Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трынаццаты дзень галадуюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў В.Фралоў, У.Парфяновіч, С.Скрабец і шасьцёра актывістаў АГП і БНФ


Валер Каліноўскі, Менск Стан здароўя ўдзельнікаў акцыі пратэсту здавальняючы. Яны дзякуюць за грамадзкую падтрымку, але не паддаюцца на ўгаворы спыніць галадоўку.

Адзін з галадоўнікаў Уладзімер Чырвоненка, які зьяўляецца лекарам, найбольш пільна сочыць за станам калегаў, сам і з дапамогай іншых лекараў абсьледуе ўсіх галадоўнікаў. Спадар Чырвоненка кажа, што цяпер ён ня бачыць пагрозы для здароўя ўдзельнікаў акцыі, але патрэбна было бы зрабіць аналізы крыві:

(Чырвоненка: ) “Цяпер пачынаецца гэты пэрыяд, з-за якога галадоўка лічыцца небясьпечнай, калі кампэнсацыйныя магчымасьці арганізму сканчаюцца, і можа пачацца пэрыяд дэкампэнсацыі. Гэта вельмі сур’ёзна, і трэба вельмі дакладна адсочваць усё і ўсіх”.

Сёньня галадоўнікаў наведалі прадстаўнікі фонду “За новую Беларусь” Анатоль Паўлаў і Васіль Лявонаў. Апошні, выказваючы падтрымку, паспрабаваў і пераканаць удзельнікаў акцыі пратэсту спыніць галадоўку. Гаворыць Васіль Лявонаў:

(Лявонаў: ) “У мяне досьвед ёсьць, я лячыўся ня раз галаданьнем, два разы было па дваццаць два дні. Вось я ім расказаў пра свой досьвед, гэта па-першае, а па-другое, я ім сказаў, што пара заканчваць. Я іх прасіў заканчваць, бо ўлада ня вартая таго, каб людзі страцілі здароўе. Яны зрабілі добрую спарву, але павінны завершыць. Той, хто прымусіў іх галадаць, ён ня будзе сумаваць з-за таго, што хтосьці страціць здароўе. Яму гэта да лямпачкі”.

Генэрал Валеры Фралоў адказаў на гэта:

(Фралоў: ) “Лекары таксама казалі, што пара завяршаць, ужо два разы, але я свой арганізм крыху ведаю, думаю, што тут ужо залежыць, як тут публіка вырашыць. Справа ў тым, што я ўжо крыху несамастойны ў сваіх рашэньнях, ёсьць нашая каманда, якая тут галадае. Іх думка для мяне вельмі важная. Але шчыра кажучы, у мяне ёсьць адчуваньне, што я магу яшчэ дастаткова доўга пратрымацца, ня ведаю, наколькі доўга”.

Такой жа думкі трымаецца Ўладзімер Парфяновіч ды іншыя галадоўнікі. Спадар Фралоў ужо называе сваіх калегаў па акцыі пратэсту адзінай сям’ёй:

(Фралоў: ) “Сапраўды сям’я, мы ўжо дамовіліся, што калі гэта ўсё скончыцца, калі мы выйдзем з галадоўкі, тады мы сустрэнемся — ох і адзначым гэтую справу… У мяне цяпер сям’і няма, вось новая сям’я. Гэта мая хата, а вось новая сям’я. Прычым адразу вялікая. Жыве ў маёй хаце… Ну як, у нашай хаце. Тут ужо не разьбярэсься. Галоўнае, каб ноччу не наступіць на каго-небудзь”.

А Ўладзімер Парфяновіч паведаміў, што ягоны 18-гадовы сын Зьдзіслаў, які цяпер стажыруецца ў Францыі, сочыць за падзеямі ў Беларусі, вакол галадоўкі бацькі праз Радыё Свабода:

(Парфяновіч: ) “Я яму пераказваю прывітаньне — усё ў нас добра. Таму хай не хвалюецца. Я мару, што мы хутка сустрэнемся!”

Пра свой стан Уладзімер Парфяновіч сказаў:

(Парфяновіч: ) “Вага ляціць — душа мацнее”.

Ягоная калега па акцыі пратэсту Марына Багдановіч з АГП, за якую тут найбольш непакояцца, кажа, што і ў яе нібыта надышло другое дыханьне. Яна кажа, што гэта выклікана і шчырай падтрымкай калегаў па партыі:

(Багдановіч: ) “Кожны дзень бываюць тут і Анатоль Лябедзька, і нашыя дзяўчаты, як могуць памагаюць, найменшыя праблемы, усе мае сямейныя плацяжы, як за электрычнасьць, напрыклад, яны ўсё аплачваюць, тэлефануюць сыну, пытаюцца. Калі нейкія рэчы трэба перадаць, то яны маюць ключы ад маёй кватэры і езьдзяць туды, усё што трэба робяць”.

Марына Багдановіч кажа, што з пачатку акцыі пратэсту значна ўзрос прыём новых сябраў у АГП. Віктар Івашкевіч з БНФ таксама зазначае, што апошнім часам зьяўляецца болей валанцёраў для ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі фронту. Віктар таксама ўдзячны за моцную падтрымку сябраў БНФ.

(Івашкевіч: ) “Сёньня паседжаньне Ўправы БНФ праходзіць у суседнім двары гэтага дому. Гэта ў сувязі з тым, што я як сакратар Управы тут удзельнічаю ў галадоўцы, то вось перанесьлі паседжаньне Ўправы па месцы галадоўкі. Гэта як такі крок, дэманструючы і падтрымку і тое, што я застаюся рэальным функцыянэрам партыі, і галадоўка ніяк не перашкаджае”.

Віктар Івашкевіч лічыць, што галадоўка апазыцыянэраў паспрыяла лепшаму стаўленьню да іх у грамадзтве.

Родныя з разуменьнем ставяцца да гэтай акцыі, кажуць удзельнікі галадоўкі. Пра рэакцыю сваіх бацькоў гаворыць Уладзімер Чырвоненка:

(Чырвоненка: ) “Бацька разумее гэта ўсё, разумее, што трэба чымсьці ахвяраваць, маці таксама спрабуе зразумець, але яна вельмі эмацыйная асоба, ёй вельмі цяжка гэта ўсё прыняць сэрцам, можа, розумам яна прымае, а сэрцам — не. Вельмі хоча прыехаць да мяне, але я ёй забараніў, таму што я не хачу, каб яна засмучалася”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG