Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі сэнатар Джон Маккэйн выказаў падтрымку дэпутатам, а лекары бачаць прыкметы згушчэньня крыві ў некаторых галадоўнікаў


Алесь Дашчынскі, Менск Амэрыканскі сэнатар Джон Маккэйн накіраваў ліст генэралу Валерыю Фралову, у якім выказаў салідарнасьць з галадоўнікамі-дэпутатамі й актывістамі партыяў АГП і БНФ. Сэнатар называе ўдзельнікаў акцыі “адметным прыкладам маральнай сьмеласьці й рашучасьці”.

Сёньня да генэрала Валерыя Фралова нечакана прыехала “хуткая дапамога” з Рэспубліканскага шпіталю кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Ачольвала брыгаду дактароў загадчыца тэрапэўтычнага аддзяленьня. У кватэру галадоўнікаў яе накіравала кіраўніцтва бальніцы, паколькі ўчастковы тэрапэўт знаходзіцца ў адпачынку, то генэрала мусіць агледзець яна. Прысутныя ў кватэры запатрабавалі, каб агляд дэпутата Фралова праводзіўся пры ўдзеле галадоўніка Ўладзімера Чырвоненкі, які мае мэдычную адукацыю.

(Чырвоненка: ) “Гэты візыт — адказ улады на тое, што тут робіцца, што некаторыя людзі ўсур’ёз успрымаюць сытуацыю, і калі нешта здарыцца, то нехта за гэта будзе адказваць. Кіраўніцтва гэтай мэдычнай установы таксама не жадае быць “крайняй” ва ўсёй гэтай справе, і таму яны зрабілі пашыраны агляд, каб потым сказаць: маўляў, мы выконвалі сваю справу, рабілі маніторынг стану здароўя і ніякіх пытаньняў да нас не павінна быць”.

Лекары шпіталю Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта адмовіліся паведамляць прэсе вынікі агляду дэпутата Валерыя Фралова. Паводле Чырвоненкі, кардыяграма не паказала вострых зьменаў, аднак лекары былі шакаваныя тым, што мінулых рэкамэндацыяў дактароў генэрал Фралоў не выконвае, не прымае ніякіх мэдыкамэнтаў. Яны настойвалі на прыёме мэдыкамэнтаў і выпісалі дадатковыя лекі. Генэрал пасьля спрэчак згадзіўся з дактарамі. Яны не прапаноўвалі шпіталізацыі, але ягоны стан здароўя мусіць стала кантралявацца.

Лекар Дзьмітры Міхнюк на грамадзкіх асновах сочыць за станам здароўя галадоўнікаў. Ён паведаміў Валерыю Фралову і Марыне Багдановіч вынікі аналізаў, зробленых у адной з паліклінік. Ці дазваляе стан здароўя галадоўнікаў працягваць галадоўку?

(Міхнюк: ) “Сёньня ўжо 15-ы дзень галадоўкі, і стан іх здароўя пагоршыўся. Праведзенае абсьледаваньне паказвае, што наступаюць зьмены ў крыві, ёсьць прыкметы згушчэньня крыві. Як доктар, я рэкамэндаваў бы ім спыніць галадоўку. Але гэта іхная воля, іхнае рашэньне, яно не залежыць ад мяне”.

Самі ўдзельнікі палітычнай галадоўкі гатовыя працягваць акцыю пратэсту. Сваю пазыцыю тлумачыць старшыня Менскай абласной арганізацыі АГП Марына Багдановіч:

(Багдановіч: ) “Падтрымка вельмі моцная, таму і сілы ёсьць. Нашыя патрабаваньні да гэтага часу ня выкананыя. Хаця многія з нас адчуваюць сябе ня так моцна, і здароўе ў многіх пачынае падводзіць, пакуль хопіць сілаў, мы будзем дабівацца выкананьня ўсіх трох патрабаваньняў, якія мы вылучылі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG