Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве страйк падтрымала менш як палову прыватных прадпрымальнікаў


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў На магілёўскіх рынках страйкавала толькі частка прыватных гандляроў — прыкладна 30–40% ад агульнай колькасьці, паводле падлікаў Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Магілёва.

Гаворыць лідэр прафсаюзу Сяргей Фамін:

(Фамін: ) “На сёньняшні дзень магілёўскія прадпрымальнікі да такой ступені запужаныя, што адзіным фронтам яны пакуль выступіць ня могуць, на мой погляд”.

Аднак, разам з тым, лічыць спадар Фамін, іншых шляхоў вырашэньня праблемаў, акрамя ўдзелу ў акцыях пратэсту накшталт сёньняшняга страйку, у прадпрымальнікаў няма.

(Фамін: ) “Сытуацыя зайшла ў тупік, таму што, на мой погляд, улада робіць усё, каб прадпрымальнікі не існавалі як кляса ў Рэспубліцы Беларусь”.

Найбольш вострай праблемай для магілёўскіх прадпрымальнікаў цяпер зьяўляюцца стасункі з фондам сацыяльнай абароны, які спаганяе праз суд запазычаныя плацяжы з 2002 году, што прыблізна складае каля 400 даляраў для кожнага прыватніка. Таксама моцна непакоіць гандляроў ліцэнзаваньне, якое пачнецца з наступнага году, і мыта на расейскія тавары.

Між тым, удзельнікі сёньняшняга страйку перадусім выказалі сваю падтрымку дэпутатам, якія трымаюць палітычную галадоўку ў Менску.
XS
SM
MD
LG