Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатку Белаазёрскага гарсавету пакаралі за выкананьне сваіх абавязкаў


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Суд у Бярозе не задаволіў пазову дэпутаткі Белаазёрскага гарсавету Натальлі Акаронкі аб скасаваньні вынесенай ёй вымовы. На падставе гэтага дысцыплінарнага пакараньня спадарыня Акаронка была звольненая з працы. Сама яна лічыць, што такім чынам пацярпела за сваю дэпутацкую дзейнасьць.

Наталья Акаронка, якая працавала ў Белаазёрскай школе №3 настаўніцай, вымову ад дырэктара школы атрымала летась у лістападзе. Дэпутатку гарсавету пакаралі за тое, што яна брала ўдзел у сэсіі гарадзкога савету. У той час большасьць у Белаазёрскім гарсавеце складалі незалежныя дэпутаты і прадстаўнікі апазыцыі. Аднак намаганьнямі мясцовых уладаў астатнія дэпутаты тую сэсію байкатавалі.

З 1 студзеня Натальля Акаронка, якая ёсьць сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”, была звольненая з працы. Падставай для звальненьня сталася менавіта ранейшая вымова. Гэтае дысцыплінарнае пакараньне дэпутатка і вырашыла абскардзіць праз суд. Спачатку спадарыню Акаронку падтрымалі абласная і раённая пракуратура, якімі быў вынесены пратэст у гэтай справе. Аднак у судзе прадстаўнік пракуратуры Бярозаўскага раёну заявіў, што ня бачыць парушэньняў працоўнага заканадаўства з боку адміністрацыі школы і пратэст падтрымаць адмовіўся.

Натальля Акаронка зьбіралася хадайнічаць, каб у якасьці сьведкі ў суд быў выкліканы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч. У той дзень, калі зьбіралася сэсія гарсавету, ён наведваў Белаазёрск і мог асабіста засьведчыць, што дэпутатка Акаронка знаходзілася ў залі паседжаньняў. Аднак зважаючы на галадоўку Парфяновіча, спадарыня Акаронка ад свайго хадайніцтва адмовілася. Дэпутатка цьвердзіць, што раённы суд, які не задаваліў ейнага пазову, проста выканаў загад мясцовай вэртыкалі.

(Акаронка: ) “Я вызначаю гэтую сытуацыю як палітычную і прававую сваволю, ціск на дэпутата апазыцыйнай партыі. Гэта ўнікальны выпадак, калі дэпутата караюць за ягоныя дэпутацкія абавязкі. Як я тады магу абараняць інтарэсы сваіх выбарцаў, калі я не магу сябе абараніць?”

Спадарыня Акаронка, якая з таго часу ня можа знайсьці працы, мае намер абскардзіць сёньняшняе рашэньне ў абласным судзе.
XS
SM
MD
LG