Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпікер польскага Сэйму і іншыя вядомыя польскія палітыкі выказваюць сваю падтрымку дэпутатам-галадоўнікам


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Шэраг вядомых польскіх палітыкаў выказалі сваю салідарнасьць з галадоўнікамі ў Беларусі.

Сьпікер польскага Сэйму Юзэф Алексы выказаў падтрымку беларускім галадоўнікам.

(Алексы: ) “Я ня ведаю падрабязнасьцяў галадоўкі, бо апошнімі днямі ўсе былі занятыя выбарамі ў Эўрапарялмэнт, а таксама праблемамі, зьвязанымі з вотумам даверу для новага ўраду. Тым ня менш, я з упэўненасьцю магу сказаць, што мэты, якіх дамагаюцца галадоўнікі – слушныя. Таму я іх падтрымліваю”.

Сказаў беларускай Свабодзе Сьпікер польскага Сэйму Юзэф Алексы.

***

Генэральны сакратар кіруючай цяпер у Польшчы партыі – Саюзу левых дэмакратаў – Марэк Дыдух таксама выказаў салідарнасьць зь беларускімі галадоўнікамі ды сказаў, што выбарчае заканадаўства ў Беларусі трэба зьмяніць.

(Дыдух: ) “Я быў у Беларусі летась і лічу, што заканадаўства аб выбарах у гэтай краіне трэба зьмяніць. Там павінна быць менш цэнтралізацыі, прадугледжаныя дэмакратычныя стандарты што да падліку галасоў. Калі гэта зрабіць, дык зьмяніўся б і кшталт беларускага парлямэнту – ён стаў бы больш дэмакратычным. І калі дэпутаты дамагаюцца такіх зьменаў, дык я цалкам іх падтрымліваю”.

Сказаў беларускай Свабодзе генэральны сакратар Саюзу левых дэмакратаў Польшчы.

***

Сёньня ж кіраўнік парлямэнцкай фракцыі “Грамадзянскай плятформы” у польскім Сойме заявіў, што падтрымлівае галадоўнікаў.

Ян Ракіта – кіраўнік парлямэнцкай фракцыі партыі “Грамадзянская плятформа”, якая ёсьць цяпер у Польшчы найбольш папулярнай і перамагла напярэдадні ў выбарах у Эўрапарлямэнт, заявіў, што шчыра падтрымлівае галадоўнікаў, якія змагаюцца за дэмакратыю ў Беларусі.

(Ракіта: ) “Вялікая мара кожнага паляка – каб у Беларусі як мага хутчэй надышлі часы свабоды і трыюмфу законаў. Я ўпэўнены, што час гэты надыдзе хутка, а людзі, якія за гэта змагаюцца будуць ведаць, што рабілі слушную справу – так як цяпер гэта ведаюць былыя актывісты “Салідарнасьці”. Таму ўсе тыя, каго цяпер перасьледуюць, каму закрываюць газэты, але яны ўсё ж змагаюцца, змагаюцца за права на дэмакратычныя выбары, робяць добрую справу ня толькі для ўласнай краіны, але й для будучага ўсёй Эўропы. Я цалкам зь імі салідарны і ўсім сэрцам, усімі маімі думкамі падтрымліваю змагароў за свабоду, дэмакратыю і грамадзянскія правы ў Беларусі”.

Сказаў беларускай Свабодзе Ян Ракіта. Дарэчы, спадар Ракіта ёсьць адным з найбольш рэальных кандыдатаў на пасаду прэм’ер-міністра Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG