Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацкі гарадзкі суд не задаволіў пазову прафсаюзнага актывіста


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Сёньня ў Наваполацкім гарадзкім судзе разглядаўся пазоў былога начальніка зьмены Наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі Вадзіма Духаменкі да адміністрацыі ЦЭЦ у справе ягонага звальненьня з прадпрыемства. Вадзім Духаменка ачольваў заводзкую суполку Свабоднага прафсаюзу Беларускага і 1 траўня быў звольнены з працы. Такі ж лёс зазналі і сябры рады прафсаюзнай арганізацыі Юры Гайчанка і Юры Обухаў.

Разгляд грамадзянскай справы доўжыўся ад 10-е да 16-е гадзіны з перапынкам на абед, а вёў судовае паседжаньне непасрэдна старшыня гарадзкога суду Пятро Ляўчонак.

Спадар Духаменка быў звольнены з працы пасьля таго, як адміністрацыя ЦЭЦ адмовілася працягнуць зь ім працоўны кантракт, аднак, паводле калектыўнай дамовы, яго ня мелі права звальняць як кіраўніка прафсаюзнай арганізацыі і сябра іншых выбарных органаў, у тым ліку камісіі па працоўных спрэчках.

Разгледзеўшы ўсе абставіны справы, суд канстатаваў, што звальненьне адбылося не па ініцыятыве прадпрымальніка, а з прычыны сканчэньня кантракту і, на гэтай падставе, прызнаў звальненьне адпаведным заканадаўству.

Паводле спадара Духаменкі, такі судовы вэрдыкт яшчэ раз засьведчыў, што пры кантрактнай форме найму адміністрацыя атрымлівае поўны carte blanche, а шараговы работнік робіцца цалкам бяспраўным.
XS
SM
MD
LG