Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За краты сьледчага ізалятару трапіў былы ахоўнік прэзыдэнта


Любоў Лунёва, Менск Арыштаваны афіцэр з аховы прэзыдэнта, палкоўнік Андрэй Падабед, знаходзіцца за кратамі сьледчага ізалятару. Яго абвінавачваюць у падпале. Хутчэй за ўсё, да суду абвінавачаньняў стане болей.

Крымінальная справа палкоўніка Падабеда нагадвае сучасны баявік. Паводле крыніцаў у праваахоўных органах, ён і ягоныя саўдзельнікі шантажавалі дырэктара адной камэрцыйнай фірмы, ад якога патрабавалі 80 тысяч даляраў. У выпадку адмовы абяцалі шмат непрыемнасьцяў — і сапраўды, празь нейкі час загарэлася жытло прадпрымальніка. Пасьля гэтага той заплаціў 70 тысяч даляраў. Але ад яго не адчапіліся.

Дырэктару прапанавалі заключыць адмысловую дамову, каб нібыта за ягоную ахову плаціць афіцэрам з аховы прэзыдэнта яшчэ і штомесячны заробак ад фірмы. Той не пагадзіўся. На наступны дзень ён убачыў каля свайго аўтамабіля міліцыянтаў і групу сапёраў. Яны патлумачылі, што нехта патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што аўтамабіль замініраваны. Сапёры знайшлі міну. Пакуль яе абясшкоджвалі, дырэктару патэлефанаваў палкоўнік Падабед і папярэдзіў, што наступным разам званіць у міліцыю ня будуць. Толькі пасьля гэтага прадпрымальнік зьвярнуўся па дапамогу.

Калі ахоўнік прэзыдэнта даведаўся, што супраць яго распачалі крымінальную справу, адразу напісаў заяву аб звальненьні й паспрабаваў схавацца. Але яго затрымалі й правялі ператрус, у часе якога знайшлі некалькі відаў зброі. Але пакуль яго абвінавачваюць у падпале прыватнага жытла.

Кіраўнік прэс-службы пракуратуры Беларусі Юры Азаронак паведаміў Радыё Свабода, што справу былога ахоўніка прэзыдэнта расьсьледуе Менская гарадзкая пракуратура. Акалічнасьці справы пакуль не агалошваюцца.

(Азаронак: ) “Дзе б ні працаваў чалавек, калі ён парушыць закон, то абавязкова будзе пакараны. Як гэта адбылося і са старшынём Белдзяржтэлерадыёкампаніі, як гэта адбываецца са шматлікімі супрацоўнікамі мытні, так будзе і з кожным, хто парушыць закон у нашай рэспубліцы — у якой бы структуры ні працаваў чалавек. У нас недатыкальных няма”.

Адмыслоўцы лічаць, што, хутчэй за ўсё, у крымінальнай справе палкоўніка Падабеда да абвінавачаньня ў падпале дададуць яшчэ некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Апроч былога ахоўніка прэзыдэнта, у Менскім сьледчым ізалятары знаходзяцца некалькі прадстаўнікоў сілавых структураў за розныя віды злачынстваў. У асноўным яны зьвязаныя з выкарыстаньнем службовага становішча.
XS
SM
MD
LG