Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым пахне Беларусь? – ад віленскіх успамінаў Чэслава Мілаша да пахаў менскага фаст-фуду


Сьвятлана Курс, Менск Навукоўцы з Чыкаскага і Оксфардзкага ўнівэрсытэтаў зазначаюць, што сэнсорныя адхіленьні сталі праблемай сучаснага грамадзтва. Чалавек адышоў ад актыўнага жыцьця па-за домам, 90 % свайго часу праводзіць у памяшканьні за тэлевізарам і кампутарам, 70-80 % інфармацыі засвойвае пры дапамозе зроку й слыху, а нюх і сэнсорыка застаюцца незапатрабаванымі. Навукоўцы цьвердзяць, што зьбедненая пахавая гама сучасных гарадоў здольная выклікаць складаныя псыхічныя разлады. Заходнія грамадзтвы перайшлі да штучнай араматызацыі свайго жыцьця. А чым беларусам пахне Беларусь?

(Карэспандэнтка: ) “Ах, як пахне на вуліцы Ракаўскай у Менску. Тут разьмешчаны адзін з найлепшых хлебазаводаў. У краме “Гарачы хлеб” пахне гарачым хлебам, у мяса-малочнай краме, што за рагом, пахне мёртвай каровай, а вось у той краме, дзе гандлююць гароднінай, пах гнільля трымаецца ўжо трыццаць гадоў. Усё разам складае пах Айчыны”.

(Мужчына: ) “Тут пахне хлебам. Там пахне вадой, я так разумею, ад рэчкі. Вунь там далей – хлёркаю”.

(Маладая спадарыня: ) “Пах хлеба. Вельмі падабаецца гэты пах і яшчэ пах цьвітучых садоў. І ненавіджу пах выхлапных газаў”.

(Пажылая спадарыня: ) “Пах ліпы, пах булак, усё хлебнае люблю”.

(Карэспандэнтка: ) “Чым Вам пахне, дзеці?”

(Дзеці:) “Хлебам”. “І булачкамі”. “Тыграмі, сланамі й малпамі”. “Зорачкамі!” “Акулаю пахне. І курткай!”

(Карэспандэнтка: ) “І курткай тваёй?”

(Дзіця: ) “Ага!”

Адным словам, гэтыя 4-5-гадовыя дзеці адчуваюць пакуль толькі пах свайго шчасьця: булачкі й заапарк.

Гаворыць соцыяпсыхоляг Павал Урбановіч.

(Урбановіч: ) “Ёсьць такі псыхалягічны мэханізм – якар. Працуе наступным чынам: я рыхтуюся да іспытаў, а за маім акном квітнее бэз. Кожнага разу потым, калі я буду адчуваць пах бэзу, я буду вяртацца ў той эмацыйны стан, у якім быў падчас падрыхтоўкі да іспытаў. Зразумела, што ў дзяцінстве раздражняльнікаў мала, яны вельмі яркія, добра запамінаюцца. Дапусьцім, мы з маленства жывем у вёсцы, удыхаем пах травы, сена, каровак. Потым пераяжджаем у горад, дзе ўвогуле няма такіх якараў. Мы ня ведаем, як сябе паводзіць у тым ці іншым асяродку. Трэба ствараць новыя якары, а гэта вельмі цяжка”.

Былы вясковец адаптуецца ў горадзе, гэта зьвязана з псыхалягічнымі, сацыяльнымі, эканамічнымі праблемамі. Пах гораду ў яго асацыюецца з напружаным рытмам жыцьця.

Гаворыць менская першакурсьніца Надзея.

(Надзея: ) “Сонца горача прыпякае, і тады пачынае пахнуць асфальтам. Гэта мой самы нелюбімы пах. А самы любімы – зь дзяцінства, зь вёскі, вечарам бабуля доіць карову, і плыве пах сырадою”.

Гаворыць Глеб Лабадзенка, 17-гадовы паэт са Случчыны.

(Лабадзенка: ) “Калі едзеш з маёй вёскі ў Слуцак, там стабільна пахне гноем, лесам, сырадоем”.

А вось чым, на думку спадара Лабадзенкі, пахне горад.

(Лабадзенка: ) “Пахне аркамі й ліхтарамі, кветкамі, якія, на жаль, прадаюць бабкі ў мэтро, электрычкамі, цягнікамі, фаст-фудам, гарачым асфальтам, а ў тралейбусе на прыступцы я нюхаю дзявочыя валасы. Яны пахнуць класна”.

Нобэлеўскі ляўрэат Чэслаў Мілаш згадвае сваё беларускае дзяцінства пачатку 20 ст.: “Я жыў у брудзе й смуродзе, не адчуваючы гэтага. І прытым належаў да найвышэйшае грамадзкае клясы… Я памятаю гэтыя горы сьмецьця й адкідаў у Вільні эпохі рамантызму. Цяпер я не магу ўявіць сабе раніцы бяз душу, але змушаны пакорліва прызнацца, што я – той самы чалавек, які мыўся раз на тыдзень у адной з гарадзкіх лазьняў і ўспрымаў гэта як норму”.

Ладная частка беларусаў і цяпер ня мае заўсёднага доступу да гарачай вады: у вёсках няма сучасных ванных і прыбіральняў, у мястэчках вада падаецца зь перабоямі, нават у сталіцы яе ўлетку адключаюць на 2-3 тыдні. Бальшыня насельніцтва, паводле апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-палітычных і эканамічных дасьледаваньняў, штогод зьмяншае выдаткі на мыйныя сродкі й парфуму. Названыя чыньнікі таксама фармуюць агульны водар Беларусі.

Рэдактар часопісу “Студэнцкая думка” Сяргей Сахараў разважае пра нелюбімы й любімы пахі.

(Сахараў: ) “Ну, хутчэй самы нелюбімы – пах чалавечага бруду. Не вясковага. Таму што вясковы бруд, ён такі больш рамантычны, менш ліпкі. А ўлюбёны пах – пах любімых людзей”.

Герой культавага раману Патрыка Зюскінда “Парфумэр” Жан-Батыст Грэнуй сынтэзаваў пах каханьня й гэтым заваяваў сьвет. Зюскіндавы фантазіі падмацавалі навукоўцы з Інстытуту марфалёгіі чалавека Расейскай акадэміі мэдычных навук. Яны ўстанавілі: кожны чалавек мае адмысловы рэцэптар, які ловіць унікальныя пахі іншых людзей. Пах у значнай ступені вызначае, хто стане ворагам, хто сябрам, а хто каханым.

Гаворыць Павал Урбановіч.

(Урбановіч: ) “Эмпірычна гэта ўсё выглядае менавіта так. Ёсьць ён і яна. Абое добрыя й прыгожыя. Калі яны нават і жывуць адной сям’ёй, дык у той сям’і заўсёды вайна ідзе. Прычына – пахавыя асаблівасьці аднаго зь іх. Сьвядома мы гэтага не разумеем”.

І наадварот: прыемны пах прыцягвае людзей супрацьлеглага полу, прымушае зьмяняць паводзіны і эмацыйную ацэнку сытуацыі.

(Урбановіч: ) “Гэта ўсё працуе, прычым падсьвядома. Вельмі проста маніпуляваць. Што жанчыны й робяць у адносінах да мужчынаў. Нейкі добры парфум – і мужчына ідзе на задніх лапках. Мужчыны горш разумеюць, што ім кажа падсьвядомасьць”.

Віктар, прадпрымальнік з аўтакірмашу, увесь час чуе пах грошай і дажджу.

(Віктар: ) “На працы пахне грошыкамі для мяне. Альбо вунь садам пахне, дажджом і мёртвымі дажджавымі чарвякамі”.

Італьянскі пісьменьнік-сацыяліст Джані Радары, аўтар казкі пра пахучую цыбулінку Чыпаліна, у мінулым стагодзьдзі пісаў:

У кожнай прафэсіі пах свой адметны: З кухні гарачай нясе апраметнай, Дзядзька кіроўца пахне бэнзінам, А рабацяга – алеем машынным, Рыбаю й возерам пахне рыбак, Толькі лайдак патыхае ня так. Як ні парфумся, багаты лайдача, А усё роўна ты пахнеш лядача!

Як бачым, пах мае нават сацыяльныя характарыстыкі. Можа, таму пахавая гама бедных краін так адрозьніваецца ад гамы краін багатых. Багатыя людзі маюць час і грошы, каб клапаціцца пра свой нос. Усходнія пахошчы, араматычныя букеты даўно сталі абавязковым атрыбутам фірмаў, крамак, прыватных дамоў. Адзін з кірункаў разьвіцьця сучаснае цывілізацыі – жыць гуляючы, жыць радасна. Прыгожыя інтэр’еры, смачныя пахі – эстэтычнае пераасэнсаваньне жыцьцёвае прасторы цяпер цалкам дасягальнае для шараговага жыхара эўрапейскай цывілізацыі. Да якое належыць і Беларусь.
XS
SM
MD
LG