Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парадак па-чэкісцку. Юры Андропаў і савецкі КГБ


Сяргей Навумчык, Прага Перадача з архіваў Радыё Свабода, якая ўпершыню прагучала ў нашым эфіры 10 кастрычніка 2000 году. Удзельнічаюць Уладзімер Арлоў і Алена Бонэр.

Юры Андропаў знаходзіўся на савецкім алімпе некалькі дзясяткаў гадоў, але застаўся ў памяці тагачасных пакаленьняў пятнаццацьцю месяцамі, цягам якіх кіраваў Савецкім Саюзам. Прыгадвае пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў.

(Арлоў: ) “Мне прыгадваецца казус, які здарыўся назаўтра пасьля сьмерці Андропава. Мы зь сябрам, цяпер, дарэчы, вядомым чалавекам у навуковых, і ня толькі навуковых, колах, ішлі па Менску і разважалі, якія наступствы для Беларусі можа мець сьмерць Андропава. І раптам да нас падыходзіць немалады ўжо чалавек, на лёгкім падпітку, і кажа: “Хлопцы, я бачу – па вашых вачах, па вашай выпраўцы, па вашым адзеньні – што вы андропаўцы. Я таксама стары андропавец. Дайце я пацісну вашыя рукі. Мы, андропаўцы, павінныя ў гэтыя цяжкія дні трымацца разам”.

Гэты камічны выпадак, аднак, быў магчымы толькі ў дачыненьні да Андропава. Цяжка ўявіць, каб нехта сказаў: “Мы, хрушчоўцы”. Ці: “Мы, брэжнеўцы”. Ці тым болей: “Мы, чарненкаўцы”.

Канечне, Уладзімер Арлоў і ягоны сябра ня мелі ніякіх ілюзіяў адносна Андропава. Але дзесяткі мільёнаў захоўваюць іх і цяпер.

Першая ілюзія – гэта адукаванасьць Андропава, веданьне ім замежных моваў. Насамрэч Андропавў не давучыўся нават ў сярэдняй школе, і паводле цяперашняй клясыфікацыі, у яго была незавершаная сярэдняя адукацыя.

У якой іншай краіне ён так і застаўся б звычайным матросам, але сталінскія чысткі другой паловы 1930-х гадоў дазволілі яму хутка прасоўвацца на пасады тых, каго адпраўлялі на расстрэл альбо ў ГУЛАГ. Менавіта такім чынам ён стаў першым сакратаром Яраслаўскага абкаму камсамола, а пазьней – ЦК камсамола Карэла-Фінскай Рэспублікі. Там ён трапіў пад патранаж Ота Куусінэна, які пасьля абраньня сакратаром ЦК КПСС і членам Палітбюро – ўзяў у Маскву і Андропава.

Ведаў Андропаў толькі адну мову – расейскую. На ёй і размаўляў з вугорцамі, калі ў якасьці савецкага амбасадара ўвосень 1956-га ўдзельнічаў ў крывавым задушэньні будапэшцкага паўстаньня. Здольнасьці былі ацэненыя, і на працягу наступных гадоў Андропаў адказваў ў ЦК КПСС за ўзаемаадносіны з кампартыямі сацыялістычных краінаў. А па сутнасьці – за парадак у гэтых краінах.

Гэтае паняцьце – парадак – пазьней будзе ідыялягемай, на якой савецкае грамадзтва пабудуе Андропаву вобраз “рэфарматара”.

І на пасадзе Старшыні КГБ, куды Андропаў прыйшоў у 1967 годзе, Андропаў ўсталёўваў “парадак” ужо ў сваёй краіне.

З моманту прыходу Андропава КГБ аднавіў усе свае функцыі ў якасьці рэпрэсіўнага апарату. Масавыя арышты дысыдэнтаў, выкарыстаньне псыхіятрыі дзеля барацьбы з іншадумствам, выкарыстаньне катаваньняў у вязьніцах, і, нарэшце, аднаўленьне практыкі палітычных забойстваў, пра якія распавялі ў сваёй кнізе дасьледчыкі біяграфіі Андропава Ўладзімер Салаўёў і Алена Клепікава (пачаў Андропаў з Украіны, дзе праваабарончы рух меў выразныя нацыянальныя рысы):

“28 лістапада 1970 году ў мястэчку Васількова пад Кіевам была зьверскі забітая мастачка Алла Горская, якая знаходзілася на ўліку КГБ. Пад Адэсай быў зарэзаны мастак Расьціслаў Палецкі. Пад мостам знайшлі павешанага, са сьлядамі катаваньняў мастака-нонканфарміста Ўладзімера Кандрашына. Зажыва згарэў разам з жонкай у сваёй хаце нязгодны з уладамі сьвятар Гаргула, на папялішчы аднавяскоўцы знайшлі на мерцьвяках абпаленыя вяроўкі. Сьвятар з Заходняй Украіны Коцік быў утоплены ў калодзежы. З-за вугла забілі брата палітзьняволенага паэта Міхася Осадчага. На вачах у сваіх прыхільнікаў быў гвалтоўна запхнуты ў машыну КГБ і ўвезены ў невядомым накірунку ўкраінскі кампазытар Уладзімер Івасюк, а праз месяц яго, са сьлядамі катаваньняў, знайшлі ў лесе”.

Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ягоным кумірам, нароўні зь Дзяржынскім і Машэравым, зьяўляецца Андропаў.

Задушэньне іншадумства адбывалася і ў Беларусі. Прыгадвае пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які на пачатку 70-ых гадоў быў студэнтам Белдзяржунівэрсытэту.

(Арлоў: ) “Для Беларусі, як і для суседняй Украіны, гэты час, апрача ўсяго іншага, быў часам “паляваньня на вядзьмарак”. КГБ, абапіраючыся на шырокі, так бы мовіць, няштатны актыў, заўзята шукала, выкрывала, ляпіла ярлыкі і “обезвреживало” тых, хто быў супраць брэжнеўска-суслаўскіх тэорыяў паскоранага разьвіцьця нацыяў і стварэньня новай этнічнай супольнасьці – савецкага народу.

Водгульле гэтага змаганьня даносіла БДУ. Нейкія таямнічыя вэтэраны вайны і працы бэсьцілі ў газэтах аповесьць Вольгі Іпатавай «Прадслава», прысьвечаную Еўфрасіньні Полацкай. Дасталася і пісьменьніку Эрнэсту Ялугіну, які выдаў кнігу «Мсьціслаўскі посах». У той час у Наваполацку «камітэтчыкі» канфіскавалі 15 нумароў самвыдавецкага альманаху «Блакітны ліхтар», які і да цяперашняга часу даступны толькі «літаратуразнаўцам у цывільным». Надоўга зьнікалі ўзятыя «пачытаць» сім-тым з факультэцкіх камсамольскіх актывістаў нумары нашага гістфакаўскага машынапіснага часопісу «Мілавіца», які мы зь сябрамі пачалі выдаваць у 1974 годзе. Часопіс быў, зрэшты, досыць бяскрыўдны, але беларускамоўны – і ў гэтым была галоўная крамола”.

Існуе даволі распаўсюджанае меркаваньне, што беларуская інтэлігенцыя ў часы застою не выказвала супраціву КГБ, і што з гэтай прычыны ніхто ў Беларусі не пацярпеў.

(Арлоў : ) “Я магу адразу сказаць, што гэта – няпраўда. Гадамі, як вядома, не друкавалі Ўладзімера Караткевіча. У Горадні ў той час білі вокны Васілю Быкаву. У 1972 годзе загінуў пры нявысьветленых абставінах мастак Лявон Баразна, які меў выразна акрэсьленую патрыятычную жыцьцёвую пазыцыю. У 1974 у Менску выкрылі так званую “нацыяналістычную арганізацыю”. Пачаліся выклікі, сходы, звальненьні з працы. Шмат каму зь вядомых сёньня людзей ў той час “паказалі на дзьверы”. Навуковы супрацоўнік акадэмічнага інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Зянон Пазьняк мусіў тады перакваліфікавацца ў фатографы. Кандыдат філялёгіі Прашковіч – у грузчыкі. І потым, дарэчы, трагічна загінуў неўзабаве. Кандадат гістарычных навук, археоляг Міхась Чарняўскі паўтары гады грузіў у мастацка-вытворчым камбінаце цэмэнт, зьбіваў і грунтаваў шчыты пад наглядную агітацыю...”

Юры Андропаў прыняў КГБ, калі чэкісты былі дэмаралізаваныя хрушчоўскай дэсталінізацыяй – і за пятнаццаць гадоў аднавіў усе функцыі бязьлітаснай рэпрэсіўнай машыны. Больш таго: у структуры дзяржаўнага ўладкаваньня КГБ заняў тое месца, якое ня меў нават пры Сталіне. Дзякуючы намаганьням Андропава, КГБ было амаль ўроўненае з партыйным апаратам, і абраньне Андропава на пасаду так званага “другога” сакратара ЦК пасьля сьмерці Суслава ў студзені 1982 году толькі фармальна зафіксавала тое, што ўжо існавала.

У лістападзе 1982-га Андропаў заняў пасаду генэральнага сакратара ЦК КПСС замест памерлага Брэжнева. Застаецца фактам, што большасьць савецкіх людзей успрыняла прыход Андропава да ўлады, як знак нейкай надзеі. А вось як прыгадвае той год жонка акадэміка Сахарава, праваабаронца Алена Бонэр.

(Бонэр: ) “1982 год – адзін з найжудасьнейшых гадоў нашага жыцьця ў Горкім. Я яшчэ езьдзіла ў Маскву, мяне абшуквалі, ў Андрэя Дзьмітрыевіча скралі рукапісы, дзёньнікі. У мяне зь цела літаральна – я прывязвала ягоныя дакумэнты да сябе, калі езьдзіла ў Маскву, прыбінтоўвала, не ў валізцы, ня ў сумцы, а вось на сабе – зьдзіралі ўсё гэта… Вобыск у цягніку…. У мяне здарыўся інфаркт… Я ня ведаю пра “добрыя справы” Андропава!“

Зрэшты, акадэміка Сахарава, як і іншых праваабаронцаў, савецкі народ цэлымі працоўнымі калектывамі – асуджаў. І спадзяваўся, што Андропаў “навядзе парадак”. Што начальнікі – ад кіраўнікоў заводаў да міністраў – нарэшце сядуць. З начальнікаў селі адзінкі, затое тысячы з тых, хто спадзяваўся, хутка самі апынуліся ў міліцэйскіх пастарунках за тое, што ў працоўны час зьбеглі на піва ці па гарэлку. Дарэчы, таннасьць знакамітай “андропаўскай” гарэлкі тлумачылася простай і шкоднай тэхналёгіяй; піць яе сапраўды, памятаю, можна было толькі зь вельмі ўжо вялікай ахвоты.

Гарэлка была для “рабацягаў”, інтэлігенцыя ж спрабавала адшукаць у Андропаве рысы інтэлектуала; тады і пайшла пагалоска пра нібыта веданьне Андропавым “замежных моваў”.

(Бонэр: ) “Я была шакаваная, што людзі зь вялікім жыцьцёвым вопытам, і здавалася б, зь вельмі шырокай эрудыцыяй, – былі ў захапленьні і лічылі, што вось цяпер якраз усё і будзе добра. І пачыналася ўсялякае “сюсюканьне”: “Ах, ён захапляецца і калекцыянуе мастацкі авангард”, “Ах, ён ведае вершы і музыку” – і гэтак далей. І мне заўсёды хацелася крыкнуць: “Заткніцеся! Дзяўчаты, што працавалі ў канцылярыі, атрымоўвалі ад Гітлера кветкі, Гітлер разьбіраўся ў жывапісе… Як быццам гэта істотна!”

Сёньня відавочна, што ілюзіі, якія ўвасабляліся ў пэрсоне Андропава, паводле сваёй сутнасьці – “моцная рука”, “ачышчаны сацыялізм”, “вернасьць ленінскім прынцыпам” – былі вынікам таго тыпу мысьленьня, які абараняў Андропаў як кіраўнік КГБ.

(Бонэр: ) “Я не разумею апалягетыкі стукачаства ў Расеі з вуснаў прэзыдэнта. І мне здавалася, што ў постсавецкім грамадзтве, дзе кожны зь дзіцячага садку ведаў: “Вось ён стукач, даношчык – зь ім не размаўляй”… Спадар прэзыдэнт прамаўляе ў гонар стукача, і не знаходзіцца ніводнага, выбачайце, “уладарніка думак”, які б сказаў “Цыц! І нават калі ты стаў іншы, ўсё роўна – цыц! І не ўздумай так казаць пра гэтую прафэсію! Ну вось Дастаеўскі, які зусім без сымпатыяў ставіўся ўсіх гэтых сацыялістаў, левых і правых… Знакамітая гісторыя. Калі ў яго запыталіся: а ці мог бы ён, калі б ведаў пра змову, данесьці ў жандармэрыю, адказаў абсалютна канкрэтна – “Не!”.

Андропаў, бясспрэчна, спадзяваўся ўсталяваць “чэкісцкі парадак”. Гэта не магло не знайсьці спачуваньня ў грамадзтве, значная частка якога стала супрацоўнічала з ГБ. Алена Бонэр кажа пра расейскае грамадзтва, але шмат што тычыцца і сёньняшняй Беларусі. На чале якой, нагадаем, былы супрацоўнік памежных войскаў КГБ.

(Бонэр: ) “Наагул, часам вось ўзьнікае адчуваньне, а ці ўсё ў парадку ў грамадзтве, ва інтэлектуальнай сфэры? У тым пляне, што на чужых памылках ніхто ня вучыцца, але на сваіх – вучыліся. Быў Андропаў. Мы ня ведалі, што ён хворы, паміж іншым. Быў не стары, здавалася б, усё было “нармальна”. Спрабаваў “навесьці парадак”. Лепшай, чысьцейшай краіна не зрабілася! Цяпер паўтараем тое ж”.

Празь дзесяць гадоў пасьля сьмерці Андропава – ва ўжо незалежнай Беларусі – грамадзтва спакусіцца на абяцаньне менавіта такога, андропаўскага стылю, парадку. Нагуляўшыся ў псэўдадэмакратыю, сёньня прыйшла да гэтага і Расея.

Постсавецкая грамадзтва працягвае спадзявацца на парадак чэкісцкага тыпу”.

(Бонэр: ) “Я заўсёды прыгадваю, як я стаяла на плятформе чыгункі на станцыі Фіеза каля Флярэнцыі, і чакала прыгарадны цягнік, каб вярнуцца ў горад. Паводле раскладу ён павінен быў быць, а яго ўсё няма і няма. Я кажу чыгуначніку, які праходзіў міма: “Што ж так? Непарадак!”. А ён мне сказаў: “Парадак быў пры Мусаліні”. Дык вось мне заўсёды часам здаецца, што парадак у нас быў пры Сталіне, толькі хай кожны прыгадае, хто ў яго сядзеў і хто быў расстраляны ў той час”.
XS
SM
MD
LG