Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс мяркуе, што трэба арыштаваць Навумава і Сівакова


Валер Каліноўскі, Кіеў У Кіеве пачаліся двухдзённыя грамадзкія слуханьні “Нацыянальныя і міжнародныя мэханізмы абароны ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў: Украіна, Расея, Беларусь”. З вострымі заявамі на адрас беларускіх уладаў на ёй выступіў прадстаўнік Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс.

На гэтых слуханьнях, якія праходзяць у будынку украінскага парлямэнту, тэма палітычных зьнікненьняў у Беларусі гучыць у кантэксьце аналягічных падзеяў у Расеі й Украіне. Аднак у першы дзень канфэрэнцыі беларуская тэма відавочна дамінавала. Гэтаму спрыяла прысутнасьць вялікай дэлегацыі менскіх праваабаронцаў, а таксама сваякоў зьніклых – Зінаіды Ганчар, Вольгі Завадзкай і Вольгі Захаранка. Апошняя адмыслова прыляцела на гэтыя слуханьні зь Нямеччыны.

Хоць Вярхоўная рада Ўкраіны накіравала запрашэньні на слуханьні ў кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў і ўраду Беларусі, ніхто зь іхных прадстаўнікоў у Кіеў не прыехаў. Прысутнічаў толькі супрацоўнік амбасады Беларусі ў Кіеве, які, да таго ж, адмовіўся назваць арганізатарам сваё прозьвішча.

Дэпутаты Фралоў, Скрабец і Парфяновіч, якія з-за галадоўкі не змаглі прыехаць у Кіеў, перадалі свой зварот да ўдзельнікаў слуханьняў, у якім яны выказваюць патрабаваньне “як найхутчэй прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці пэўныя службовыя асобы зь Беларусі, вінаватыя ў арганізацыі зьнікненьняў, выкарыстоўваючы прынцып “унівэрсальнай юрысдыкцыі”, гэта значыць – паставіць іх перад судом у іншых краінах, якія маюць адпаведнае заканадаўства.”

Дакладчык ПАРЭ ў справе палітычных зьнікненьняў у Беларусі Хрыстас Пургурыдэс заявіў, што ягоная арганізацыя ўжо зрабіла пэўныя крокі для рэалізацыі гэтай ідэі:

(Пургурыдэс: ) “Па праўдзе кажучы, мы зьвярнуліся да дзьвюх краінаў, каб тыя вызначыліся, ці могуць яны правесьці крымінальнае расьсьледаваньне дзейнасьці прадстаўнікоў уладаў Беларусі. Я не зьбіраюся казаць, якія гэта краіны, але мы чакаем іхнага адказу”.

Паводле спадара Пургурыдэса, абедзьве краіны далі зразумець, што будуць пэўныя цяжкасьці з арганізацыяй судоў у гэтых краінах, цяжкасьці перш за ўсё працэдурнага характару. Палітычна ўжо сабрана дастаткова доказаў, каб прыняць сур’ёзныя палітычныя рашэньні, але суды разглядаюць справу з чыста юрыдычнага пункту гледжаньня. Тым ня менш, надзея на гэтыя дзьве краіны ня згубленая”, запэўніў спадар Пургурыдэс.

(Пургурыдэс: ) “Я ўпэўнены, што санкцыі супраць рэжыму – гэта самы эфэктыўны сродак, бо калі тыя ж Навумаў ці Сівакоў наведаюць краіны, дзе існуе рызыка іхнага затрыманьня, дык я не сумняваюся, што яны будуць арыштаваныя.”

Хрыстас Пургурыдэс выказаў абсалютную ўпэўненасьць, што “пакуль ва ўладзе існуе рэжым Аляксандра Лукашэнкі, ня можа быць і мовы пра справядлівае дасьледаваньне справаў зьніклых, бо гэтае дасьледаваньне дакажа, што людзі з улады былі зьвязаныя з гэтымі актамі. Таму Рада Эўропы будзе працягваць зьдзяйсьняць на беларускую ўладу максымальны ціск праз моцную крытыку, санкцыі з боку міжнародных структур, каб зрынуць гэты рэжым у палітычным значэньні гэтага слова.

У далейшым жа ад падобных зьнікненьняў Беларусь, Украіну і Расею можа засьцерагчы толькі разьвіцьцё дэмакратыі і моцнай грамадзянскай супольнасьці,” заявіў спадар Пургурыдэс.

Нагадаю, што дакладчык ПАРЭ ў справе палітычных зьнікненьняў у Беларусі Хрыстас Пургурыдэс летась двойчы наведаў Беларусь і падрыхтаваў дзьве справаздачы — пра ўціск незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў краіне ды пра зьніклых Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. На падставе гэтых дакумэнтаў на сэсіі ПАРЭ 28 красавіка былі ўхваленыя некалькі рэзалюцыяў і рэкамэндацыяў, у якіх утрымліваецца патрабаваньне адстаўкі генэральнага пракурора Беларусі Віктара Шэймана, правядзеньня незалежнага расьсьледаваньня справаў зьніклых, а таксама судовых працэсаў над беларускімі чыноўнікамі, што спрычыніліся да гэтых зьнікненьняў. Цяпер гэтыя рэкамэндацыі разглядае выканаўчы орган Рады Эўропы — камітэт міністраў.
XS
SM
MD
LG