Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве пройдуць Міжнародныя грамадзкія слуханьні “Палітычныя зьнікненьні ў Беларусі, Украіне і Расеі”


Валер Каліноўскі, Менск Тэма — “Палітычныя зьнікненьні й пазасудовыя сьмяротныя пакараньні ў Рэспубліцы Беларусі, Расейскай Фэдэрацыі і Ўкраіне. Абарона ахвяраў: міжнародныя і нацыянальныя мэханізмы”. Гэты форум праводзіцца 17–18 чэрвеня пры непасрэдным спрыяньні парлямэнту Ўкраіны; прэзыдэнт Леанід Кучма і ўрад не пярэчылі ягонаму правядзеньню.

Слуханьні пройдуць у памяшканьні Вярхоўнай Рады, яны ў роўнай ступені датычаць Беларусі, Расеі і Ўкраіны, дзе зафіксаваныя падобныя зьнікненьні й пакараньні.

Адпаведна ў іх прымуць удзел дэлегацыі з трох кріанаў. Зь беларускага боку — прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў, жонкі зьніклых палітыкаў, журналісты незалежных СМІ. Запрашэньні атрымалі таксама намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў, старшыня Камісіі па правах чалавека Валеры Ліпкін, старшыня Камісіі па нацыянальнай бясьпецы Барыс Бікінін, а таксама прадстаўнікі ўраду. Папярэдне выказвалі згоду на ўдзел у форуме дэпутаты Фралоў, Парфяновіч і Скрабец, але паколькі яны працягваюць сваю галадоўку пратэсту, то зразумела, што далучыцца ня змогуць. З боку афіцыйнага Менску сваю зацікаўленасьць прысутнічаць на слуханьнях выказаў пакуль толькі амбасадар Беларусі ў Кіеве Ўладзімер Вялічка.

У слуханьнях возьмуць удзел спэцыяльны дакладчык Камітэту па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс, упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека, расейскія праваабаронцы Сяргей Кавалёў і Валянцін Гефтэр, прадстаўнікі арганізацыяў “Міжнародная Амністыя” і “Х’юман Райтс Вотч” ды іншыя.

Гэтыя слуханьні нельга разглядаць як нейкую акцыю супраць уладаў, у прыватнасьці, беларускіх, зазначае адзін з арганізатараў слуханьняў каардынатар Віньніцкай праваабарончай групы Дзьмітры Гройсман:

(Гройсман: ) “Гэтую акцыю мы праводзім разам з камітэтам Вярхоўнай Рады Украіны ў справе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, які разглядае гэткія злачынствы якраз як праяву арганізаванай злачыннасьці й карупцыі. Таму калі гэта і супраць кагосьці скіравана, то толькі супраць прадстаўнікоў крыміналітэту, нават калі ён у пэўных краінах зьяднаны зь дзяржаўнымі структурамі”.

Спадар Гройсман зазначае, што гатовы супрацоўнічаць нават з тымі беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, якія былі закрытыя беларускімі ўладамі.

Які можа быць вынік гэтых слуханьняў? Спадар Гройсман мяркуе, што арганізатары хацелі бы актывізаваць прынцып так званай унівэрсальнай юрысдыкцыі, які замацаваны, напрыклад, ва ўкраінскім крымінальным заканадаўстве.

(Гройсман: ) “Гэта калі бы людзі, ахвяры парушэньняў правоў чалавека, сваякі зьніклых ці забітых журналістаў, палітыкаў маглі б зьвяртацца ў іншую краіну, напрыклад, украінскія сваякі ў Беларусь, а беларускія ва Ўкраіну, каб урады нашых краінаў пачалі судовае сьледзтва і перасьлед асобаў зь іншых кріанаў, якіх ўчынілі злачынствы супраць грамадзянаў гэтых краінаў выключна таму, што гэтыя злачынствы з-за сваёй цяжкасьці патрапляюць пад гэты прынцып унівэрсальнай юрысдыкцыі, які замацаваны ў нашых крымінальных кодэксах”.

Дзьмітры Гройсман кажа, што форум можа зьвярнуцца да парлямэнтроў трох краінаў з тым, каб яны ажывілі, надалі сілу такому прынцыпу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG