Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарадзкі суд пакінуў Міхаіла Марыніча за кратамі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Суд не пагадзіўся са скаргай на незаконнае ўтрыманьне яго ў сьледчым ізалятары КГБ.

Барысаўчанка Сьвятлана Данілава была расчараваная сёньняшнім рашэньнем Менскага гарадзкога суду і надалей пакінуць Міхаіла Марыніча за кратамі. Пэнсіянэрка адмыслова прыяжджала на суд, каб падтрымаць Марыніча, з асобай якога зьвязвае спадзяваньні на зьмены ў краіне. Паводле Сьвятланы Данілавай, утрыманьне Марыніча за кратамі тлумачыцца выключна палітычнымі прычынамі:

(Данілава: ) “Пакуль у нас пераменаў ня будзе ва ўладзе, пакуль не адправяць ў адстаўку гэтага Лукашэнку, нічога ня зьменіцца. Народ увесь запалоханы”.

Адвакат Вера Страмкоўская зьвярнула ўвагу на юрыдычныя акалічнасьці, якія мусілі ўлічыць судзьдзі падчас разгляду яе скаргі на незаконнае ўтрыманьне Міхаіла Марыніча. Адвакат спасылалася на Крымінальны кодэкс, паводле якога ўтрыманьне Марыніча за кратамі не адпавядае цяжкасьці выстаўленага яму абвінавачаньня. Вера Страмкоўская ўказвала таксама на працэсуальныя парушэньні з боку сьледчых і пракурора Анатоля Ліска. Прэтэнзіі да пракурора ў адваката Страмкоўскай засталіся:

(Страмкоўская: ) “Я буду заяўляць адвод пракурору Ліску. Бо гэта назіральны пракурор, ён мусіў назіраць за захаваньнем закону, а замест гэтага я бачу дзеяньні, якія, на маю думку, не адпавядаюць закону”.

Цяпер, калі і гарадзкі суд пагадзіўся з утрыманьнем Міхаіла Марыніча пад вартай, Вера Страмкоўская зьбіраецца абскардзіць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе.

Міхаіл Марыніч утрымлівацца ў сьледчым ізалятары КГБ з 26 красавіка. Былога міністра і амбасадара абвінавачваюць у незаконных дзеяньнях са зброяй, аднак, паводле ягоных адвакатаў, ужо тры тыдні ніякіх сьледчых дзеяньняў зь ім не вядзецца.

Тым часам працягваецца грамадзкая кампанія за вызваленьне Міхаіла Марыніча. 15 чэрвеня зварот з заклікам вызваліць Марыніча атрымаў менскі абласны пракурор Міхаіл Сьнягір. За былога міністра заступаюцца акадэмік Радзім Гарэцкі, палітык Мікола Статкевіч, паэт Анатоль Вярцінскі, рэжысэр Валер Мазынскі ды іншыя. Усяго пад зваротам 21 подпіс дзеячоў культуры і вядомых палітыкаў. Вызваленьне Марыніча ёсьць і адным з патрабаваньняў удзельнікаў галадоўкі, якую трымаюць трое дэпутатаў і шэраг іншых апазыцыйных палітыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG