Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як на Віцебшчыне адзначаць 80-я ўгодкі Васіля Быкава?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Дзесяць месяцаў таму Віцебская абласная Рада Таварыства беларускай мовы зьвярнулася да гарадзкіх ды абласных уладаў з шэрагам прапановаў па ўшанаваньні памяці Васіля Быкава. З таго часу Радыё Свабода неаднаразова паведамляла слухачам пра тыя праблемы, зь якімі даводзілася сутыкацца сябрам ТБМ на шляху да ажыцьцяўленьня сваіх прапановаў. Што ўдалося зьдзейсьніць, а што так і засталося ў нявыкананых плянах?

Так і не ўдалося дамагчыся таго, каб імя Васіля Быкава было нададзенае абласной бібліятэцы, хаця гэтую прапанову ТБМ падтрымалі ў Віцебску і асобныя грамадзяне, і шэраг грамадзкіх арганізацыяў. Яны атрымалі ад уладаў хто вуснае, а хто і пісьмовае тлумачэньне, што перайменаваньнем бібліятэкі, якая цяпер носіць імя Леніна, будуць дужа незадаволеныя тутэйшыя вэтэраны, тым болей напярэдадні ўгодкаў вызваленьня Беларусі.

Насамрэч у гарвыканкам ды віцебскія газэты было даслана некалькі такіх лістоў за подпісамі вэтэранаў мінулае вайны. Але гэта былі адзінкавыя выпадкі. Больш шырокім грамадзкім меркаваньнем улады не пацікавіліся, і іхная адмова была цьвёрдая.

Рашэньнем аблвыканкаму імя Васіля Быкава было нададзенае бібліятэцы куды меншага маштабу — маленькай бібліятэцы ў вёсцы Кублічы Вушацкага раёну. У гэтай бібліятэцы ўсяго 400 чытачоў і нават няма тэлефону. У вёсцы Кублічы Васіль Быкаў вучыўся ў школе, але надаць Кубліцкай школе ягонае імя — таксама паводле прапановаў Віцебскай рады ТБМ — улады не пагадзіліся таксама. З прычыны недахопу грашовых сродкаў была адхіленая прапанова правесьці на Вушаччыне мастацкі пленэр, і сябры ТБМ вырашылі самі зьбіраць на яго грошы. А меркаваньне пра неабходнасьць стварыць у Віцебску музэй пісьменьніка было аспрэчана наяўнасьцю ў горадзе “агульнага” літаратурнага музэю.

Адмысловай пастановай аблвыканкаму было зацьверджана усяго шэсьць прапановаў ушанаваньня памяці Васіля Быкава на Віцебшчыне. Паводле словаў супрацоўніцы аблвыканкаму Ніны Сулецкай, зьдзейсьненыя зь іх усяго тры.

(Сулецкая: ) “Літаратурнае сьвята, заплянаванае ў Вушачах, ужо перанесьлі на восень. Пра навуковую канфэрэнцыю, прысьвечаную Быкаву, ужо ўвогуле ніхто ня згадвае. І не хапіла грошай на тое, каб зрабіць мэмарыяльную дошку на будынку, дзе ён вучыўся ў мастацкай вучэльні, не хапіла нават на выкананьне яе ў мяккім матэрыяле, ёсьць толькі нейкія накіды”.

Зрэшты, старшыня абласное рады ТБМ Іосіф Навумчык заўважыў, што пад ціскам грамадзкага меркаваньня гарадзкія ды абласныя ўлады мусілі зрабіць хаця бы нешта дзеля ўшанаваньня памяці Васіля Быкава. Таму прапановы ТБМ былі выказаныя недарэмна, як бы ні ставіліся да іх асобныя чыноўнікі. Самым значным дасягненьнем у гэтым сэнсе спадар Навумчык лічыць стварэньне музэю на радзіме пісьменьніка, у вёсцы Бычкі — аблвыканкам выдаткаваў на гэта сродкі, і 18 чэрвеня музэй будзе адчынены.

А ў Віцебску своеасаблівым падсумаваньнем зробленага будуць апошнія імпрэзы, пра якія распавядае старшыня абласное Рады ТБМ Іосіф Навумчык:

(Навумчык: ) “Гэта адкрыцьцё экспазыцыі, прысьвечанай Васілю Быкаву, у абласным літаратурным музэі. А потым — вялікая ўрачыстая імпрэза, прысьвечаная 80-м угодкам пісьменьніка ў абласной бібліятэцы, падрыхтаваная ейнымі супрацоўнікамі супольна з ТБМ ды абласной філіяй Саюзу пісьменьнікаў. Да нас завітае Генадзь Бураўкін — укладальнік кнігі “Наш Быкаў”, якая выйшла ў Менску ў гэтыя перадюбілейныя дні. А пасьля мы паедзем пакланіцца роднай хаце Быкава, дзе сустрэнемся зь ягонымі блізкімі ды сябрамі. І я думаю, што ўсё гэта толькі пачатак сапраўднага ўшанаваньня ягонае памяці, бо з кожным днём і месяцам імя Васіля Быкава робіцца ўсё больш значным дзеля беларусаў, дзеля выхаваньня нашае нацыянальнае самасьвядомасьці”.
XS
SM
MD
LG