Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым можа завершыцца бестэрміновая галадоўка дэпутатаў, разважаюць шклоўцы


Марыя Ўсьціновіч, Шклоў Свае меркаваньні наконт палітычнай галадоўкі выказваюць жыхары горада Шклова.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, ці ведаеце вы, што ў Менску ідзе палітычная галадоўка?”

(Спадарыня: ) “Наконт гэтай палітычнай галадоўкі я першы раз чую ад вас!”

(Спадар: ) “Нічога ня ведаю”.

(Спадар: ) “Калі шчыра, то не”.

(Спадар: ) “Ну, у тэлевізары глядзеў. Фралоў і яшчэ там супраць гэтага самага… прэзыдэнта выступаюць”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, чым скончыцца гэтая галадоўка? Сёньня ўжо 14-я суткі…”

(Спадар: ) “Нічым яна ня скончыцца. Прыціснуць іх, і ўсё”.

(Спадарыня: ) “Нічога яны не даб’юцца гэтым. Іх падмануць усё роўна, нічога не дамогуцца. Не такі ў нас урад”.

(Спадар: ) “Нічога яны не даб’юцца. Таму што ў нас таталітарызм”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як вы лічыце, ці можна чаго-небудзь у нашай дзяржаве дамагчыся галадоўкай?”

(Спадар: ) “Гэта бессэнсоўна, таму што дадуць памерці”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта ня мэтад — галадоўка. Напэўна, усё ж такі трэба па-іншаму вырашаць, абгаворваць свае праблемы”.

(Спадар: ) “Ды мне падаецца, што дарма яны галадуюць. Усё роўна нічога ня зьменіцца. Усё плянавае — заробак і ўзровень жыцьця, усё разьлічана КГБ ці ФСБ, нехта там усё гэта распрацоўвае”.

(Спадар: ) “Наўрад ці. Гэта цяпер ня “каціць”. Галадоўкай нічога не дамагчыся”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што наўрад ці. Чаму? Мы і так галадуем!”

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю, чаго яны хочуць, але я асабіста за Лукашэнку”.

(Спадарыня: ) “Прэзыдэнт для нашага Шклова робіць усё добрае, нічога дрэннага ён нам не зрабіў. І ў прынцыпе, хто б ні быў прэзыдэнтам, для простага народу, для нас гэта ўсё роўна”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце вы, што ў Менску ідзе палітычная галадоўка?”

(Спадарыня: ) “Не, ня ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) “І ніколі ня чулі?”

(Спадарыня: ) “Не!”

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, чаму пра гэта не паведамляюць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі?”

(Спадарыня: ) “У нас пра ўсе такія акцыі неяк чуеш толькі ад людзей, а па тэлевізары гэта не паказваюць”.

(Спадарыня: ) “Хаваюць. Каб мы ня ведалі пра гэта”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, чым можа завершыцца гэтая галадоўка?”

(Спадар: ) “Яны пачнуць есьці. Вы лічыце, што столькі можна ня есьці і толькі ваду піць? Я ня думаю, што яны штосьці могуць дабіцца гэтай галадоўкай”.

(Спадарыня: ) “Гэта ж тваё здароўе! Потым што рабіць? Цяпер у нас усё такое дарагое — і лекі, і ўсё…”

(Спадар: ) “Няхай працуюць паболей. Няхай прыедуць на зямлю папрацуюць, і нечага там галадаваць”.

(Спадарыня: ) “Цяпер усяго можна ад лёсу чакаць, як павернецца. Можа, чаго-небудзь дамогуцца, можа вырашаць якое-небудзь пытаньне. Можа, і не”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што перамогуць улады, а дэпутаты застануцца так, як і былі. У нас заўсёды так: перамагае той, хто мацнейшы, у каго ўлада. У нас заўсёды правы той, у каго болей правоў. Вось і ўсё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG