Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сельгаспрадпрыемства “Сьветлая ніва” зьбіраюцца прадаць. Ці будзе плён?


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць 16 чэрвеня апублікаваны і пачаў дзейнічаць указ Аляксандра Лукашэнкі пра парадак і ўмовы продажу стратных сельгаспрадпрыемстваў. Ці чакаюць ад яго плёну калгасьнікі, якіх тычыцца згаданы дакумэнт? Адказ на гэтае пытаньне наш карэспандэнт высьвятляў у працаўнікоў сельгаспрадпрыемства “Сьветлая ніва” Пухавіцкага раёну.

Людзі ў “Сьветлай ніве” пра ўказ Лукашэнкі ведаюць мала, а многія ўвогуле пра яго ня чулі:

(Трапашка: ) “Які ўказ? Ня ведаю”.

(Ала: ) “Паняцьця ня маю”.

(Натальля: ) “Ня ведаю. Можа, толькі начальства чула”.

(Карэспандэнт: ) “Ці чулі вы, што вашу гаспадарку будуць прадаваць?”

(Сьвятлана: ) “Не. Ня чула. Не ўяўляю, як гэта будзе”.

Між тым, як мне паведамілі ў Пухавіцкім райвыканкаме, у раёне плянуецца прадаць восем найбольш стратных гаспадарак. У тым ліку сельскагаспадарчы каапэратыў “Сьветлая ніва”, які да нядаўняга часу быў калгасам “Камсамолец”. Але ад зьмены назвы фінансавы стан гаспадаркі не палепшыўся. “Сьветлая ніва” — тыповы банкрут. Яе доўг на сёньняшні дзень — 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў. Вось чаму інжынэр гаспадаркі Зянон Заяц ставіцца да абвешчанага ўказу Аляксандра Лукашэнкі скептычна:

(Заяц: ) “Чуў пра гэта”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы ставіцеся да таго, што прададуць вашу гаспадарку?”

(Заяц: ) “Хто яе купіць? Каму гэты цяжар патрэбны? Там яшчэ ва ўказе сказана, што трэба даўгі пагасіць. Каму гэта трэба? Я так мяркую”.

Аднак, паводле зьвестак Пухавіцкага райвыканкаму, на “Сьветлую ніву” ёсьць пакупнік. Гэта Менскі маторны завод. Больш за тое, ужо падлічаная і вартасьць чыстых актываў гаспадаркі, узровень якіх, паводле ўказу, вызначыць кошт стратнага сельгаспрадпрыемства. Гаворыць намесьніца кіраўніка Пухавіцкага райсельгасхарчу Ірына Казлоўская:

(Казлоўская: ) “4,7 мільярда рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “А маторны завод пагадзіўся з гэтай сумай?”

(Казлоўская: ) “Рэч у тым, што мы нікуды не падзенемся — такая балянсавая вартасьць. Мы ім прапанавалі, што калі яны ня згодныя, то хай выклікаюць незалежную ацэначную экспэртызу”.

Як вынікае з указу, маторны завод, у выпадку набыцьця “Сьветлай нівы”, мусіць заплаціць за яе 20% вартасьці яе чыстых актываў. Гэта каля паўмільёна даляраў. Паколькі маторны завод дзяржаўнае прадпрыемства, то, як спадзяюцца пухавіцкія ўлады, пратэставаць ён ня будзе. Але ці будзе плён з такога прымусу? Кіраўнікі “Сьветлай нівы” лічаць, што банкруцтва гаспадаркі справакаванае каманднай кадравай палітыкай ды фінансавымі цяжкасьцямі. Таму для аздараўленьня сельгаспрадпрыемства лепшым выйсьцем быў бы ня продаж маторнаму заводу, а фінансавая дапамога. Гаворыць намесьнік старшыні Міхаіл Змачынскі:

(Змачынскі: ) “Была б у нас нейкая капейка, каб падрыхтавацца да той жа веснавой сяўбы. Было б нейкіх 5 ці 10 мільёнчыкаў... Справы ў нас выдатна пайшлі бы. А то трэба стартэр, акумулятар, дык шукаеш, дзе ўзяць. Не хапіла грошай”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі ў вас людзей робіць у гаспадарцы?”

(Змачынскі: ) “Усяго каля ста чалавек дзесьці. Што трэба нашай гаспадарцы? Два гады фінансавай дапамогі. Задача — каб захаваць гаспадарку. Не разганяць, не раскідваць”.

А вось якім бачыцца шлях аздараўленьня “Сьветлай нівы” яшчэ аднаму вяскоўцу з 26-гадовым працоўным стажам Канстанціну Круку:

(Крук: ) “Мы вырабляем прадукцыю, але атрымліваем за яе капейкі. Вельмі нізкія кошты. Адзін лемех колкі каштуе… Мы столькі малака не надойваем”.

(Карэспандэнт: ) “За кошт чаго гаспадарка можа выжыць?”

(Крук: ) “За кошт малака, мяса і збожжа. Мне бачыцца такі шлях. Каб зьвярнулі ўвагу на прадукцыю, што дае сельская гаспадарка... Як у іншых краінах, ёсьць свабодныя цэны. Далі б нам свабоду цэнаў. Каб мы маглі павялічыць цэны, за сваю прадукцыю ўзяць больш грошай. А то нас абмежавалі ў цэнах. У гэтым уся загваздка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG