны час побач з дыхтоўнай “Красой і сілай” зьявяцца ня менш капітальныя “Галасы з-за небакраю”...

Пятніца, 18 чэрвеня

Надыходзіць першы дзень асноўных ушанаваньняў Васіля Быкава. Маральна-псыхалягічная сытуацыя ў сёньняшнім грамадзтве такая, што ўдзел у імпрэзах прымуць у асноўным сапраўды шчырыя і адданыя яго сябры, прыхільнікі і аднадумцы. Гэта добра. Уяўляю, праўда, як пасьля ўпадку сёньняшняга рэжыму зьявіцца процьма тых, хто — як з тым Леніным — быццам бы падстаўлялі плячо пад бервяно.

Добрыя публікацыі, што дадаюць штрыхі да быкаўскага партрэту, зрабілі “Наша Ніва”, “Комсомольская правда в Беларуси”, а “Народная воля” перадрукавала чарговыя старонкі ўспамінаў з кнігі “Наш Быкаў”, укладзенай Генадзем Бураўкіным. Дарэчы, кніга сапраўды ўдалая — адно што будзе прадавацца за такі кошт, які не кожны “пацягне”...

Ёсьць добрая навіна з Прагі: выйшаў і кампакт-дыск з жывым голасам Быкава; пастараюся расказаць пра яго на сёньняшняй быкаўскай вечарыне.
XS
SM
MD
LG