Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Галадаюць ня толькі дэпутаты. Палова беларускага насельніцтва сядзіць на бульбе ды малацэ”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У пошце апошняга тыдня шмат лістоў на тэму палітычнай галадоўкі трох дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і шэрагу апазыцыйных актывістаў, якія да іх далучыліся. Вось як разважае на гэты конт Міхась Данько з Давыд-Гарадку Столінскага раёну.

“Я вельмі ўсхваляваны ўчынкам дэпутатаў Валерыя Фралова, Сяргея Скрабца і Ўладзімера Парфяновіча, — піша слухач у сваім лісьце на Свабоду. — Яны робяць вялікую справу дзеля свабоднага, а значыць, і заможнага жыцьця ўсяго беларускага народу. Вельмі шкада, што не магу далучыцца да іх. Але яны не адны. Разам зь імі такія мужныя людзі як Аксана Новікава і Міхаіл Марыніч, якія павялі адкрытую барацьбу супраць хлусьні, што гучыць на найвышэйшым узроўні. Разам зь імі абаронцы Курапатаў, якія не дазволілі апаганіць памяць аб барацьбітах за лепшую долю беларускага народу. Разам зь імі — выпускнікі Беларускага гуманітарнага ліцэю, якія насуперак самадурству ўлады закончылі свой ліцэй з добрымі ведамі. Нарэшце, разам зь імі — іх выбарцы, якія даверылі ім абараняць інтарэсы грамадзтва”.

На жаль, спадар Данько, многія выбаршчыкі ня маюць магчымасьці даведацца пра тое, чаму іхныя дэпутаты пайшлі на такі крок і як улада рэагуе на акцыю пратэсту палітыкаў. Дзяржаўныя мэдыі не даюць практычна ніякай інфармацыі пра галадоўку. Робіцца гэта, відавочна, зусім сьвядома — каб акцыя ня мела шырокага розгаласу. Але праўдзівыя зьвесткі ўсё роўна даходзяць да тых, хто хоча ведаць, што насамрэч адбываецца ў краіне. Наша слухачка Іна Аўчарэнка зь вёскі Лучнікі Слуцкага раёну таксама выказвае адносіны да галадоўкі дэпутатаў. У сваім лісьце на Свабоду яна піша:

“Я ў захапленьні ад мужнага ўчынку нашых суайчыньнікаў, дэпутатаў. На мой погляд, яны нацыянальныя героі. Галадоўка — гэта цяжка, але дзён дваццаць можна вытрымаць бяз шкоды для здароўя. Калі становіцца млосна, няхай п’юць болей вады (можна мінэралку бяз газу). Некалькі год таму, пры сваёй вазе 53–55 кіляграмаў, я вытрымлівала самае большае 19 дзён галаданьня. Дай Бог, каб ім не спатрэбіўся большы тэрмін. Добра было б, каб яны ведалі, што ёсьць людзі, якія паважаюць і любяць іх за іхныя ўчынкі”.

Пра тое, што многія іх падтрымліваюць, дэпутаты ведаюць, спадарыня Аўчарэнка. Штодня сотні людзей прыходзяць у двор дома, дзе адбываецца галадоўка. Выказваюць салідарнасьць з удзельнікамі акцыі пратэсту вядомыя палітыкі, дыпляматы, пісьменьнікі... Хоць ёсьць і тыя, хто і да мэты галадоўнікаў, і да іх саміх ставіцца скептычна. Вось які ліст даслаў нам Алега Бобысеў з Клімавічаў. Слухач піша:

“Ну і навіну знайшла Свабода — “Дэпутаты галадаюць”. Ды ў нас паў-Беларусі галадае. Паедзьце на вёску, паглядзіце, чым харчуюцца бедныя людзі — бульба ды малако, нават сала не ва ўсіх ёсьць. А дэпутаты ж галадаюць не таму, што ў іх няма чаго есьці. Чым галадаць, ехалі б на вёску, паднімаць калгасы. А то маладых ды здаровых амаль не засталося, усе паўцякалі ў горад, па лёгкі хлеб. Хутка ня будзе каму ні жыта вырошчваць, ні скаціну гадаваць. Вось тады сапраўды будзе галадоўка для ўсёй Беларусі: усе пакладзем зубы на паліцу, як палі ў вёсцы зарастуць хмызьняком”.

Колькі існуюць калгасы, столькі ж гучыць заклік з боку ўлады і тых, хто падтрымлівае ўладу — ехаць на вёску ды гэтыя калгасы паднімаць. Міжволі задумаесься — што гэта за форма гаспадараньня такая, у якую колькі грошай ні ўкладвай, колькі людзей туды ні пасылай, усё роўна яна імкнецца да поўнага заняпаду. Можа, спадар Бобысеў, справа ў саміх калгасах, у той палітыцы, якая накіраваная на тое, каб захаваць іх насуперак усім эканамічным законам?

Дэпутаты з групы “Рэспубліка” задумаліся над гэтымі ды многімі іншымі актуальнымі для Беларусі пытаньнямі — і прыйшлі да высновы, што прычына многіх бедаў у тым, што беларусы ня маюць магчымасьці свабодна і дэмакратычна выбраць для сябе ўладу. Таму і распачалі галадоўку, сярод іншага і дзеля таго, каб астатняя Беларусь не галадала.

Валеры Грыцук зь Менску ў сваім новым электронным лісьце працягвае дыскусію, распачатую 6 чэрвеня, на тэму магчымага рэфэрэндуму, з дапамогай якога Аляксандар Лукашэнка можа зрабіць спробу перагледзець Канстытуцыю, каб застацца пры ўладзе пасьля больш як дванаццаці гадоў прэзыдэнцтва. Нагадаю, слухача абурылі заклікі некаторых палітыкаў абараняць Канстытуцыю 1996 году — гэта ён назваў “пасткай агентаў КГБ”. Валеры Грыцук таксама пісаў, што ўсе палітычныя сілы павінны адкінуць амбіцыі і крыўды ды аб’яднацца. А хто ня хоча аб’ядноўвацца, лічыць слухач, “той вораг Беларусі”.

У сваім новым лісьце Валеры Грыцук працягвае гэту тэму:

“Паважаны спадар Валянцін! Дзякуй за камэнтар да майго ліста, але я лічу, што вы істотна памыляецеся. Найперш наконт аб’яднаньня. Сёньня ў Беларусi амаль усе дэмакратычныя сiлы такi аб’ядналіся. (За выключэньнем хіба што сацыял-дэмакратаў Статкевіча.) Вашыя агульныя словы супярэчаць фактам. Дэмакратычная апазыцыя аб’ядналася (!!!), аб’ядналіся камуністы і БНФ. Тут ёсьць і міжнародны досьвед. Зь перадачаў Свабоды вядома пра падзеі польскага круглага стала. Тады, у 1989-м, аб’ядналіся ўсе дэмакратычныя сілы Польшчы, нават камуністы пайшлі на дыялёг з “Салідарнасьцю” дзеля абароны Польшчы. Таму гісторыя паказвае, што амаль усё залежыць ад жаданьня палітычных лідэраў.

Адносна тактыкі. Тактыкі бываюць розныя, але вырашае стратэгія. Ёсьць кампраміснасьць, а ёсьць беспрынцыпнасьць. Лічу, што найлепшая тактыка супраць трэцяга тэрміну — гэта зыход (добраахвотна-прымусовы) Лукашэнкі са сваёй пасады. Гэта магчыма. Лічу, нездарма сёньняшнія героі — дэпутаты-галадоўнікі — таксама прапанавалі гэты варыянт для Лукашэнкі. Але ёсьць і іншыя сумленныя тактыкі, толькі не абарона каштоўнасьцяў ворага. Шкада, што вы, спадар Валянцін (думаю, несьвядома) уводзіце ў зман слухачоў. Вы — добры журналіст, але гэта не дазваляе вам быць мэнтарам ці палітычным лідэрам. Вы ведаеце многа, але далёка ня ўсё. Валеры Грыцук, Менск”.

Натуральна, спадар Грыцук, добраахвотны ці добраахвотна-прымусовы сыход Аляксандра Лукашэнкі — для беларускай апазыцыі (і ня толькі для апазыцыі) аптымальнае рашэньне і тактычных, і стратэгічных праблемаў. Іншая справа — наколькі рэальны такі сыход у сёньняшніх беларускіх абставінах? Дэмакратычныя (і ня надта дэмакратычныя) партыі могуць ствараць і разбураць кааліцыі, падпісваць дамовы, вылучаць адзіных кандыдатаў, усё гэта ня будзе мець істотнага значэньня да таго часу, пакуль на заклік гэтых партыяў на вуліцы беларускіх гарадоў ня выходзіць столькі людзей, колькі зьбірала польская “Салідарнасьць” у той пэрыяд, спадар Грыцук, які вы згадваеце ў сваім лісьце, а было гэта напрыканцы 1980-х гадоў. Камуністычныя кіраўнікі Польшчы селі за круглы стол са сваімі зацятымі ворагамі не таму, што апазыцыйныя лідэры аб’ядналіся, а таму, што за гэтымі лідэрамі стаяла большасьць польскага народу. І ў гэтым, на маю думку, прынцыповае адрозьненьне польскай сытуацыі ўзору 1980-х і беларускай сёньняшняй.

На заканчэньне — ліст ад Міхаіла Калтунова зь Менску. Слухач піша:

“Народ, які ёсьць гаспадаром ва ўласным доме, які выбірае ўладу, што абавязаная служыць яму, не павінен выконваць абсурдныя загады чыноўнікаў і дзеля таго, каб выказаць свой пратэст, ісьці на ўскраіну горада, на пляцоўку для выгулу сабак. Гэта – ганьба для свабодных грамадзянаў свабоднай Рэспублікі Беларусь. Трэба памятаць: валадар, якога мы выбралі, — часовы, і не павінны мы прыніжана ісьці да ганку ягонага палаца, каб прасіць міласьці. Ня бойцеся, людзі! Трэба спыніць беззаконьне! А дзеля гэтага ёсьць суд”.

Сам слухач так і робіць: разам зь лістом ён даслаў копію сваёй заявы ў суд Цэнтральнага раёну Менску, у якім просіць прызнаць, што, калі некалькі чалавек сабраліся на вуліцы, гэта яшчэ ня ёсьць мітынгам і не дае міліцыянтам падставаў абшукваць іх. Ён таксама патрабуе, каб суд прызнаў, што міліцыя ня мае права затрымліваць грамадзянаў, якія носяць значкі з нацыянальнай гістарычнай сымболікай.

Сапраўды, спадар Калтуноў, у дэмакратычных краінах менавіта суд — галоўны арбітар ва ўсіх спрэчках і гарант таго, што грамадзянскія правы людзей будуць выконвацца. Праблема ў тым, што ў Беларусі незалежнага суду няма: усе судзьдзі прызначаюцца асабіста Аляксандрам Лукашэнкам і цалкам залежныя ад яго. Ці можна ў такім разе спадзявацца, што суды будуць аб’ектыўна разглядаць справы апанэнтаў палітыкі Лукашэнкі?

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Анастас Семяновіч зь мястэчка Бараўляны Менскага раёну, Пятро Касьнерык зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну, Міхаіл Дубнікаў зь мястэчка Парэчча Гарадзенскага раёну, Ільля Копыл зь Менску, Андрэвуш Шчура з расейскага сяла Пятроўскае Апочацкага раёну Пскоўскай вобласьці і Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG