Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каляндар Свабоды – 16 чэрвеня


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 16 чэрвеня.

У розныя гады 16 чэрвеня прыходзілі на сьвет людзі, якія дасягнулі незвычайных посьпехаў у галіне беларускае музычнае культуры.

Гэта гісторык і фальклярыст Пятро Бяссонаў, які нарадзіўся ў 1827 годзе. Бяссонаў сабраў і выдаў некалькі кніг беларускіх народных песень.

Зьбіраў фальклёр таксама Аляксандар Ельскі, беларускі літаратар і гісторык. Ён прыйшоў на сьвет у 1834 годзе ў вёсцы Дудзічы пад Пухавічамі. У сябе на радзіме Ельскі стварыў музэй, дзе было больш за 7 тысячаў кніг, 20 тысячаў рукапісаў, тысячы гравюраў, карцін, манэт, археалягічных знаходак. Праўда, сёньня ад усяго гэтага не засталося ані знаку. Затое засталіся творы Ельскага. Ён перакладаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Уражваюць ягоныя зацікаўленьні ў галіне беларускае этнаграфіі. Ельскі пісаў і пра традыцыі варэньня піва ў нашым краі і пра гаворку беларускіх жабракоў і пра тканыя слуцкія паясы. Толькі для “Слоўніка геаграфічнага” ён стварыў ажно 20 тысячаў артыкулаў пра беларускія паселішчы.

16 чэрвеня ў 1875-м годзе нарадзіўся беларускі кампазытар Кастусь Галкоўскі. Пісаў ён харавыя сюіты, апрацоўкі народных песень, а таксама ўласныя песьні на вершы Багушэвіча, Коласа, Купалы, Танка ды іншых. Паколькі родны горад Галкоўскага – Вільня – за гады ягонага жыцьця пераходзіў з рук аднае ўлады да іншае і ўрэшце стаў сталіцаю Літвы, дык прафэсар Віленскай кансэрваторыі быў прызнаны народным артыстам Літоўскай ССР. Памёр ён у 1963 годзе, і на доме, у якім ён жыў, на старажытнай вуліцы Завальнай, да сёньня захавалася мэмарыяльная табліца ў гонар кампазытара Галкоўскага.

Кампазытар Дзьмітры Лукас таксама нарадзіўся на Віленшчыне, у Сьвянцянах і таксама 16 чэрвеня, але ў 1911 годзе. За свае опэры ды араторыі кампазытар Лукас быў уганараваны званьнем заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

Трэба сказаць, што музычнасьць людзей, што прыйшлі на сьвет 16 чэрвеня, характэрная менавіта для беларускага календара. Напрыклад, у Расеі сёньня адзначае свой дзень нараджэньня вядомы дзяржаўны дзяяч Анатоль Чубайс. Мы згадваем яго таму, што нарадзіўся ён у Беларусі, у Барысаве. Магчыма, некалі ў мэмуарах спадар Чубайс распавядзе, ці вывучаў ён у школе беларускую мову, ці быў вызвалены ад яе, бо належаў да сям’і вайскоўца. У савецкія часы вайскоўцы мелі такое права – вызваляць дзяцей ад беларускай мовы.
XS
SM
MD
LG