Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты-галадоўнікі задаволеныя падтрымкай прадпрымальнікаў-страйкоўцаў


Юры Сьвірко, Менск Апоўдні Ўладзімер Парфяновіч, Сяргей Скрабец і Валеры Фралоў выйшлі з кватэры ў Казарменным завулку ў двор, дзе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі беларускіх прадпрымальнікаў, якія 17 чэрвеня ладзілі агульнанацыянальны страйк, падтрымліваючы патрабаваньні дэпутатаў-галадоўнікаў.

Апоўдні каля дому, дзе праходзіць галадоўка, сабралася шмат журналістаў, прыехалі прадстаўнікі расейскіх тэлеканалаў. Дэпутаты-галадоўнікі выйшлі ў двор і распачалі імправізаваную прэсавую канфэрэнцыю, падчас якой прыехалі лідэр прадпрымальнікаў-страйкоўцаў Анатоль Шумчанка і два ягоныя калегі.

Перад тэлекамэрамі адбылася сустрэча трох галадоўнікаў з трыма страйкоўцамі — апошнія распавялі, што некаторыя прадпрымальнікі казалі пра неабходнасьць зрабіць апошні, шосты пункт патрабаваньняў страйку першым: “Не — трэцяму прэзыдэнцкаму тэрміну і зьменам у Канстытуцыі”. Адзін з галадоўнікаў, Сяргей Скрабец, зазначыў:

(Скрабец: ) “Прадпрымальнікі зрабілі для нас вельмі шмат тым, што яны распаўсюджваюць інфармацыю, бо на сёньняшні час пра нашу галадоўку мала хто ведае ў рэгіёнах. А тое, што прадпрымальнікі высунулі палітычныя патрабаваньні, падтрымалі нас у нашых патрабаваньнях аб зьмене палітычнай сытуацыі ў Беларусі, — гэта вельмі важна. Гэта самы важны вынік — што прадпрымальнікі пачалі задумвацца, чаму не выконваюцца іхнія эканамічныя патрабаваньні. Важна, што гэтая акцыя ня толькі ў Менску, але і па ўсёй Беларусі. Гэта найбольш масавая акцыя, а яшчэ зьбіраюць подпісы ў нашу падтрымку — праз “Народную волю”. Шмат людзей падпісалася, ўжо больш за некалькі тысяч”.

А іншы галадоўнік Валеры Фралоў, да якога ў часе прэсавай канфэрэнцыі нечакана прыехала машына “хуткай дапамогі”, якой ён не выклікаў, назваў падтрымку з боку прадпрымальнікаў “калясальнай” і сказаў Радыё Свабода:

(Фралоў: ) “Можа, мы ўпершыню галадуем і ня ведаем, як разьвіваюцца падзеі, але мне падалося, што гэтая дынаміка падзеяў, калі бяруць удзел прадпрымальнікі, шмат якія людзі, дапаможа нам зьмяніць сытуацыю ў Беларусі. Калісьці рабочая кляса лічылася гегемонам, цяпер рабочая кляса, на жаль, зусім ня тая. Цяпер прадпрымальнікі, моладзь і інтэлігенцыя — тры самыя актыўныя сілы, зь якімі мы ўзаемадзейнічаем. І ўсе іх любыя акцыі — гэта толькі на плюс ідзе”.

(Карэспандэнт: ) “А вы чакалі, што будзе менавіта такая акцыя? Ці вы чакалі, што ўсе рынкі спыняць працу?”

(Фралоў: ) “Я не такі наіўны, каб усе рынкі... Тое, што ўжо спынілася, — я лічу, для першага такога кроку, зьвязанага з палітычнымі патрабаваньнямі, гэта проста вельмі шмат. Нечакана шмат”.

Уладзімер Парфяновіч сказаў, што задаволены страйкам, але дадаў, што, мажліва, яшчэ адна акцыя адбудзецца 22 чэрвеня, калі Палата прадстаўнікоў будзе разглядаць папраўкі групы “Рэспубліка” да Выбарчага кодэксу.

(Парфяновіч: ) “Калі зроблены адзін крок, гэта вельмі добра. А гэта ўжо не адзін крок, гэта некалькі крокаў наперад. Людзі яшчэ вельмі баяцца. Яны баяцца толькі таму, што яны неаб’яднаныя. Калі яны будуць аб’яднаныя, ніхто іх ня будзе чапаць, і ўсе будуць выконваць іхныя прапановы і патрабаваньні. Мабыць, будзе тое, што людзі прыйдуць да парлямэнту. Пакуль не абмяркоўвалі гэтай прапановы, але, магчыма, людзі 22-га прыйдуць”.

Аднак Сяргей Скрабец наконт 22 чэрвеня заявіў наступнае:

(Скрабец: ) “Мы не плянуем ніякіх акцыяў масавых. Мы лічым, што трэба нам рыхтавацца да 21 ліпеня, калі будзе дзесяць гадоў, як Лукашэнка стаў прэзыдэнтам. Будзем усе сілы і намаганьні свае накіроўваць туды, на гэтую акцыю”.

Ці спыняць дэпутаты сваю галадоўку 22 чэрвеня — у дзень разгляду Палатай прадстаўнікоў іхніх паправак да Выбарчага кодэксу? Вось як на гэтае пытаньне адказаў Уладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Ня ведаю, калі. Павінны спыніць раней, таму што павінны працаваць далей, падрыхтоўвацца да 21 ліпеня, а на гэта патрэбна вельмі шмат сілаў”.

(Карэспандэнт: ) “Да 22 чэрвеня вы датрымаеце?”

(Парфяновіч: ) “Пакуль ня ведаю. Не хачу адказваць, да якога мы будзем трымацца. Няма такога тэрміну, на якім стаіць крыж”.
XS
SM
MD
LG