Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе і калі адбудзецца суд на Садамам Хусэйнам?


Віталь Цыганкоў, Прага Калі Садам Хусэйн будзе перададзены іракскім уладам, дзе будуць судзіць былога дыктатара? Гэтыя пытаньні асабліва горача абмяркоўваюцца гэтымі днямі, напярэдадні 30 чэрвеня, даты перадачы ўладных паўнамоцтваў у Іраку ад сілаў кааліцыі іракскаму ўраду. Рэч у тым, што пасьля 30 чэрвеня Садам ужо ня можа лічыцца ваеннапалонным і павінен паўстаць перад судом.

Тэму найхутчэйшай перадачы Хусэйна іракскім уладам ўзьняў на міжнародным узроўні Чырвоны крыж. Надзі Думані, прадстаўніца гэтай арганізацыі ў Багдадзе, аб’явіла, што былы прэзыдэнт Іраку, які лічыцца ваеннапалонным, ня можа заставацца ў зьняволеньні пасьля заканчэньня ваеннага канфлікту. Згодна Жэнэўскай канвэнцыі, яму павінны прадставіць судовыя абвінавачваньні альбо вызваліць.

Паводле прэм’ер-міністара Іраку Іяда Алаві, ён разьлічвае, што ЗША перададуць Садама Хусэйна іракскім уладам цягам бліжэйшых тыдняў.

(Алаві: ) “Суд над Садамам пачнецца як мага хутчэй. Перадача павінна адбыцца вельмі празрыста. Садам будзе аддадзены ў рукі іракскага правасудзьдзя”.

Пра цяперашняе знаходжаньне Садама Хусэйна пакуль мала вядома. Лічыцца, што ён утрымліваецца пад падвышанай аховай на амэрыканскай ваеннай базе ў Катары. Пэўнасьці наконт таго, дзе і як можа адбыцца перадача Хусэйна іракскім уладам, пакуль няма. Тэлекампанія CNN са спасылкай на свае крыніцы ў Пэнтагоне заявіла, што ваеннае ведамства ЗША пакуль плянуе ўтрымліваць Хусэйна ды іншых арыштаваных яшчэ пэўны час пасьля 30 чэрвеня.

Прадстаўнік амэрыканскіх вайскоўцаў у Іраку паведаміў, што ЗША да канца чэрвеня плянуюць выпусьціць альбо перадаць грамадзянскім іракскім уладам каля 1400 затрыманых. Але разам з тым, амэрыканцы працягнуць утрымліваць каля 5 тысячаў зьняволеных, якія, на думку амэрыканцаў, і могуць уяўляць пагрозу сілам кааліцыі.

Хусэйн, як чакаецца, паўстане перад судом толькі пасьля таго, як пройдуць судовыя працэсы над сотняй іншых прадстаўнікоў рэжыму. Ён можа быць абвінавачаны ў злачынствах супраць чалавецтва, у прыватнасьці, за выкарыстаньне хімічнай зброі супраць іракскіх курдах і расправу над шыітамі пасьля вайны ў Пэрсыдзкай затоцы ў 1991 годзе.

У Іраку даўно створаны адмысловы трыбунал для расьсьледаваньня злачынстваў супраць чалавечнасьці, каля 50 сьледчых рыхтуюць дзяржаўнае абвінавачваньне супраць Садама. Зрэшты, самі сьледчыя жывуць пад страхам за сваю бясьпеку. Адзін зь іх нядаўна быў забіты ў Наджафе, калі займаўся там зборам інфармацыі для працэсу.
XS
SM
MD
LG