Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыстаф Гойбнэр: “Так пісаць, як Васіль Быкаў, вельмі цяжка”


Алена Панкратава, Бэрлін “Гэта пры чытаньні складваецца ўражаньне, што ён піша вельмі проста. Але ж пісаць проста значна цяжэй, чым складана, мэтафарычна. Пасьля таго, як прачытаў ягоныя кнігі, я стаў імкнуцца распавядаць проста. І імкнуся гэтак пісаць надалей. Гэтаму я вучуся ў Быкава”, — гаворыць у інтэрвію “Свабодзе” нямецкі літаратар і грамадзкі дзеяч Крыстаф Гойбнэр, якому давялося сябраваць з Быкавым 18 гадоў.

У гады “халоднай вайны” ў ФРН існаваў магутны рух за мір. У Заходнім Бэрліне пра сябе заявіла такая грамадзкая ініцыятыва як “Аktion Zuehnezeichen” — зь нямецкай мовы гэтыя словы можна перакласьці як “Акцыя збавеньня” альбо “Акцыя пакаяньня”. У любым выпадку, сутнасьцю ініцыятывы, да якой належала пераважна пасьляваеннае пакаленьне, было прымірэньне немцаў з пацярпелымі ад фашызму народамі. Выглядала гэта так: заходнія бэрлінцы наведвалі тыя краіны, якія калісьці акупавалі гітлераўцы, сустракаліся з тамтэйшымі ўдзельнікамі і ахвярамі вайны, а таксама працавалі на месцах былых баёў, канцлягераў.

У 1980-я такія групы прыяжджалі ў Польшчу і Сталінград (спачатку гэты быў адзіны горад у СССР, куды пускалі прадстаўнікоў ініцыятывы), вазіў іх малады заходнебэрлінскі паэт Крыстаф Гойбнэр. Пазьней у ягонай тагачаснай кніжцы вершаў я сустрэла радкі (цытую па памяці):

Што мы ведаем пра нацыянал-сацыялізм? Хіба тое, што Гёбэльс быў тлустым, А Гёрынг — кульгаў.

Вершы былі мэтафарычныя, і зь іх вынікала, што нацыянал-сацыялізм ёсьць у тым ліку вялікім ашуканствам адразу для некалькіх пакаленьняў немцаў. Пакаленьню бацькоў і дзядоў Гойбнэра гаварылі пра тое, што “Нямеччына вялікая і сьвятая”. Для пакаленьня Крыстафа ўсё гэта вырашылі замоўчваюць. Ні ён, ні ягоныя равесьнікі, ні тыя, хто нарадзіўся пазьней, нічога ня ведалі пра тую, так бы мовіць “веліч”.

Нарэшце удзельнікам “Aktion Suehnezeichen” дазволілі наведаць і Беларусь. Спачатку для заходнебэрлінцаў арганізоўвалі сустрэчы выключна з партызанамі і вэтэранамі. У 1985 годзе немцаў з “Aktion Suehnezeichen” упершыню запрасілі ў беларускі Саюз піьсменьнікаў. Пра гэтае, сваё першае, спатканьне з Васілём Быкавым Крыстаф Гойбнэр згадвае так:

(Гойбнэр: ) “На той момант я прачытаў толькі адну кніжку Быкава”Абэліск”. Паколькі я быў кіраўніком групы студэнтаў, якія разам са мной наведалі Менск, я параіў, каб яны таксама пачыталі “Абэліск” і такім чынам падрыхтаваліся для магчымай размовы. Мы ніяк не разьлічвалі, што з Быкавым атрымаецца дыскусія. Пасьля гэтае сустрэчы ўся нашая група была ў такім вялікім захапленьні ад Быкава, што, прыехаўшы дадому, мы сталі чытаць усе ягоныя кнігі, якія на той час былі перакладзеныя ў ГДР, а потым ужо пачалі выдавацца ў Заходняй Нямеччыне”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вас уразіла ў Быкаве?”

(Гойбнэр: ) “Ягоная сьціпласьць, ягоны рэдкі дар — слухаць людзей, і тая павага, якую ён праявіў да нас, немцаў. Дадам, што Быкава ўвогуле вызначала вялікая павага і любоў да людзей. Калі мы тады сустрэліся зь ім, усім стала зразумела, што перад намі незвычайны чалавек, і да таго ж яшчэ і вялікі пісьменьнік. Яшчэ мы ўбачылі ў ім шмат маладосьці, хоць на той час ён быў ужо немалады чалавек”.

Пасьля той першай сустрэчы ў 1985-м Гойбнэр запрасіў Быкава да сябе. Ягоныя сябры з дэпартамэнту культуры і таварыства дружбы “ФРН-СССР” ладзілі “Дні Беларусі ў Заходнім Бэрліне”. Потым Быкаў неаднойчы прыяжджаў у гэты горад на запрашэньне “Aktion Suehnezeichen”. А Гойбнэр (дарэчы, сам ён ня любіць згадваць пра гэта) рабіў тое, што цяпер завецца словам “раскрутка”. Ён арганізоўваў вялікія чытацкія дыскусіі з удзелам Быкава ў Заходнім Бэрліне, запрашаў на іх прэсу, тэлевізію, выдаўцоў.

Аднойчы я чула, як Быкаў у размове зь іншымі назваў Гойбнэра сваім “анёлам-ахоўнікам”, але чамусьці не наважылася распытаць пра гэта падрабязна. Гойбнэр гэтага выразу ніяк не пракамэнтаваў. А ў адказ згадаў іншае:

(Гойбнэр: ) “Тым, дзе мы былі зь ім разам, я заўсёды бачыў, што ён носіць у сабе схаваны ад іншых цяжар — пастаянны клопат пра Беларусь, пра яе людзей (тады ўжо здарыўся Чарнобыль). Гэта вісела над ім як хмара. Канечне, мне даводзілася назіраць і тыя моманты, імгненьні, калі ён быў шчасьлівы. Мы сядзелі ўтрох, разам з Анатолем Кудраўцом, у адным з рэстаранчыкаў у заходняй частцы Бэрліна. Надвор’е было цудоўнае. Мы радваліся яму і назіралі за людзьмі. Гэта быў той момант, калі я бачыў радасьць на твары Быкава. Аднак ягоная сытуацыя заўсёды была зь ім.

Ён прыехаў у Нямеччыну ў 2001-м. Здарылася тое, чаго мы баяліся. Заставацца і пісаць на радзіме стала для Быкава жыцьцёва небясьпечным. Ён ацэньваў гэта з гораччу, але вельмі рэалістычна. Для нас гэта было вялікім гонарам, што ён прыехаў у Нямеччыну. Прычым, ён пастаянна падкрэсьліваў: “Я тут не ў эміграцыі, я тут пішу”. Ён не хацеў пакідаць радзімы і не зрабіў бы гэтага ніколі. Яна заўсёды была разам зь ім. Тым ня менш, кажу з гонарам: Нямеччына таксама стала часткай ягонай радзімы. І гэта, калі ўлічваць нашую агульную гісторыю, тое, што немцы зрабілі зь ягонай Беларусьсю, усе гэтыя забойствы, зьнішчэньні, разбурэньні — усё гэта не магло не крануць нас”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы можаце згадаць вашу апошнюю сустрэчу з Быкавым?”

(Гойбнэр: ) “Наша апошняя сустрэча адбылася ў Празе. Я наведаў Ірыну і Васіля. Я бачыў, як нялёгка гэтаму чалавеку, але ён быў вельмі мужны і не хацеў нікога абцяжарваць сваімі праблемамі. Ён пытаўся ў мяне пра мае справы, пра маю пісьменьніцкую дзейнасьць. Ён ніколі ня быў эгацэнтрыкам, а быў сапраўдным, вельмі надзейным, сябрам.

Пра ягоную сьмерць я даведаўся, калі быў у Польшчы. Я сеў у начны цягнік Варшава—Менск, а раніцай мяне пабудзіла радыё ў купэ. Праваднікі ўключылі яго на поўны гук: перадавалі, што адбудзецца пахаваньне Быкава. Калі я прыбыў у Менск, у мяне склалася ўражаньне, што ў гэтым горадзе нібыта спыненае дыханьне. Я раптам згадаў, як аднойчы мы гулялі разам зь ім па Менску і ён гаварыў: “Ну, хто будзе чытаць мае кнігі, людзей гэта больш не цікавіць, хіба што вельмі і вельмі старых”. У дзень ягонага пахаваньня мяне кранула, што сярод тых тысяч ахопленых смуткам людзей было вельмі шмат моладзі. Гэтыя маладыя людзей адмыслова прыйшлі разьвітацца зь ім. І гэта добры знак для Беларусі. Гэта тое, што мяне ўразіла”.
XS
SM
MD
LG