Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На філфаку БДУ адчыненая мэмарыяльная аўдыторыя Васіля Быкава


Валянціна Аксак, Менск “Да канца cпазнаць Быкава можна толькі на беларускай мове”, — такую выснову зрабіў рэктар Белдзяржунівэрсытэту Васіль Стражаў, выступаючы сёньня на адкрыцьці мэмарыяльнае аўдыторыіі Васіля Быкава. Імя народнага пісьменьніка нададзенае аўдыторыі нумар 304 філялягічнага факультэту БДУ.

Усьлед за рэктарам БДУ на сёньняшняй урачыстасьці на філфаку Белдзяржунівэрсытэту выступілі яшчэ некалькі афіцыйных асобаў. Намесьнік міністра культуры Валеры Гедройц распавёў, што робіцца дзяржаваю з нагоды 80-годзьдзя Васіля Быкава.

(Гедройц: ) “Нашыя ўстановы культуры, як рэспубліканскага так і мясцовага падпарадкаваньня, адгукаюцца на гэтую дату. Заўтра ў Нацыянальнай бібліятэцы адкрываецца выстаўка, прысьвечаная Быкаву. Празь некалькі дзён у музэі гісторыі і культуры адкрываецца выстаўка аб пісьменьніку, аб яго жыцьці, аб яго ваенных шляхах”.

А вось як ацаніў значнасьць адкрыцьця мэмарыяльнае аўдыторыі Васіля Быкава дэкан філялягічнага факультэту БДУ Іван Роўда:

(Роўда: ) “Гэтая аўдыторыя, аўдыторыя імя Васіля Ўладзімеравіча Быкава — гэта даніна павагі ня проста вялікаму пісьменьніку, гэта даніна павагі і аднаму з воінаў-вызваліцеляў”.

На ваенную тэматыку ў творчасьці Васіля Быкава быў зроблены акцэнт і ў падборы кнігаў пісьменьніка, выстаўленых у невялікай экспазыцыі ў мэмарыяльнай аўдыторыі. Ейнае адкрыцьцё сталася першаю імпрэзаю міжнароднае навуковае канфэрэнцыі, прысьвечанай 80-годзьдзю народнага пісьменьніка. Замежныя госьці ў сваіх вітаньнях зьвярталі ўвагу на сучасныя аспэкты жыцьця і творчасьці Васіля Быкава. Вось што, да прыкладу, сказаў старшыня Кіраваградзкага аддзяленьня Нацыянальнага саюзу пісьменьнікаў Украіны Васіль Бондар:

(Бондар: ) “Астатнімі днямі я прачытаў кнігу “Быкаў на Свабодзе” і дазнаўся, што багата чаго Быкаў сказаў у гэтай кнізе пра тую вайну, пра якую сёньня ён не пасьпеў сказаць у сваіх мастацкіх творах”.

На Кіраваградчыне прозьвішча Васіля Быкава пазначанае на абэліску ў ліку загінулых, але малодшы лейтэнант Быкаў тады выжыў — дзякуючы ўкраінскім вайскоўцам. І сёньня ўкраінскі пісьменьнік Васіль Бондар прывёз адтуль незвычайны сувэнір.

(Бондар: ) “Я прывёз з Украіны на магілу Васіля Быкава грудачку зямлі, палітую яго кроўю, і хачу нізка пакланіцца беларускай зямлі за такога сына, які дадаў частку свайго жыцьця і сваёй крыві да незалежнасьці Ўкраіны”.

Вераю ў перамогу над сучасным злом, зь якім да апошняга змагаўся Васіль Быкаў, былі прасякнутыя выступы ягоных расейскіх сяброў знаных літаратараў-дэмакратаў Юрыя Чарнічэнкі і Валянціна Аскоцкага. Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Масквы паэтка Рыма Казакова прачытала свой верш, прысьвечаны памяці Быкава.

(Казакова: ) “…Всё годы в Лету унесут, Забудется неправый суд, А правде хватит мужества и сил, Что б было чем надежду греть, Не даст в сердцах людей сгореть Тому, что есть твой лучший сын, Василь…”

Многія ж заяўленыя да ўдзелу ва ўрачыстасьцях беларускія навукоўцы, як стала вядома зь неафіцыйных крыніцаў, у апошні момант адмовіліся ад сваіх выступаў.
XS
SM
MD
LG