Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядзелю ў Польшчы і іншых краінах Эўразьвязу адбыліся выбары ў Эўрапарлямэнт


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Нізкая выбарчая актыўнасьць і параза кіруючых партыяў – гэтыя дзьве рысы, характэрныя амаль для ўсіх 18 краінаў, дзе ў мінулыя выходныя прайшлі выбары ў Эўрапейскі парлямэнт, мелі месца і ў Польшчы. Адметна, што калі ў сярэднім у Польшчы прагаласавалі 20% грамадзянаў, то на тэрыторыях, дзе жывуць беларусы – усяго каля 7%.

У часе, калі сымфанічны аркестар на Замкавым пляцы ў Варшаве граў слынную 9-ую сымфонію Бэтховэна, частка якой стала гімнам Эўрапейскага Зьвязу, палітыкі ва ўсёй Польшчы напружана чакалі на першыя вынікі першых у гісторыі краіны выбараў у Эўрапейскі парлямэнт.

Як аказалася, больш за ўсіх нагодаў да радасьці мелі лібэралы з апазыцыйнай партыі “Грамадзянская плятформа”, за якую, паводле папярэдніх дадзеных, прагаласавалі 28% палякаў.

(Ян Ракіта: ) “Тыя, хто прагаласаваў за “Грамадзянскую плятформу” хочуць пераменаў і стаміліся ад посткамуністаў”, – заявіў адзін зь лідэраў “Плятформы” Ян Ракіта.

Дарэчы, за кіруючых цяпер у Польшчы левых прагаласаваў толькі кожны дзясяты паляк.

Пэўнай нечаканасьцю было трэцяе месца “Самааабароны” – папулісцкай партыі Анджэя Лепэра, якога яшчэ часам завуць “польскім Лукашэнкам”. Меркавалася, што гэтая парыя атрымае больш галасоў.

(Казімер Кук: ) “Электарат “Самаабароны” – гэта ў асноўным малаадукаваная частка насельніцтва. Гэтыя людзі няшмат ведаюць пра ролю Эўрапейскага парлямэнту, таму яны ўвогуле не пайшлі на выбары”, – лічыць прафэсар Казімер Кук.

Адметна, што ў некаторых паветах Беласточчыны дзе жывуць беларусы, напрыклад у Гайнаўскім, прагаласавалі ўсяго 7-8% выбаршчыкаў. Чаму? Адказвае старшыня Беларускага Зьвязу ў Польшчы Яўген Вапа.

(Вапа: ) “Ну гэта проста насьцярожанасьць і недавер. Таксама, як было і ў часе рэфэрэндуму. Нашыя людзі мяркуюць, што нічога няма задарма, калі нешта абяцаюць, то нешта ад цябе і хочуць. Не давяраюць пакуль яшчэ. Гэта такая вялікая беларуская насьцярожанасьць”.

Увогуле, на пытаньне, чаму ў выбарах узялі ўдзел усяго 20% грамадзянаў, якія маюць права голасу, ёсьць два адказы. Па-першае, у мінулы чацьвер у Польчшы было рэлігійнае сьвята, якое мае статус дзяржаўнага, таму шмат хто выехаў на чатырохдзённы адпачынак і вярнуўся дахаты толькі ў нядзелю ўвечары. Па-другое, выбары ў Эўрапейскі парлямэнт адбываюцца ў Польшчы ўпершыню, сама краіна ў Эўразьвязе толькі 6 тыдняў, таму выбаршчыкі пакуль не адчулі, як рашэньні Эўрапарлямэнту будуць уплываць на іхнае штодзённае жыцьцё і не палічылі іх дастаткова важнымі.

Варта адзначыць, што Польшча мае ў Эўрапейскім парлямэнце 54 месцы, гэта столькі ж колькі мае Гішпанія, і ўдвая болей, чым, да прыкладу, Галяндыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG