Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

15 чэрвеня – параза Зыгмунта Мінейкі (1863), будаўніцтва менскага мэтро (1977), палёт Кавалёнка (1978)


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 15 чэрвеня.

15 чэрвеня ў Беларусі афіцыйна адзначаўся Дзень мэдычнага работніка. Гэта яшчэ савецкае сьвята, якое з колішніх календараў аўтаматычна перайшло ў дзяржаўныя календары краінаў СНД.

А зараз – да падзеяў гісторыі. 15 чэрвеня ў 1863 годзе ў Ашмянскім павеце расейскія войскі разьбілі атрад паўстанчага камандзіра Зыгмунта Мінейкі. Сам Мінейка быў схоплены і засуджаны на 12 гадоў сыбірскае катаргі, але ўцёк за мяжу і празь нейкі час узяў удзел у вайне Грэцыі з Турцыяй за востраў Крыт, за што атрымаў званьне ганаровага грамадзяніна Грэцыі.

15 чэрвеня ў 1977-м годзе пачалося будаўніцтва Менскага мэтрапалітэну. А праз год 15 чэрвеня другі раз паляцеў у космас беларус Ўладзімер Кавалёнак. Усяго Кавалёнак пабываў на арбіце тройчы.

Сёньня спаўняецца 5 гадоў беларускаму праваабарончаму цэнтру “Вясна”, які быў зачынены ўладамі, але не спыніў сваёй дзейнасьці.

Яшчэ 15 чэрвеня – дзень нараджэньня беларускага пісьменьніка Вінцэся Каратынскага, ён прыйшоў на сьвет у 1831 годзе; нарвэскага кампазытара Эдварда Грыга, які нарадзіўся ў 1843-м і беларускага літаратара і дасьледчыка, аднаго з найбуйнейшых эміграцыйных пісьменьнікаў Юркі Віцьбіча.

Таксама сёньня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэньня Юрыя Андропава, шэфа савецкага КГБ і кіраўніка СССР. Апроч іншага, Аднропаў вядомы сваім імкненьнем усяляк абмежаваць свабоду краінаў так званага сацыялістычнага лягеру. Гэта ён у 1968 годзе паўплываў на тое, каб савецкія войскі былі ўведзеныя ў Чэхаславаччыну, а ў 1979-м – падтрымаў савецкае ўварваньне ў Афганістан. У 1980-м годзе Андропаў настойваў на правядзеньні вайсковай акцыі супраць Польшчы.

І – адна адметная дата зь гісторыі Менску. 15 чэрвеня 1899 году жыхары Ляхаўскай вуліцы (цяпер вуліца Кастрычніцкая) зьвярнуліся ў Менскую гарадзкую ўправу з просьбай «для ўвекавечаньня памяці А.С. Пушкіна і з нагоды сьвяткаваньня стогадовага юбілею з дня яго нараджэньня вуліцу Ляхаўскую, якая вядзе ад Магазіннай вуліцы (цяпер вуліца Кірава) да моста праз раку Сьвіслач перайменаваць у Пушкінскую». Гарадзкая ўправа, а таксама гарадзкая дума пастанавілі задаволіць просьбу жыхароў вуліцы і «падаць аб гэтым адпаведнае хадайніцтва менскаму губэрнатару». Але апошні «без тлумачэньня прычын» наклаў на пастанову гарадзкіх улад рэзалюцыю: «…не знаходжу магчымым задаволіць хадайніцтва Менскай гарадзкой думы аб перайменаваньні вуліцы Ляхаўскай… у Пушкінскую». Ушанаваньне ў Менску расейскага паэта адбудзецца ўжо за савецкім часам. Прычым атрымае Пушкін ня вуліцу, а цэлы праспэкт.
XS
SM
MD
LG