Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты-галадоўнікі зьбіраюцца ўзначаліць народны рух “За справядлівыя выбары”


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня пад час вечаровай сустрэчы галадуючых дэпутатаў Валерыя Фралова, Уладзімера Парфяновіча і Сяргея Скрабца з выбаршчыкамі і актывістамі апазыцыйных партыяў і арганізацыяў было абвешчана пра стварэньне народнага руху “За справядлівыя выбары”. Валеры Фралоў заявіў, што дэпутаты гатовыя ўзначаліць гэты рух.

Сёньняшняя традыцыйная вечаровая сустрэча галадоўнікаў зь людзьмі ў двары дома па Казарменным завулку перарасла ў сапраўдны мітынг, на якім прысутнічала некалькі соцень чалавек.

Сустрэчу кантралявалі ўзмоцненыя сілы аховы правапарадку, але да нейкіх сутычак ці затрыманьняў справа не дайшла. Ад імя Рады беларускай інтэлігенцыі зварот да дэпутатаў зачытаў Уладзімер Колас.

(Колас: ) “Ваш мужны ўчынак абудзіў многіх грамадзян Беларусі. Ён таксама дапамог усім нам зразумець, што без сапраўднай кансалідацыі ўсіх беларускіх дэмакратычных сілаў мы ніколі ня зможам перамагчы. Мы павінны зрабіць усё, каб забясьпечыць справядлівыя выбары, абапіраючыся на волю народу і кансалідацыю ўсіх дэмакратычных сілаў. Дзеля гэтага мы абвяшчаем аб стварэньні народнага руху “За справядлівыя выбары”. Гэты рух аб''яднае ўсе дэмакратычныя партыі й грамадзкія арганізацыі. Сваім мужным учынкам вы засьведчылі сваю шчырасьць і адданасьць гэтай сьвятой справе. Вы абудзілі грамадзян Беларусі да актыўных дзеяньняў. Таму мы лічым, што вы ўжо дасягнулі галоўнай мэты і перамаглі! Мы заклікаем вас спыніць галадоўку, каб узначаліць гэты ўсенародны рух”.

Зварот Рады беларускай інтэлігенцыі наконт спыненьня галадоўкі быў падтрыманы прадстаўнікамі іншых арганізацыяў, якія сустракаліся з галадоўнікамі цягам дня, ды і многія грамадзяне, якія з кветкамі прыйшлі на сёньняшнюю сустрэчу з дэпутатамі і іншымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту, шчыра пераконвалі іх спыніць галадоўку, каб не ставіць пад пагрозу сваё здароўе.

Валеры Фралоў на гэта адказаў, што папярэдне гэтыя звароты абмяркоўваліся, але пакуль рашэньне не прынятае, пазьней увесь гурт галадоўнікаў вернецца да абмеркаваньня гэтай тэмы і прыме рашэньне, але гэта можа адбыцца ня сёньня і ня заўтра.

На пытаньне, ці згодныя дэпутаты далучыцца да ствараемага руху “За справядлівыя выбары” Валеры Фралоў адказаў:

(Фралоў: ) “Мы ачолім іх. Інакш будзе бардак, які дагэтуль адбываўся. Нас многа, а толку – ніякага.”

Выступы дэпутатаў былі эмацыйнымі й рашучымі. Гаворыць Сяргей Скрабец:

(Скрабец: ) “Мы будзем змагацца з гэтым рэжымам. І мы хочам вярнуць нашай краіне тыя каштоўнасьці свабоды і дэмакратыі, якія перамагаюць ва ўсім сьвеце. Жыве Беларусь!”

Валеры Фралоў заявіў пра важнасьць аб’яднаньня ўсіх апазыцыйных сілаў напярэдадні будучых выбараў. Валеры Фралоў таксама заявіў, што восень гэтага году будзе ў Беларусі гарачай і супольная праца апазыцыйных сілаў дазволіць цалкам зьмяніць сытуацыю ў краіне.

(Фралоў: ) “Усё зьменіцца. Прычым зьменіцца ў нармальны, у добры бок. І мы будзем такой краінай, жывучы ў якой, мы зможам ёй ганарыцца”.

Цалкам лягічна на фоне іншых даволі аптымістычных выступаў прагучаў верш Генадзя Бураўкіна, прысьвечаны галадоўнікам:

(Бураўкін: ) “*** Хай нехта ў трубы ўлады дзьме Вы ў іх ня дулі і ня дуеце Каб голаду народ ня меў Вы самі сёньня галадуеце

Так хочацца, каб родны кут рвануўся ў рэшце зь недалужнасьці Пасьля ўсіх крыўдаў і пакут І пасьля вашай мудрай мужнасьці.”
XS
SM
MD
LG