Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14-ы дзень галадоўкі. Амбасадары 11 краінаў Эўразьвязу зьвярнуліся да ўдзельнікаў акцыі пратэсту з заклікам спыніць галадоўку


Валер Каліноўскі, Менск Нягледзячы на зварот амбасадараў, шэрагу грамадзкіх арганізацыяў і выбаршчыкаў аб пажаданасьці спыненьня галадоўкі, дэпутаты Валеры Фралоў, Уладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец ды актывісты АГП і БНФ вырашылі працягваць акцыю пратэсту. Заўтра ў Беларусі чакаецца агульнанацыянальны страйк пратэсту прадпрымальнікаў на падтрымку патрабаваньняў галадоўнікаў.

11 амбасадараў краінаў Эўразьвязу, акрэдытаваных у Менску, зьявіліся ў службовай кватэры Валерыя Фралова, дзе праходзіць акцыя пратэсту галадоўнікаў, нечакана. Гэта ўжо другі іх візыт за час галадоўкі. Першы раз, 7 чэрвеня, яны выказалі падтрымку і разуменьне прычынаў акцыі галадоўнікаў. Сёньня зь іх вуснаў прагучала занепакоенасьць. З афіцыйнай заявай ад імя амбасадараў Эўразьвязу выступіў Стэфан Шмялеўскі, амбасадар Францыі:

(Шмялеўскі: ) “Кіраўнікі дыпляматычных місіяў зноў пацьвярджаюць, што Эўрапейскі Зьвяз падзяляе занепакоенасьць гэтых людзей па тых трох пунктах, якія падштурхнулі іх да абвяшчэньня галадоўкі. Аднак, зыходзячы з пачуцьця гуманнасьці, кіраўнікі дыпляматычных місіяў Эўрапейскага Зьвязу заклікалі галадоўнікаў спыніць галадоўку з тым, каб захаваць здароўе і выкарыстаць усю іх палітычную мужнасьць, якую яны даказалі на справе, на карысьць будучыні сваёй краіны”.

Амбасадар Францыі Стэфан Шмялеўскі зазначыў, што акцыя галадоўнікаў знайшла водгук у краінах Эўразьвязу, асабліва ў прэсе. Галадоўка небясьпечная для здароўя, зазначыў спадар Шмялеўскі, але якой будзе рэакцыя галадоўнікаў на іх зварот, амбасадар Францыі прадказаць не гатовы.

(Шмялеўскі: ) “Я толькі што зрабіў заяву, у якой было сказана пра мужнасьць. Але мне цяжка вызначыць межы мужнасьці. Гэта залежыць ад людзей”.

Пасьля таго, як амбасадары сышлі, Валеры Фралоў зазначыў, што рэакцыя амбасадараў яму зразумелая, але галадоўнікі да 17 чэрвеня, да дня агульнанацыянальнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, абвешчанай ініцыятывай “Пэрспэктыва”, нават не зьбіраюцца думаць на гэтую тэму.

Напярэдадні ўвечары на адмысловай нарадзе тры дэпутаты-галадоўнікі й шэсьць актывістаў АГП і БНФ абмеркавалі звароты шэрагу грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадзянаў наконт спыненьня галадоўкі. Гаворыць Валеры Фралоў:

(Фралоў: ) “Так, абмяркоўвалі ўчора і вырашылі, што наступны раз да гэтага абмеркаваньня мы вернемся можа 17, можа 21 чэрвеня. Таму ўсё абмеркаваньне закончылася тым, што ўсе палічылі, што рана гаварыць на гэтую тэму”.

Валеры Фралоў зазначыў, што агучаная ўчора ініцыятыва наконт стварэньня народнага руху “За свабодныя выбары” не была спантаннай, гэтая тэма абмяркоўвалася з многімі людзьмі, праведзеная вялікая папярэдняя падрыхтоўчая праца. Гэты рух будзе палягаць у стварэньні паралельнай структуры выбарчых камісіяў — ад цэнтральнай да ўчастковых, якія будуць весьці кантроль і незалежны падлік галасоў выбаршчыкаў, — зазначыў спадар Фралоў:

(Фралоў: ) “У кожнай выбарчай акрузе, усе партыі, і “пяцёрка” і “двойка”, і нашыя прадстаўнікі, і ўсе людзі, якія будуць кандыдатамі ў дэпутаты, яны будуць вельмі зацікаўленыя ў тым, каб працэс выбараў прайшоў адкрыта, сумленна, празрыста”.

Дэпутат Фралоў выказаў свой аптымізм і веру ў перамогу:

(Фралоў: ) “У мяне ажно тры вайсковыя адукацыі. Якраз яны ўсе вучылі, як дамагчыся перамогі. Адзінай мэты, у любых умовах, але дамагчыся перамогі”.

Новы народны рух “За справядлівыя выбары” маюць намер узначаліць дэпутаты Фралоў, Парфяновіч і Скрабец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG