Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Newsweek”: Лукашэнка вымушае людзей вяртацца на заражаная Чарнобылем тэрыторыі


Ганна Соусь, Прага Лукашэнка вымушае людзей вяртацца на заражаная Чарнобылем тэрыторыі – піша сёньня амэрыканскі часопіс “Newsweek”.

“Як шмат часу прайшло пасьля Чарнобылю? 18 гадоў? А ў заражанай зоне на поўдні Беларусі час спыніўся”, піша аўтар артыкулу ў “Newsweek” Міхал Кацэвіч. “У вёсцы Дуброўнае цёмныя вокны ў напалову разбураных дамах. Усё што засталося ад былой школы – гэта адна сьцяна зь дзіркамі. Гэта цень вёскі, разбуранай шмат гадоў таму. Тэарэтычна сюды ніхто не павінен прыходзіць. Непадалёк ад гораду Ясень чырвоны знак – сымбаль радыяцыйнай небясьпекі “Уваход забаронены!” Аднак міліцыянты, які тут бываюць, ня ў стане адсачыць хаця б палову з тых машынаў, якія сюды прыяжджаюць”.

Аўтар артыкулу ў “Newsweek” адзначае, што пасьля некалькіх гадзінаў у зоне у роце становіцца суха і зьяўляецца галаўны боль. Птушкі не сьпяваюць, вакол жудасная цішыня, якую немагчыма перадаць. Лічыльнік Гэйгера паказвае 10 рэнтгенаў на гадзіну, калі паказьнік 5 рэнтгенаў на год лічыцца бясьпечным.

Канечне, тэрыторыя, пацярпелая ад Чарнобылю, значна большая за гэтак званую мёртвую зону. Больш за 100 тысячаў чалавек пасьля аварыі на Чарнобыльскай станцыі ў 1986 годзе пакінулі свае родныя мясьціны. Аднак сёньня некаторыя разбураныя вёскі, раскіданыя па зоне сустракаюць гэтак званых піянэраў, якія будуць абжываць пакінутыя гаспадаркі. Тут і там, у гэты цяжка паверыць, заўважныя нават новыя будынкі дамоў, піша “Newsweek”.

У красавіку прэзыдэнт Лукашэнка агаломшыў усіх заявай пра тое, што чарнобыльскія рэгіёны больш не ўяўляюць небясьпекі. І больш таго, дзяржава прапаноўвае сем’ям сяліцца й працаваць у гэтых мясьцінах.

Лукашэнка заклікае таксама вырошчваць на чарнобыльскіх землях цыбулю і зялёны гарох. Аўтар артыкулу ў часопісе “Newsweek” адзначае, што заходнія экспэрты і апазыцыйныя лідэры Беларусі адзінадушныя ў тым, што гэта прывядзе да жахлівых вынікаў. Забруджанае харчаваньне запоўніць краіну, а шпіталі будуць перапоўненыя хворымі людзьмі.

Выданьне падае гісторыю Івана Чарняка і ягонай жонкі, якія прыехалі з Малдовы пры канцы 1990-х гадоў пасьля таго, як даведаліся, што беларускія ўлады даюць дамы гэтак званым “чарнобыльцам”. Тады гэтая кампанія была даволі асьцярожнай. Беларускія ўлады зусім не хацелі, каб сьвет вывучаў іхні экспэрымэнт зь перасяленцамі. Такім чынам Чарнякі прыехалі ў Ясень. Гэта было дакладна ў мёртвай зоне, дзе радыяцыя была вельмі высокія. Іх чакаў дом, падобны да драўлянага бараку. Зь імі былі малыя дзеці. Раіса Чарняк ня мела працы, яна зьбірала і здавала старыя бутэлькі. Іван меў часовую працу ў калгасе й атрымліваў 15 даляраў у месяц. Ці ведалі яны пра небясьпеку? Канечне. “А што мы можам зрабіць? Мы ня можам адчуваць радыяцыю,” – кажа Іван. Гэткія словы гучаць яшчэ і яшчэ.

“Чаго нам баяцца? Дрэвы растуць паўсюль”, – кажа 23-гадовы Зьміцер Раманюк зь вёскі Астрагляды. Ён і ягоная маладая жонка зрабілі сабе дом з пакінутага бараку. “Мы завядзем дзяцей і будзем жыць тут”, – кажа жонка. “Чаму не?”

Аўтар артыкулу ў “Newsweek” зьвяртае ўвагу на тое, што многія з тых 80 тысячаў чалавек, хто вярнуліся ў свае дамы, гэта людзі сталага веку. “Пакіньце мяне ў пакоі. Я проста хачу дажыць апошнія дні ў сваёй роднай вёсцы”, – кажа 84-гадовы Ўладзімер Данчанка.

Тыя, хто праводзяць дзяржаўную кампанію вяртаньня ў чарнобыльскія мясьціны, не падаюць інфармацыі пра радыяцыйнае забруджваньне. Нічога не гаворыцца й пра тое, што на гэтых землях нічога нельга вырошчваць цягам ста гадоў.

У сваім тэлевізійным выступе Лукашэнка настойліва цьвердзіць, што гэтыя тэрыторыі абсалютна бясьпечныя, і запрашае прыяжджаць сюды перасяленцаў з Малдовы, Украіны і Казахстану. Праўда пазьней яны зразумеюць, што большасьць абяцаньняў ўладаў зьяўляецца мітам. У гэтых мясьцінах няма грамадзкага транспарту, жыхарам даводзіцца шмат разоў праходзіць пехам да 20 кілямэтраў. А як наконт сэрвісу, крамаў ды іншых прыкметаў цывілізацыі? Раіса Чарняк сьмяецца... Перасоўная крама прыяжджае сюды раз на тыдзень. Калі ўдаецца знайсьці працу, то заробак зрэдку дасягае 80 даляраў. Што да абяцаных субсыдыяў ды льготаў, то яны мізэрныя.

У радзільным аддзяленьні шпіталю ў Брагіне 30-гадовая Натальля Ўраджына падлічвае ў сваёй дачцы пальцы на нагах і руках. Дзеці тут нараджаюцца з сур’ёзнымі дэфэктамі – гэта тыповая сытуацыя. У 2001 годзе ў пацярпелым ад Чарнобыля рэгіёне ніводнае дзіця не нарадзілася абсалютна здаровым. Калі журналісты запытваюцца пра наступствы ўзьдзеяньня радыяцыі на здароўе, то лекары адмоўчваюцца. Паводле мясцовага актывіста Віктара Карніенкі, дадзеныя пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы ёсьць адной з найвялікшых таямніцаў рэжыму Лукашэнкі.

“Newsweek” піша, многія эколягі непакояцца, што экспэрымэнт Лукашэнкі можа прывесьці да трагедыі. Аднак даведзеныя да галечы і адчаю беларусы адмаўляюцца заўважаць небясьпеку. А можа ім даводзіцца прыслухоўвацца да абяцаньняў прэзыдэнта, паколькі ў іх проста няма іншага выйсьця?
XS
SM
MD
LG