Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Купалаўскіх чытаньнях у Менску днямі прагучыць каля 50 навуковых дакладаў


Галіна Абакунчык, Менск У літаратурным музэі Янкі Купалы ў Менску гэтымі днямі праходзяць міжнародныя Купалаўскія чытаньні пад назваю “Нараджэньне клясыка.” Гэта сёмая навуковая канфэрэнцыя, якая гэтым разам прысьвечаная 100-гадоваму юбілею пачатку беларускамоўнай творчасьці народнага паэта Беларусі.

Ці сапраўды роўна сто гадоў таму Янка Купала напісаў першы літаратурны твор па-беларуску й на якой мове ён пісаў дагэтуль? Паводле літаратурных і гістарычных традыцыяў таго часу, свае раньнія творы малады Купала пісаў па-польску. Калі ж трымацца поўнай дакладнасьці ў справе пераходу на беларускую мову, то гаворку трэба весьці пра 15 ліпеня 1904 году. Менавіта гэтым днём датаваны першы Купалаў верш на роднай мове – “Мая доля”. Першы друкаваны беларускамоўны верш “Мужык” зьявіўся толькі ў 1905 годзе. Кіраўнік Міжнароднага літаратурнага фонду імя Янкі Купалы прафэсар Вячаслаў Рагойша лічыць, што менавіта ад гэтага часу распачаўся пэрыяд найбольшага плёну ў творчай біяграфіі Купалы. Таму й канфэрэнцыя атрымала такую назву – “Нараджэньне клясыка”.

(Рагойша: ) “Зь пятага да пятнаццатага году нарадзіўся клясык нашай нацыянальнай літаратуры. Нават калі б, ня дай Бог, Янка Купала быў загінуў на франтах першай усясьветнай вайны – а яго якраз тады прызвалі былі ў войска – Іван Луцэвіч усё роўна застаўся б Янкам Купалам. Бо самае лепшае, што ён стварыў, было напісанае ў гэты пэрыяд. У гісторыі ўсясьветнай літаратуры ня так шмат аналягічных выпадкаў, каб на такі узровень – узровень Міцкевіча, Шаўчэнкі й Пушкіна – чалавек падняўся менш чым за 10 гадоў. Так што Купала – гэта фэномэн”.

Спадар Рагойша падкрэсьліў, што наўрад ці калі-небудзь мажліва спасьцігнуць фэномэн генія Купалы, але гэтая канфэрэнцыя, прынамсі, мае на мэце прынамсі наблізіцца да яго.

“Удзел у Купалаўскіх чытаньнях прымаюць дасьледчыкі з Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Расеі й нават Калмыкіі, вельмі шмат айчынных навукоўцаў. Усяго прагучыць каля 50 унікальных, эксклюзіўных дакладаў”, кажа навуковы супрацоўнік музэя й сваячка Янкі Купалы Жанна Дапкюнас.

(Дапкюнас:) “Мы ўвесь час выбіралі, каб даклады былі блізкія да тэмы, каб ня толькі “Купала вялікі” – і ўсё. Мы як бы расшыфроўваем, у чым ён вялікі, што ён зрабіў для Беларусі, для людзей, для літаратуры. І як ён вырас у клясыка, што яму дапамагло стаць клясыкам. Канфэрэнцыя дае магчымасьць усё гэта дасьледаваць”.

Паводле спадарыні Дапкюнас, даклады, зробленыя на гэтых чытаньнях, будуць выдадзеныя асобным зборнікам, а наступная канфэрэнцыя будзе прымеркаваная да 125-годзьдзя Янкі Купалы й адбудзецца ў 2007 годзе. Да гэтага часу таксама плянуецца выданьне зборніку вершаў Янкі Купалы на ангельскай мове.
XS
SM
MD
LG