Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі больш няма Ордэна Кастуся Каліноўскага


Любоў Лунёва, Менск 16 чэрвеня пачаў дзейнічаць новы закон аб дзяржаўных узнагародах. Адна зь ягоных адметнасьцяў — адменены Ордэн Кастуся Каліноўскага, які быў зацьверджаны Вярхоўным Саветам 12 скліканьня.

Паводле 77-га артыкула новага закону аб дзяржаўных узнагародах, Ордэн Кастуся Каліноўскага адменены. З 13 красавіка 1995 году дзейнічаў закон, згодна зь якім у Беларусі існавалі пяць одэнаў — Айчыны, Вайсковай славы, Кастуся Каліноўскага, Францыска Скарыны і Ордэн маці. Ордэнам Кастуся Каліноўскага маглі ўзнагародзіць за самаадданы ўчынак, мужнасьць і сьмеласьць у часе ўратаваньня людзей, спыненьня злачынных замахаў на іх жыцьцё, а таксама за сьмеласьць, выяўленую ў часе аховы грамадзкага парадку, у часе стыхійных бедзтваў і за самаадданыя дзеяньні ў часе выкананьня вайсковага абавязку.

Дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, калі абмяркоўвалі ўзнагароды незалежнай Беларусі, зыходзілі з таго, што назва ордэну — найважнейшы паказчык заслугі перад дзяржавай і перад нацыяй. Адносна спакойна зацьвердзілі ордэны імя Францыска Скарыны і Кастуся Каліноўскага. Была прапанова зацьвердзіць ордэн Тадэвуша Касьцюшкі, але група дэпутатаў ад камуністаў катэгарычна не пагадзілася на гэта.

Былы дэпутат ВС 12 скліканьня Валянцін Голубеў лічыць паказальным тое, што Ордэнам Кастуся Каліноўскага так і не ўзнагародзілі ніводнага чалавека, а цяпер адмянілі саму ўзнагароду:

(Голубеў: ) “Кастусь Каліноўскі праходзіў нават пры Савецкім Саюзе як змагар супраць самадзяржаўя і як змагар за адраджэньне Беларусі, кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня. Мне цяпер папросту балюча даведацца пра тое, што… Ну, хай гэта лукашэнкаўскі парлямэнт, хай гэта ручны, як бы яго ні называлі, але людзі, якія называюцца ўсё ж такі прадстаўнікамі беларускага народу, адмовіліся ад узнагароды, якая носіць імя — ну, можа аднаго з самых славутых сыноў беларускага народу. Кастусь Каліноўскі малады хлопец быў. Ён скончыў Пецярбурскі ўнівэрсытэт, але прыехаў на Бацькаўшчыну і паклаў усё жыцьцё на тое, каб наш народ жыў у вольнай, незалежнай дзяржаве. Вось ад якой спадчыны адмаўляюцца сёньняшнія дэпутаты”.

Згодна з новым законам, замест скасаванага Ордэну Кастуся Каліноўскага зьявіліся яшчэ чатыры, якія існавалі ў савецкі час, — за службу Радзіме, за асабістую мужнасьць, Ордэн дружбы народаў і Ордэн пашаны.
XS
SM
MD
LG