Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Радыяактыўная ўцечка на атамнай электрастанцыі ў Чэхіі выклікала занепакоенасьць аўстрыйскіх эколягаў


Натальля Судлянкова, Прага 8 чэрвеня на ядзернай электрастанцыі ў чэскім Тэмеліне выцекла 3 тысячы літраў радыяактыўнай вады. Да гэтай падзеі было прыцягнута шмат увагі, у першую чаргу, структураў Эўразьвязу. Напрыканцы мінулага тыдня электрастанцыю наведала спэцыяльная камісія экспэртаў, якая зрабіла свае высновы што да небясьпекі гэтай аварыі для навакольнага асяродзьдзя.

Гэтая аварыя прыцягнула асаблівую ўвагу аўстрыйскіх актывістаў-эколягаў, якія ўжо некалькі гадоў пратэстуюць супраць будаўніцтва й працы атамнай электрастанцыі. Яны заявілі, што электрастанцыя прадстаўляе сабой пагрозу ня толькі Чэхіі, але й суседняй Аўстрыі. Аднак, прэсавы сакратар чэскага камітэту ў пытаньнях ядзернай бяспекі Павал Пітэрман перакананы, што з пункту гледжаньня Дзяржаўнага камітэту ў пытаньнях ядзернай бясьпекі, у Тэмеліне не здарылася нічога экстраардынарнага.

(Пітэрман: ) “Адносна невялікая колькасьць вады выцекла й патрапіла ў загадзя падрыхтаваную на такія выпадкі дрэнажную сыстэму. Гэтая вада ўвогуле не пакінула сыстэму электрастанцыі”.

У Эўразьвязе існуе спэцыяльны орган – Эўраатам, які сочыць за бяспекай і разьвіцьцём атамнай энэргетыкі. Ягоная штаб-кватэра знаходзіцца ў Люксэмбургу. Менавіта гэтыя экспэрты практычна адразу пасьля аварыі наведалі Тэмэлін.

(Пітэрман: ) “Пасьля кампаніі ў сродках масавай інфармацыі, асабліва ў Аўстрыі, да нас прыехалі экспэрты з Люксэмбургу, з Эўраатаму. Мы прадставілі ім усе дакумэнты, яны пераканаліся, што сапраўды нічога звышардынарнага не здарылася, і яны вярнуліся ў Люксэмбург”.

Спадар Пітэрман падкрэсьлівае, што ўвогуле не было гаворкі пра небясьпеку навакольнаму асяродзьдзю або людзям, што жывуць побач з атамнай электрастанцыяй. Спадар Пітэрман таксама адзначае, што такі тып рэактараў, як на Тэмэліне, значна больш бясьпечны, чым рэактар на Чарнобыльскай АЭС.

(Пітэрман: ) “Гэта клясычны рэактар тыпу ВВЭР, у адрозьненьне ад рэактару тыпу РБМК, які стаіць на Чарнобыльскай АЭС. Канструкцыя рэактару тыпу ВВЭР, уласна кажучы, такія аварыі, як сьцёк радыяактыўнай вады, проста выключаныя”.

Па выніках праверкі камісары Эўразьвязу прыйшлі да высновы, што аварыя на Тэмелінскай АЭС не прадстаўляла сабой пагрозы ні навакольнаму асяродзьдзю, ні пэрсаналу станцыі.
XS
SM
MD
LG