Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Быкаў мог стаць вялікім мастаком, але невыпадкова стаў вялікім пісьменьнікам


Валянціна Аксак, Менск У сучасным выяўленчым нацыянальным мастацтве шмат хто з творцаў заявіў пра сябе адметнымі літаратурнымі здольнасьцямі. Друкуюць свае вершы, імпрэсіі, зацемкі жывапісец Аляксей Марачкін і скульптар Алесь Шатэрнік, графік Рыгор Сітніца і фотамастак Георгі Ліхтаровіч. Прафэсійнымі літаратарамі сталі, атрымаўшы дыплёмы мастакоў, Адам Глёбус і Ўладзімер Сьцяпан.

А вось пісьменьнікаў, якія замест звыклае асадкі бяруць у рукі аловак ці ад кампутара адыходзяцца да мальбэрта, мы ведаем значна менш. Хіба толькі рукапісы Ўладзімера Караткевіча шчодра ўсыпаныя іранічнымі, а то й саркастычнымі аўтабіяграфічнымі малюнкамі. Адносна нядаўна стала вядома, што ўсё жыцьцё не пакідаў свайго юначага захапленьня і Васіль Быкаў. Пра малюнкі Васіля Быкава ў нашай менскай студыі гавораць мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі і аўтар кніг, у якіх гэтыя малюнкі ўпершыню былі надрукаваныя, паэт Рыгор Барадулін.

(Валянціна Аксак: ) “Маё першае пытаньне да нашага госьця народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Спадар Барадулін, пра тое, што Васіль Быкаў малюе, чытачы даведаліся з вашае кнігі “Лісты ў Хэльсынкі”, якая выйшла ў 2000 годзе. А калі вы ўпершыню пабачылі малюнкі свайго вушацкага сябра?”

(Рыгор Барадулін: ) “Самае цікавае, што я пачуў, што Быкаў малюе, яшчэ ў школе. Таму што ў нас на кватэры жыла Марыя Быкава, якраз цёзка па прозьвішчы, з Бычкоў і яна хвалілася, што ў школе Васіль Быкаў намаляваў ейны партрэт. Пасьля ўжо я ўбачыў малюнкі Васіля Быкава, калі пабываў у яго дома. І я заўсёды даваў яму блякнот, калі была такая магчымасьць, каб ён мне нешта накідаў, і ён ахвотна гэта рабіў. Накіды ягоных малюнкаў былі як працяг пісьма”.

(Аксак: ) “Значыць, колькі вы ведаеце Васіля Быкава, столькі ведаеце яго малюнкі?”

(Барадулін: ) “У мяне многа штрыхавых малюнкаў, так званае графікі, але ў мяне на сьцяне вісіць і велізарная карціна Быкава: сподак, на сподку стаіць кубак і гарлачык, ляжыць два яблыкі, а ў гарлачыку сланечнік расьцьвіў… Фарбы на карцінах Васіля стрыманыя паўночна-вушацкія, нязыркія, ну а штрых ягоны — ён такі ашчадны, скупы”.

(Аксак: ) “А калі ўпершыню малюнкі Васіля Быкава пабачылі прафэсіяналы-мастацтвазнаўцы? Гэтае пытаньне я адрасую яшчэ аднаму нашаму госьцю — мастацтвазнаўцу Пётру Васілеўскаму”.

(Пётра Васілеўскі: ) “Я мяркую, што яны іх і ня бачылі. Можа, я і памыляюся, але ў мяне такое ўражаньне, што прафэсійныя мастацтвазнаўцы Быкавым як мастаком ніколі не цікавіліся. На тое ёсьць шэраг прычын. Першая ў тым, што сам Васіль Уладзімеравіч ня надта гаварыў пра сваю творчасьць. Па-другое, мастацтвазнаўцы працуюць у межах свайго цэху: калі штосьці не зьявілася на выставе, ці калі пра яго ня пішуць у спэцыяльным друку, то яго як бы і не існуе. А мне падаецца, што сам Васіль Уладзімеравіч, мяркуючы па тых малюнках, якія я бачыў, сумаваў па тым, што ён не мастак. Ведаеце, сапраўды, гэта такое пачуцьцё, калі чалавек узяў у рукі аловак ці пэндзаль, і ў яго нешта атрымалася… Гэта, як наркотык, цягне. Але, відаць літаратурная творчасьць настолькі моцна трымала яго, трымала цалкам падпарадкуючы сабе, што ён проста ня мог дазволіць сабе займацца яшчэ чымсьці іншым прафэсійна і глыбока. Таму тое, што мы сёньня маем, што ведаем, — гэта як адмысловыя дзёньнікавыя запісы малюнкамі…”

(Аксак: ) “У прадмове да згаданае кнігі “Лісты ў Хэльсынкі” Васіль Быкаў пісаў пра сваё бачаньне прапанаванага варыянту кнігі: “Атрымалася ня дужа гарманічна і стылёва (можа, нават дысгарманічна), але часам і ў дысгармоніі ёсьць свой лад і прывабнасьць. Зрэшты, пра тое ўжо меркаваць не аўтарам…” Спадар Барадулін, а наколькі сур’ёзна наогул ставіўся сам Васіль Быкаў да сваіх графічных твораў?”

(Барадулін: ) “Быкаў ня мог спакойна бачыць чысты ліст паперы: калі ён не пісаў, то ён маляваў. Патрэба душы была”.

(Аксак: ) “Адбывалася перацяканьне аднаго віду творчасьці ў другі?”

(Барадулін: ) “Яны спалучаныя былі”.

(Васілеўскі: ) “Калі чалавек таленавіты, ён таленавіты ва ўсім. Вось малюнкі Пушкіна ці Лермантава — гэта творы мастацтва. І ніводны мастак не праілюстраваў Пушкіна лепей, чым сам Пушкін. Выданьні Пушкіна, аздобленыя ягонымі малюнкамі, гэта аўтэнтыка, якая ўражвае. Выдатным малявальшчыкам быў Андэрсан, ягоныя малюнкі — адбітак ягонага тэмпэрамэнту, ягонага разуменьня сьвету. Быў, я лічу геніяльным графікам Эйзэнштэйн. Жывапіс і графіка не былі ягоным прызваньнем, бо ён мысьліў кадрам, мысьліў камэрай. Але калі я гартаю ягоныя мэксыканскія малюнкі, я думаю, што гэта ўзровень Сікейраса па напружанасьці, узровень Пікаса, хаця для яго гэта было нешта такое дадатковае да асноўнае творчасьці”.

(Барадулін: ) “Вельмі цікава тое, што Быкаў увесь час маляваў родныя мясьціны. У думках ён заўсёды быў там, дзе ён пачынаў творчы шлях мастака. Я нядаўна, дарэчы, малюнак могільніку ў Бычках. Я памятаю, як мы езьдзілі туды і ён на хаду зрабіў гэты накід, а настолькі настрой там непаўторны…”

(Аксак: ) “Спадар Барадулін, кажуць, што ў архіве творчае спадчыны Быкава засталося некалькі дзясяткаў альбомаў малюнкаў. Ці праўда гэта?”

(Барадулін: ) “Наколькі я ведаю, так”.

(Аксак: ) “Тут паўстае праблема выданьня гэтых малюнкаў. Пакуль што мы маем дзьве кнігі — “Лісты ў Хэльсынкі” і “Калі рукаюцца душы…”, у якіх малюнкі пісьменьніка зьявіліся. Днямі на прэзэнтацыі расейскамоўнае кнігі выбраных твораў Васіля Быкава, якая выйшла ў маскоўскім выдавецтве “Марцін”, кнігавыдавец Уладзімер Сіўчыкаў сказаў, што прапанаваў у гэтым томе зьмясьціць колькі дзясяткаў малюнкаў аўтара, аднак ягоныя расейскія калегі гэтую ідэю адкінулі. Маўляў, у кнізе прозы яны будуць неарганічныя. Што скажа на гэты конт аўтар сумеснай з Быкавым празаічна-паэтычнай кнігі “Калі рукаюцца душы”, якая аздобленая малюнкамі аднаго зь іх?”

(Барадулін: ) “Гэта ў іх стандартнае, звыклае мысьленьне, таму што наадварот, малюнкі Быкава падсьвяжылі б, паглыбілі б прачытаньне твораў ягоных. Таму што гэта працяг, толькі другім сродкам думкі аўтара. І я лічу, што няправільна яны зрабілі, трэба друкаваць. Канечне, прыйдзе час, калі выдадуць альбомы малюнкаў Быкава і ўсе ўбачаць, які ён сапраўды мастак…”

(Аксак: ) “А з гледзішча мастацтвазнаўцы наколькі слушнае такое меркаваньне кнігавыдаўцоў? Чаго бы вы ім пажадалі пры падрыхтоўцы наступных кнігаў?”

(Васілеўскі: ) “Сытуацыя, пра якую мы гаворым, гэта праява звычайнай ляноты. Я мяркую, што людзям так прасьцей: рабіць па пэўным стандарце, пэўным фармаце. Тым больш, можа паперу мелі ня тую ці яшчэ штосьці. Сёньня тэхнічна гэта не праблема: надрукаваць можна ўсё. Але выдавец, паколькі ён зарыентаваны на прыбытак, ён ня хоча сабе дадатковых клопатаў. А малюнкі — гэта ўжо іншы макет, іншыя патрабаваньні да якасьці друку, таму я мяркую, што тут проста звычайная лянота і нежаданьне рызыкаваць. Тым больш у Маскве.

Масква да Быкава ставіцца досыць спэцыфічна, як мне падаецца. З аднаго боку, яны прызнаюць яго за вялікага творцу, а з другога, улічваючы няпростыя дачыненьні нашых краінаў, — занадта высока падымаць што-небудзь беларускае Маскве нецікава. Можа ўзьнікнуць пытаньне: чаму Быкаў маляваў, а нейкі расейскі пісьменьнік ягонага ўзроўню гэтага не рабіў… Выпаданьне з сыстэмы. Але ў пэрспэктыве ўсё, што зрабіў Быкаў, усё, што сказаў, усё, што намаляваў, мусіць належаць беларускай нацыі і мусіць быць аднойчы да нацыі даведзена. Я, скажам, маю гонар мець у сваім прыватным архіве некалькі малюнкаў Уладзімера Караткевіча… Я спадзяюся, іх таксама калі-небудзь пабачыць чытач і глядач”.

(Аксак: ) “15-гадовым вясковым падлеткам, які нідзе да гэтага не вучыўся маляваць, Васіль Быкаў паступіў у славутую Віцебскую мастацкую вучэльню, аднак з-за таго, што былі адмененыя стыпэндыі для навучэнцаў, ня скончыў яе, пра што напісаў у кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”. А як вы думаеце, калі б лёс распарадзіўся іначай і Васіль Быкаў стаў мастаком — ці прынёс бы ён гэтым сваім талентам такую славу сабе і радзіме, як талентам пісьменьніка? Пытаньне да абодвух”.

(Васілеўскі: ) “Я абсалютна ўпэўнены, што так бы яно і было. Гэта быў бы вялікі мастак, клясы Арлена Кашкурэвіча, калі ўжо паралель нейкую праводзіць. Гэта чалавек, які здолеў бы вельмі высока падняцца ў нашым мастацтве і стаць усясьветнай асобай”.

(Барадулін: ) “Так Бог распарадзіўся, што Быкаў павінен быў падняць літаратуру. Мастацтва другім належала, а літаратура была даведзеная да прымітывізму Савецкім Саюзам”.

(Васілеўскі: ) “Выяўленчае мастацтва, яно ў большай ступені, чым літаратура, касмапалітычнае па сваёй сутнасьці. А літаратурны твор заўжды мае базай нацыянальную мову. Быкаў па-за беларускай мовай проста не існуе. Па-за беларускай мэнтальнасьцю. А самая вышэйшая праява мэнтальнасьці менавіта ў мове. Мабыць, таму невыпадкова ён стаў менавіта пісьменьнікам, а не мастаком”.

(Барадулін: ) “Пад пагрозай была і мова і літаратура, і Васіль павінен быў іх узьняць…”
XS
SM
MD
LG