Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інтэрпол таксама шукае зьніклых беларускіх палітыкаў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пра гэта запэўніў у Менску генэральны сакратар Інтэрполу Роналд Ноўбл. Дзеля актывізацыі пошуку ён прапанаваў увесьці ў склад цэнтральнага бюро Інтэрполу прадстаўніка беларускай міліцыі.

Генэральны сакратар Інтэрполу Роналд Ноўбл падчас сваіх сустрэчаў у Менску з высокімі службовымі асобамі краіны абмяркоўваў і тэму пошуку зьніклых людзей. Пра гэта Роналд Ноўбл заявіў Радыё Свабода ў Нацыянальным прэсавым цэнтры. Шэф Інтэрполу аднак не ўдакладніў імені свайго суразмоўцы:

(Ноўбл: ) “Ня памятаю дакладна, на якой сустэчы гэта было, альбо зь віцэ-прэм’ерам, альбо зь міністрам унутраных справаў, але мы гаварылі пра тое, як важна змагацца з арганізаванай злачыннасьцю і як важна займацца пошукамі зьніклых людзей”.

Генэральны сакратар Інтэрполу ўстрымаўся ад асабістых ацэнак намаганьняў беларускіх сьледчых у пошуку Юрыя Захаранкі ды іншых зьніклых апазыцыянэраў. “Мы ведаем пра гэтага чалавека, а таксама пра іншых зьніклых вядомых асобаў. Іх імёны знаходзяцца ў базе зьвестак Інтэрполу і мы не спыняем іх пошукаў”, — запэўніў генэральны сакратар Інтэрполу.

На пытаньне, якую дапамогу могуць аказаць сьледчыя іншых краінаў у пошуках беларускіх апазыцыянэраў, Роналд Ноўбл адказаў, што прапанаваў кіраўніцтву беларускай міліцыі накіраваць свайго супрацоўніка ў цэнтральнае бюро Інтэрполу для працы ў тым ліку паводле гэтых справаў. Беларускі міліцыянт можа працаваць у аддзеле барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, пошуку тых, хто схаваўся ад суду, альбо ў аддзеле пошуку зьніклых, сказаў Роналд Ноўбл.

Прысутны на прэсавай канфэрэнцыі міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў не паведаміў журналістам, якому аддзелу асабіста ён аддае перавагу. Уладзімер Навумаў увогуле ніяк не пракамэнтаваў таго, што пошукі беларускіх апазыцыянэраў ідуць безвынікова.

Нагадаем, у 1999 годзе зьніклі спачатку былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка, потым адзін зь лідэраў апазыцыі Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Праз год у шэраг зьніклых патрапіў журналіст Зьміцер Завадзкі. Сёлета ў красавіку Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ў адмысловай заяве ўсклала адказнасьць за замаруджваньне сьледзтва паводле гэтых справаў на кіраўніцтва краіны і заклікала высьветліць асабістую датычнасьць да зьнікненьняў дзейнага генэральнага пракурора Беларусі Віктара Шэймана, а таксама міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава. Аднак кіраўніцтва Беларусі пакуль не адрэагавала на гэтыя заклікі.
XS
SM
MD
LG