Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі амбасадар Гельмут Фрык зьяжджае зь Беларусі


Ул. інф. У размове з карэспандэнтам Свабоды ён назваў цяперашнія нямецка-беларускія дачыненьні “халаднаватымі”. Паводле яго, гэтаы эпітэт справядлівы і для характарыстыкі беларускіх зносінаў зь іншымі краінамі Эўразьвязу. Калі афіцыйны Менск ня пойдзе насустрач тым патрабаваньням, што цягам апошніх гадоў выстаўляюць яму эўрапейскія краіны, стаўленьне Эўропы да Беларусі наўрад ці зьменіцца.

Спадар Фрык занепакоены станам здароўя беларускіх галадоўнікаў, якіх разам зь іншымі калегамі амбасадарамі наведаў учора. Пры гэтым нямецкі дыплямат цалкам падзяляе патрабаваньні ўдзельнікаў галадоўкі:

(Фрык: ) “Мы зь вялікай трывогай ўспрымаем галадоўку. Кажучы “мы”, я маю на ўвазе ўсіх амбасадараў і кіраўнікоў дыпмісіў краінаў Эўразьвязу, якія працуюць у Менску. Пасьля пашырэньня Эўропы на ўсход нас тут адзінаццаць. Мы цалкам падзяляем заклапочаннасьць і тыя патрабаваньні, якія выстаўляюць галадоўнікі сваім уладам. Яны адлюстроўваюць тое, што неаднойчы выказваў Эўразьвяз у афіцыйных заявах. Мы патрабуем, напрыклад, каб працэс над Марынічам, у выпадку доказаў ягонай віны і складу злачынства, быў сумленным і адкрытым. Калі ж такіх доказаў няма, то мы патрабуем вызваленьня Марыніча.

Ужо на працягу некалькіх гадоў мы настойваем на правядзеньні празрыстых і свабодных выбараў у Беларусі. Гэта магчыма толькі ў выпадку зьменаў у Выбарчым кодэксе, дый таксама ў практыцы правядзеньня выбараў. І намер беларускага кіраўніцтва, калі такі маецца, з дапамогай рэфэрэндуму зьмяніць дзейную Канстытуцыю і працягнуць паўнамоцтвы прэзыдэнта, нас вельмі клапоціць. У гэтым пляне мы выступаем ва ўнісон з усімі 25 краінамі Эўразьвязу. Тым больш, што наша сумесная пазыцыя адпавядае прынцыпам АБСЭ, сябрам якой зьяўляецца і Беларусь. Зыходзячы з усяго таго, што я сказаў, палітычныя дачыненьні паміж Нямеччынай і Беларусьсю, як і паміж іншымі краінамі ЭЗ і Беларусьсю, ёсьць дастаткова прахалоднымі. І гэта, відавочна, ня зьменіцца, пакуль тыя пытаньні, пра якія мы гаварылі, дый таксама іншыя пытаньні, ня знойдуць здавальняючага рашэньня”.

Напярэдадні свайго плянаванага праз два тыдні ад’езду зь Менску спадар Фрык даў інтэрвію Свабодзе, у якім спыніўся на сытуацыі вакол ЭГУ, на праблеме канфіскацыі нямецкай маёмасьці ў Беларусі, на пытаньні двухбаковага палітычнага дыялёгу ў фармаце “крок за крокам” дый на іншых момантах цяперашніх нямецка-беларускіх дачыненьняў. Інтэрвію амбасадара Нямеччыны прагучыць у адной з найбліжэйшых праграмаў.
XS
SM
MD
LG