Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеры Шчукін і Павал Севярынец рыхтуюць у Віцебску грамадзкі рэфэрэндум


Браніслава Станкевіч, Віцебск Пытаньне, якое гэтыя палітыкі зьбіраюцца вынесьці на грамадзкае абмеркаваньне, усяго адно: “Ці падтрымліваеце вы ідэю зьмены Канстытуцыі, каб прэзыдэнт меў права кіраваць краінай трэці тэрмін?”

У пытаньні, адрасаваным да віцяблянаў, няма ніякага канкрэтнага прозьвішча. Але людзі, атрымаўшы ўлёткі-запрашэньні, суадносяць гіпатэтычны “трэці тэрмін” менавіта зь цяперашнім кіраўніком краіны.

(Карэспандэнтка: ) “Вось вы толькі што атрымалі ўлёткі пра будучае апытаньне. Ці хочаце ўзяць у ім удзел?”

(Спадарыня: ) “Канечне, і прыйду і прагаласую 27-га. Я супраць, каб цяперашні наш прэзыдэнт быў яшчэ і трэці тэрмін. Мне здаецца, што цяпер нават і пэнсіянэры супраць таго, каб ён яшчэ застаўся. Хопіць ужо!”

(Другая спадарыня: ) “І я таксама прыйду, я таксама супраць трэцяга тэрміну. Ён ня мусіць заставацца на трэці тэрмін! Чаму? Абрыдла жыць дзесяць год у галечы! Дзіцёнку бананаў не магу купіць, красовак не магу яму набыць, самых танных! Камунальныя паслугі такія дарагія, што як заплаціў, дык болей ні на што грошай няма!”

Агітацыйных улётак з заклікам: “Віцябляне, скажыце сваё слова!” распаўсюджана ў Віцебску каля 25 тысяч. У іх тлумачыцца, што 81-ы артыкул Канстытуцыі абмяжоўвае толькі двумя тэрмінамі правы кожнага грамадзяніна займаць прэзыдэнцкую пасаду. Аляксандар Лукашэнка ўжо неаднаразова даваў беларусам зразумець, што гэтае абмежаваньне можа быць скасаванае. Скасаваць яго можна толькі шляхам рэфэрэндуму, такім чынам, спадары Шчукін ды Севярынец прапануюць віцяблянам задумацца над гэтай праблемай ужо цяпер.

27 чэрвеня па горадзе пройдуць сябры ініцыятыўных групаў са скрынкамі для галасаваньня, яны спачатку раздадуць бюлетэні ўсім ахвотным, а потым іх зьбяруць ды падсумуюць вынікі. Мяркуецца, што апытаньне будзе праводзіцца ў самых людных мясцах у горадзе — на кірмашах, у крамах, а таксама па кватэрах. Праўда, таемнага галасаваньня не атрымаецца, бо няма ж кабінак. Але арганізатары пэўныя, што людзі выкажуць сваё меркаваньне без асаблівга страху. Калі падобнае апытаньне праводзілася ў Гомелі, то ў ім узялі ўдзел 2172 чалавекі, і 89,6 % зь іх прагаласавалі супраць трэцяга тэрміну.

На пытаньне, дзеля якіх мэтаў праводзіцца гэтае грамадзкае апытаньне, і як будуць выкарыстаныя вынікі, арганізатары адказалі:

(Шчукін: ) “Мы давядзем іх да беларускай грамадзкасьці, давядзем да парлямэнту. Будзем выкарыстоўваць гэтыя вынікі ў сваёй перадвыбарчай дзейнасьці. А ў часе будучых выбараў прэзыдэнта ў 2006 годзе яны будуць падставаю каб меркаваць, ці сфальсыфікаваныя выбары, ці не: калі Аляксандар Лукашэнка будзе балятавацца ды зноў набярэ 90–95% адсоткаў, то ў мяне будуць усе падставы казаць, што былі фальсыфікацыі”.

(Севярынец: ) “Так, тады гэта будзе вельмі дзіўна. І ўвогуле ўсё можа скончыцца аксамітнай рэвалюцыяй. А каб людзі выйшлі на вуліцы, ім неабходна ведаць, што іх — большасьць. І мы гэта гатовыя давесьці”.
XS
SM
MD
LG