Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былыя амэрыканскія дыпляматы й вайсковыя кіраўнікі падрыхтавалі ліст з асуджэньнем зьнешняй палітыкі прэзыдэнта ЗША


Ганна Соусь, Прага Яны лічаць, што зьнешнепалітычная дактрына цяперашняга кіраўніка Белага Дому прывяла да таго, што ЗША сталі больш ізаляванымі і менш бясьпечнымі.

26 былых дыпляматаў і вайсковых начальнікаў зьбіраюцца абнародаваць ліст, у якім выказваюць асуджэньне зьнешняй палітыкай Джорджа Буша, якая зьнішчыла вынікі іх дыпляматычнай працы. Маецца на ўвазе вайна ў Іраку і пагаршэньне дачыненьняў з Нямеччынай і Францыяй.

Два месяцы таму 50 брытанскіх дыпляматаў у гэткай жа форме скрытыкавалі зьнешнюю палітыку прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Тоні Блэра. Амэрыканскія дыпляматы й вайскоўцы сьцьвярджаюць, што іхні крок ня ёсьць падтрымкай кандыдата на прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джона Кэры.

Яны гавораць, што хочуць проста патлумачыць выбаршчыкам, як пашкодзіла палітыка Буша прэстыжу Амэрыкі і колішнім саюзным дачыненьням.

Сярод падпісантаў ліста ёсьць і дэмакраты і рэспубліканцы, ў тым ліку Ўільям Кроўлі, былы старшыня аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў. Ён служыў і за Рэйганам, і за Джорджам Бушам-старэйшым – прэзыдэнтах-рэспубліканцах, а пасьля падтрымліваў дэмакрата Біла Клінтана.

Палітычны аналітык Лары Сабата з Унівэрсытэту штату Вірджыніі лічыць, што нягледзячы на тое, што падпісанты ліста наўпрост не падтрымліваюць Джона Кэры, ускосна гэты крок ёсьць пэўным удзелам у перадвыбарчай кампаніі.

Алан Лічман , прафэсар палітычнай гісторыі ў Амэрыканскім унівэрсытэце ў Вашынгтоне адзначае глябальную тэндэнцыю й сярод выбаршчыкаў і сярод кіруючых элітаў, якія выступаюць супраць прадстаўнікоў кіруючай партыі, асабліва тых, хто падтрымліваў вайну ў Іраку. Алан Лічман кажа, што гэтую незадаволенасьць падзяляе ўсё больш амэрыканцаў . Паводле яго былыя дыпляматы й вайскоўцы выступаюць з адкрытай крытыкай зьнешняй палітыкі кіраўніка Белага Дому, бо яны бачаць, як Джордж Буш, праводзячы аднабаковую палітыку, ігнаруе старыя саюзы і абапіраецца на вайсковую сілу.

(Лічман: ) “Буш істотна зьмяніў амэрыканскую зьнешнюю палітыку. Прыярытэтная дактрына – радыкальна новая ў тым, як Джордж Буш яе прымяняе. І відавочна, калі Вы радыкальна зьмяняеце палітыку, гэта прыводзіць да маштабных наступстваў ва ўсім сьвеце, і канечне ў ЗША, паколькі вы кідаеце выклік меркаваньням вышэйшых чыноўнікаў цягам пэўнага часу”.

Гэтак лічыць прафэсар палітычнай гісторыі з Амэрыканскага ўнівэрсытэту ў Вашынгтоне Алан Лічман.
XS
SM
MD
LG