Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Washington Post”: “Тэрарыстычныя сувязі Беларусі”


Ганна Соусь, Прага “Адміністрацыя Джорджа Буша павінна сфармуляваць зразумелую і незалежную палітыку ў дачыненьні да Беларусі ня толькі таму, што гэтая краіна можа прадстаўляць прытулак сябрам рэжыму Хусэйна, але й таму, што яна працягвае актыўна падтрымліваць дзяржавы – спонсары глябальнага тэрарызму, зьяўляючыся дэстабілізацыйнай сілай ў Эўропе” – гэтак піша амэрыканская газэта “Washington Post”.

Аўтары артыкулу ў “Washington Post” – былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі й міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў і былы валанцёр “Корпусу міру” і стыпэндыят дасьледчай праграмы “Фулбрайт” ва Ўсходняй Эўропе Марк Лэнзі.

Яны згадваюць, як год таму амэрыканскія чыноўнікі былі заклапочаныя тым, што ў арыштаванага бліжэйшага памочніка Садама Хусэйна Абіда Хаміда Махмуда Цікрыці знайшлі беларускія пашпарты на яго імя ды на іншых высокапастаўленых урадоўцаў Хусэйна, уключна з двума сынамі Хусэйна. І праз год заклапочанасьць Вашынгтону зразумелая з той прычыны, што некаторыя з паплечнікаў Хусэйна маглі зьбегчы праз Сырыю ў Беларусь – “эўрапейскую парыю”, піша “Washington Post”.

Аўтары артыкулу адзначаюць, што напярэдадні вайны ў Іраку Вашынгтон ігнараваў сыгналы, якія дакладна ўказвалі на тое, што Беларусь была ня толькі адным з самых актыўных хаўрусьнікаў Іраку ў Эўропе, але і хацела даваць прытулак памагатым Хусэйна. “Беларусь, магчыма, была адзінай краінай, дзе паслугачам Хусэйна гарантавалі б бясьпеку з санкцыі беларускага ўраду”, – піша “Washington Post”.

“Беларусь – гэта апошняя сталінская дзяржава Эўропы, якой кіруе няўстойлівы лідэр, што быў сярод самых блізкіх хаўрусьнікаў Хусэйна. Гэта таксама краіна, якая паводле ААН была верагодна найгоршым парушальнікам санкцыяў ААН супраць Іраку, бо таемным чынам дапамагала Хусэйну ў справе разьвіцьця балістычных ракетаў і забясьпечвала Багдад перадавымі сродкамі супрацьпаветранай абароны й праводзіла навучаньне” – пішуць аўтары.

Андрэй Саньнікаў і Марк Лэнзі згадваюць, што міністар абароны ЗША Доналд Рамсфэлд праз год пасьля 11 верасьня 2001 году назваў Беларусь краінай, якая найбольш верагодна можа даць прытулак Хусэйну, калі той зьбяжыць з Іраку. Аўтары артыкулу ў “Washington Post” адзначаюць, што ў той жа час, як гэтыя інфармацыя ў значнай ступені ігнараваліся сродкамі масавай інфармацыі і верагодна былі забытыя Рамсфэлдам, Беларусь фактычна павялічыла супрацоўніцва й дапамогу ірацкаму рэжыму. І тут згадваецца заплянаваны летась у сакавіку візыт сына Хусэйна Удэя і Беларусь, а таксама наведваньне Беларусі мэрам Іраку за два тыдні да пачатку ваенных дзеяньняў.

У артыкуле гаворыцца пра тое, што Беларусь прадавала зброю шасьці зь сямі краінаў – спонсараў тэрарызму паводле сьпісу Дзярждэпартамэнту ЗША. Пры гэтым афіцыйны Менск нават не хавае, што аказвае вайсковую дапамогу Сырыі і будзе рабіць гэта надалей.

Ёсьць зьвесткі, што Беларусь прадстаўляе прытулак міжнародным злачынцам і забойцам. За апошнія восем гадоў дзьве амэрыканскія адміністрацыі спрабавалі зьмяніць сытуацыю ў Беларусі. Расея, якая мае пэўныя рычагі ўплыву на Лукашэнку, таксама не выкарыстала іх. У выніку рэжым Беларусі стаў больш ваяўнічым і ўсё больш дыктатарскім, і цяпер адкрыта забясьпечвае эканамічную і вайсковую дапамогу дзяржавам – спонсарам тэрарызму, піша “Washington Post”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG