Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 50% віцебскіх прадпрымальнікаў узялі ўдзел у агульнабеларускім страйку


Браніслава Станкевіч, Віцебск Напярэдадні актывісты прадпрымальніцкага прафсаюзу “Пэрспэктыва” распаўсюдзілі па рынках гораду некалькі тысяч улётак з патрабаваньнямі дэпутатаў-галадоўнікаў ды прапановамі падтрымаць іхную акцыю пратэсту аднадзённым страйкам.

Намесьнік старшыні Віцебскага прафсаюзу прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Барыс Элькін адзначыў, што на розных віцебскіх рынках колькасьць удзельнікаў страйку розная, а галоўнае — не такая вялікая, як можна было чакаць.

(Элькін: ) “Нізкая актыўнасьць ёсьць наступствам інфармацыйнае блякады з боку дзяржавы. Таму скажоная інфармацыя нашых тэлеканалаў уплывае на сьвядомасьць людзей, і яны не заўсёды правільна рэагуюць, ня маючы адпаведных ведаў ды падрыхтоўкі. Магу адзначыць, што рынак “Мішэль” спыніўся сёньня на ўсе 100%, бо гэта людзі, якія ўжо прайшлі праз усе выпрабаваньні ды прыніжэньні”.

На рынку “Мішэль” у лютым гэтага году таксама праходзіла галадоўка: прадпрымальнікі змагаліся такім чынам супраць рашэньняў мясцовых уладаў, якія заміналі іхнай працы. Удзельнікі тае галадоўкі адведалі галадоўнікаў сёньняшніх — чатырох сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія галадуюць на знак падтрымкі патрабаваньняў дэпутатаў парлямэнту.

(Элькін: ) “Мы адведалі віцебскіх галадоўнікаў, іх сёньня засталося чацьвёра. Да іх увесь час ходзяць наведнікі, прыносяць ім ваду, і мы будзем іх падтрымліваць, бо гэта нашы людзі”.

Разам з уласным досьведам галадаваньня прадпрымальнікі перадалі актывістам АГП і досьвед інфармацыйнае падтрымкі. Цяпер пра падзеі, зьвязаныя з галадоўкай віцебскіх сябраў АГП, можна даведацца на адмысловым сайце www.vitebsktribune.iatp.by/galadowka, калісьці створаным дзеля асьвятленьня галадоўкі віцебскіх прадпрымальнікаў. Цяпер на ім зьмешчаная і хроніка акцыі пратэсту віцебскіх актывістаў АГП.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG